Рейтинговые книги
Читем онлайн 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 81

Твар старога раптам прасвятлiўся.

- Цылiндры! - паўтарыў ён. - Дзiўна, што вы згадалi пра гэта. Учора я таксама думаў пра цылiндры, не ведаю чаму. Я якраз думаў - во ўжо колькi гадоў я не бачыў нiводнага цылiндра. Болей няма, ага. Апошнi раз я надзяваў цылiндр, гэта было, як хавалi маю швагерку. Гэта было... не, ужо не помню, мо ўжо гадоў пяцьдзесят таму. Вядома ж, я яго браў напракат, самi разумееце.

- Цылiндры - гэта не так важна, - цярплiва працягваў Ўiнстан. - Пытанне ў тым, што гэтыя капiталiсты - ды яшчэ трохi суддзяў i святароў, што жылi за iх кошт, - былi гаспадарамi зямлi. Усё iснавала для iх. Вы, звычайныя людзi, працоўныя, былi ў iх за рабоў. Яны маглi зрабiць з вамi ўсё, што хацелi. Яны маглi адправiць вас у Канаду, як жывёлу. Яны маглi спаць з вашымi дочкамi, каб хацелi. Яны маглi загадаць адхвастаць вас нечым, што звалася "дзевяцiхвосты кот". Мiнаючы iх, вы мусiлi здымаць шапку. Усе капiталiсты хадзiлi паўсюль з хеўрай лёкаяў, якiя...

Твар у старога засвяцiўся зноў.

- Лёкаi, - сказаў ён. - Вось слова, якое я не чуў ужо так даўно. Лёкаi! Адразу прыгадваюцца даўнiя часы, ну так! Памятаю, як... колькi ж гэта гадоў ужо? а, не ведаю. Часам я хадзiў у Гайд-парк вечарамi ў нядзелю, паслухаць, як там гавораць. Армiя збаўлення, рыма-католiкi, жыды, iндусы. Каго толькi не было. Быў там адзiн, iмя я ўжо не помню, але ж добры прамоўца, надта прыгожа казаў! "Лёкаi! - казаў. - Лёкаi буржуазii! Паслугачы кiраўнiчае клясы!" "Паразiты", - таксама казаў. А яшчэ: "Гiены!"" Во, як ён iх называў. Вядома ж, гэта ён казаў пра лейбарыстаў.

Ўiнстану здавалася, што ён гуляе ў сапсаваны тэлефон.

- Папраўдзе, я хацеў бы ведаць вось што... - сказаў ён. - Цi вы думаеце, што цяпер болей свабоды, чым тады? Цi вас болей лiчаць цяпер за чалавека? У старыя часы багатыя людзi, людзi, што кiравалi...

У галаве ў старога блiснуў успамiн.

- Палата Лордаў, - падказаў ён.

- Палата Лордаў, калi хочаце. Вось што я хачу спытаць: цi тыя людзi маглi лiчыць вас нiжэйшымi за сябе толькi таму, што яны былi багатыя, а вы бедныя? Цi праўда, напрыклад, што вы мусiлi iх называць "сэр" i здымаць шапку, калi сустракалiся з iмi?

Стары глыбока задумаўся. Ён выпiў амаль чвэрць свайго пiва i тады сказаў:

- Так. Яны любiлi, каб з iмi вiталiся. Гэта паказвала павагу. Я гэтага не любiў, але таксама гэтак рабiў, даволi часта. Так было трэба, напэўна.

- Цi было звычайным, - я паўтараю толькi тое, пра што прачытаў у падручнiках, - цi было звычайным, што гэтыя людзi i iх слугi спiхвалi вас з ходнiка ў канаву?

- Адзiн такi пiхнуў мяне аднойчы, - сказаў стары. - Помню, быццам учора было. Быў вечар, якраз была Рэгата. Пад час тых рэгатных вечароў заўсёды было тлумна, i во я натыкаюся на нейкага маладзёна на праспекце Шэфтсберы. Такi шыкоўны быў. Кашуля, цылiндр, чорны гарнiтур. Хiстаўся ў бакi, дык я i наткнуўся на яго, не заўважыў. Ён кажа: "Што, не бачыш, куды iдзеш, га?" Я кажу: "А вы што, купiлi гэты сраны тратуар?" Ён кажа: "Я табе адкручу галаву, калi будзеш са мной так гаварыць". Я кажу: "Вы п'яны, я вас пакладу праз паўхвiлiны!" I вы не паверыце, ён паклаў мне руку на грудзi i гэтак пiхнуў, што я ледзь не звалiўся пад колы аўтобуса. Але тады я быў яшчэ малады i мог бы яго адлупцаваць як след, але...

Ўiнстана ахапiла пачуццё бездапаможнасцi. Памяць старога была грудай дэталяў. Так можна было распытваць яго цэлы дзень i не атрымаць нiякай важнай iнфармацыi. Партыйныя падручнiкi па гiсторыi маглi быць у нейкай ступенi слушныя. Яны маглi быць нават цалкам слушныя. Ён зрабiў апошнюю спробу.

- Можа, я не так ясна выказаўся, - сказаў ён. - Вось што я хачу сказаць. Вы пражылi доўгае жыццё. Больш за палову жыцця вы жылi да Рэвалюцыi. У 1925 годзе, напрыклад, вы ўжо былi дарослы. Цi не маглi б вы сказаць, грунтуючыся на ўспамiнах, што жыццё ў 1925 годзе было лепшае, чым цяпер? Цi яно было горшае? Калi б вы маглi выбраць, дзе б вы хацелi жыць: у тых часах або цяпер?

Стары задуменна паглядзеў на шчыт, куды кiдалi дроцiкi. Ён дапiў куфаль, павальней, чым папярэднi, i сказаў спагадна i фiласафiчна, быццам пiва змякчыла яго:

- Ведаю, чаго вы ад мяне чакаеце. Вы чакаеце, што я скажу, што хацеў бы зноў стаць маладым. Шмат хто сказаў бы, што хоча стаць маладым, калi б у iх спыталiся. Дажыўшы да маiх гадоў, заўсёды скардзяцца на жыццё. У мяне нейкая немач у нагах, надта балiць, i мачавы пузыр таксама. Уначы паднiмае мяне з ложка разоў шэсць цi сем. З другога боку, вельмi добра быць старым. Няма болей колiшняга клопату. З жанчынамi няма нiчога - вось што добра. Я не меў жанчын ужо гадоў трыццаць, можаце мне верыць. Нават больш - я нi разу iх не хацеў за гэты час.

Ўiнстан абаперся на падваконне. Не было сэнсу працягваць. Ён пайшоў узяць яшчэ пiва, калi стары раптам падхапiўся i пабег у смярдзючую прыбiральню, што была збоку. Лiшнiя паўлiтра зрабiлi сваю справу. Ўiнстан пасядзеў яшчэ хвiлiну цi дзве, утаропiўшы вочы ў пусты куфаль, i не заўважыў, як ногi самi вынеслi яго на вулiцу. Прайшло нейкiх дваццаць гадоў, падумаў ён, i нiхто ўжо не можа адказаць на гэтае простае пытанне: "Цi было жыццё да Рэвалюцыi лепшае, чым цяпер?" I праўда, на яго ўжо нельга было адказаць, бо тыя рэдкiя ацалелыя зломкi старога свету не маглi ўжо параўнаць адну эпоху з другой. Яны памяталi безлiч непатрэбных рэчаў: сварку з калегам, пошукi згубленай роварнай помпы, выраз твару даўно памерлай сястры, слупы пылу ветраным ранкам семдзесят гадоў таму; але ўсе важныя падзеi засталiся па-за iх зрокам. Яны былi як мурашкi: маленькае яны бачылi, вялiкае - не. Памяць слабла, дакументы фальсiфiкавалiся, i тады з заявай Партыi аб тым, што яна палепшыла ўмовы жыцця людзей, трэба пагадзiцца, бо не iснавала i не магло нiколi iснаваць узору, з якiм можна было б параўнаць цяперашнiя ўмовы.

Плынь Ўiнстанавых думак раптоўна перарвалася. Ён спынiўся i падняў вочы. Ён стаяў у вузкай вулцы са змрочнымi маленькiмi крамкамi, уцiснутымi мiж жылых дамоў. Тры пабляклыя металiчныя кулi, якiя некалi былi пазалочаныя, звiсалi над самай галавой. Яму здалося, што ён пазнаў гэтае месца. Натуральна! Ён стаяў перад антыкварнай крамай, дзе быў купiў сваю кнiгу.

Па iм прабеглi дрыжыкi страху. Ужо сама пакупка кнiгi была даволi неасцярожным учынкам, i ён паабяцаў сабе нiколi больш не паяўляцца ў гэтых мясцiнах. Але як толькi ён пусцiў свае думкi блукаць, дзе iм хочацца, ногi самi прывялi яго сюды. Якраз ад гэткiх самагубных памкненняў душы ён i спадзяваўся засцерагчыся, пiшучы свой дзённiк. У той самы момант ён заўважыў, што крама яшчэ адчыненая, хоць было ўжо недзе каля дваццацi адной гадзiны. Падумаўшы, што яго хутчэй заўважаць тут, на вулiцы, чым у краме, ён расчынiў дзверы. Калi б у яго спыталiся, ён зусiм шчыра мог бы сказаць, што шукае лёзы для галення.

Гаспадар запалiў вiсячую лямпу, ад якой iшоў горкi, але прыязны пах. Гэта быў чалавек гадоў шасцiдзесяцi, кволы i згорблены, з доўгiм i зычлiвым носам. Вочы з мяккiм позiркам былi дэфармаваныя тоўстымi шкельцамi акуляраў. Валасы ў яго былi амаль белыя, але бровы - густыя i чорныя. Яго акуляры, далiкатныя рухi, стары чорны аксамiтны фрэнч надавалi яму выгляд iнтэлектуала, быццам ён быў лiтаратар або музыкант. Голас у яго быў мяккi, нiбы прыглушаны, а мова не такая сапсаваная, як у большасцi пролаў.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 81
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл бесплатно.
Похожие на 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл книги

Оставить комментарий