Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Сонца ўжо крыху зрушыла з сярэдзiны неба. Скрозь расшчылiны ў каменi я бачу дзiрку, якую яно прапякае ў распаленай блясе неба, - бы рот, балбатлiвы, як мой, якi ванiтуе нястомна патокамi полымя над палiнялай пустэльняй. На сцяжыне перада мной - нiчога, нiякай былiнкi да самага небакраю, а ззаду, там - яны ўжо, напэўна, шукаюць мяне, не, яшчэ не, адно адвячоркам яны адчынялi дзверы, каб я мог прагуляцца, пасля таго як увесь дзень працаваў у доме фетыша, прыбiраў i абнаўляў ахвяраваннi, а ўвечары пачыналася цырымонiя, i часам мяне бiлi, iншы раз не, але ўвесь час я слугаваў фетышу, фетышу, чыя выява адбiлася ўжо жалезнай пячаткаю ў маёй памяцi, а цяпер - i ў надзеi. Нiколi яшчэ, нiякi бог не апаноўваў мною настолькi i нiколi мяне так не парабашчаў, усё маё жыццё, дзень i ноч, было прысвечана толькi яму, i боль, i адсутнасць болю, цi ж гэта не радасць, - усё залежала ад яго, i нават жаданне, так, нават жаданне - пасля таго, як амаль кожны дзень я быў сведка гэтаму бясплоцеваму i лютаму акту, якi ўжо цяпер толькi чуў, але болей не бачыў, бо як i музыкi, павiнен быў глядзець на сцяну пад пагрозаю быць пакараным. Але калi я, уткнуўшыся тварам у соль, распластаны звярынымi ценямi, што мiтусiлiся на сцяне, слухаў гэты доўгi, працяглы крык, глотка сохла ў мяне, i джгучае, бясполае жаданне сцiскала мне скронi i працiнала жывот. Так iшлi днi i днi, i я ўжо амаль не адрознiваў iх адзiн ад аднаго, нiбыта яны расплаўлялiся ў сляпучай спякоце i ўяўным дрыжаннi салёных сцен, цячэнне часу злiлося ў адзiн невыразны плёхкат, з якога выляталi, праз аднолькавыя iнтэрвалы, крык авалодання i стогны ад болю, адзiн доўгi бясчасы дзень, над якiм панаваў уладарны фетыш, як дзiкае сонца над маiм домам, збудаваным са скал, i цяпер, як тады, я плачу ў няшчасцi i ад жадання, мяне спапяляюць надзея i злосць, i я прагну здрадзiць, i лiжу рулю ў стрэльбы, i лашчу яе душу, недзе там, усярэдзiне, яе душу, толькi ў стрэльбаў ёсць душы, о, сапраўды, у той дзень, як яны адрэзалi мне язык, я навучыўся любiць неўмiручую душу нянавiсцi!
Якая каша, шаленства, хр-р-р, сп'янелы ад спёкi i гневу, я ляжу, распластаны, на стрэльбе. Хто яшчэ дыхае тут? Я не магу больш трываць гэтай спёкi, якая, здаецца, нiколi не скончыцца, о, гэтае чаканне, я мушу яго забiць. Нi птушкi, нi калiва кволай травiнкi, камень i пустое высушлiвае жаданне, цiшыня, i iх крыкi, i гэты язык, што гаворыць ува мне, i з той пары, як яны мяне знявечылi, доўгая, панурая i спустошаная пакута, пазбаўленая нават росных ночаў, тых ночаў, пра якiя я марыў, зачынены разам з фетышам у сваiм салявым бярлогу. Толькi ноч, з яе свежымi зорамi i змрочнымi вадазграямi, магла ўратаваць мяне, выдраць нарэшце ў злых чалавечых багоў, але я быў заўсёды зачынены i не мог на яе паглядзець. Калi той яшчэ будзе пазнiцца, я тады ўбачу яго сам, ён уздымецца над пустэльняй i захiне сабой небакрай, звiсне з прадоння азмрочанага зенiту залатою халоднаю гронкай, з якой я ўдосталь змагу папiць, арашу сваю чорную, ссохлую пашчу, якую даўно ўжо не асвяжае жывая i мяккая плоць, я змагу нарэшце забыць пра той дзень, калi дурасць пацягнула мяне за язык.
О, як было горача, горача, раставала соль цi, прынамсi, мне так здавалася, паветра рэзала вочы, i тады ўвайшоў шаман, без маскi. За iм, амаль зусiм голая, у адной шаравай анучы, iшла жанчына, яе твар, пакрыты татуiроўкай, ад якой ён рабiўся падобны да маскi фетыша, не выяўляў нiчога, апроч нейкага злога, iдальскага здранцвення. Жыло толькi тонкае i пляскатае цела, якое абрушылася да падножжа бога, як толькi шаман адчынiў маленькiя дзверы ў фетышаў катушок. Потым ён выйшаў, не гледзячы на мяне, спякота мацнела, я не кратаўся з месца, фетыш пазiраў на мяне па-над целам нерухомай жанчыны, адно яе цяглiцы неўпрыкмет варушылiся, i iдальскi твар амаль не змянiўся, калi я падышоў блiжэй. Толькi вочы выраслi раптам i ўтаропiлiся на мяне, а мае ногi дакранулiся да яе ног, i спёка разам завыла, i iдал-жанчына без адзiнага слова, па-ранейшаму гледзячы на мяне сваiмi вырачанымi вачыма, пачала хiлiцца назад, упала на спiну, падабрала пад сябе свае ногi, потым падняла i паволi, мякка рассунула каленi ўбок. Але адразу ж, хр-р, шаман пiльнаваў мяне, яны ўсе ўварвалiся, адкiнулi мяне ад жанчыны i пачалi бiць, жудасна бiць у месца граху, граху! Якi грэх, я смяюся, дзе ён, дзе дабрачыннасць, яны прыгваздалi мяне да сцяны, сталёвыя пальцы сцiснулi скiвiцы, другiя прымусiлi разявiцца рот i выцягнулi мне язык, пакуль ён не залiўся крывёю, i нехта выў - цi не я? - крычаў дзiкiм, жывёльным крыкам, i тады па маiм языку прайшлася вострая i ласкавая свежасць, сапраўды, то была, нарэшце ўжо, свежасць. Калi я апрытомнеў, я быў адзiн, уначы, прытулены да сцяны, залiты загуслай крывёй, а ў роце была напханая жменя сухой травы, у якой быў нязвыклы i дзiўны водар, кроў больш не цякла, але ў роце нiшто не жыло, i ў гэтай пустэчы торкаўся толькi пакутлiвы боль. Я хацеў быў падняцца i ўпаў, шчаслiвы, безнадзейна шчаслiвы памерцi нарэшце, смерць таксама прыносiць свежасць, i ў смяротным сутоннi няма ўжо нiякiх багоў.
Але я не памёр. Маладая нянавiсць аднойчы паднялася разам са мной, падышла да дзвярэй углыбiнi, адчынiла iх i зачынiла ў мяне за спiнай, я ненавiдзеў сваiх, у глыбiнi гэтай нары, дзе я апынуўся, перада мной стаяў фетыш, i цяпер я не толькi памалiўся яму, я паверыў у яго i адкiнуў усё, у што верыў дагэтуль. Збавiцель, ён быў моц i магутнасць, яго можна было зруйнаваць, але абярнуць у сваю веру - нiколi, ён глядзеў паўз мяне, над маёй галавой, пустымi, праржаўленымi вачыма. Збавiцель, ён быў уладар, настаўнiк, адзiны ўсявышнi пан, неаспрэчным адметным знакам якога заўсёды была злосць, а добрых настаўнiкаў, добрых уладароў - наогул няма. Першы раз, пасля столькiх зняваг, калi ўсё маё цела крычала ў адзiнай пакуце, я аддаў сябе цалкам яму i ўхвалiў яго люты парадак, у ягонай выяве я ўславiў злосць, на якой непахiсна грунтуецца светабудова. Палонны ў ягоным царстве, у гэтым бясплодным горадзе, выразаным у салёнай гары, аддзеленым ад прыроды, пазбаўленым мiмалётных i рэдкiх цвiценняў пустынi, адлучаным ад усякiх выпадкаў i ласкi, неспадзяванага воблака, кароткага i раз'юшанага дажджу, якi ведаюць нават пяскi, нават сонца, у гэтым салёным горадзе, спарадкаваным уладарным загадам, з прамымi кутамi, квадратнымi пакоямi i нязломнымi жыхарамi, я сам па сваёй волi зрабiўся яго поўным нянавiсцi i пакутнiцкiм грамадзянiнам, i закрэслiў стагоддзi гiсторыi, якой мяне навучалi. Мяне заўсёды ашуквалi, адно панаванне злосцi не мае заган, мяне ашуквалi, праўда заўсёды калючая, важкая, цвёрдая, яна не трывае нюансаў, а дабро, дабро - гэта летуценне, памысная мара, спраўдзiць якую заўжды адкладаюць, да якой увесь час iмкнуцца да зняможання сiлы, гэта ўяўная рыса, якой нiколi не дасягнуць, дабро панаваць не здольна. Толькi лiха можа дайсцi да сваёй мяжы i запанаваць непадзельна, адно лiху трэба служыць дзеля ўсталявання яго бачнага царства, далоў Эўропу, рацыю i гонар, i крыж. Але, я мусiў прыняць рэлiгiю сваiх уладароў, але, але, я быў раб, аднак калi я таксама бязлiтасны - я ўжо не раб, нягледзячы на звязаныя ногi, на нямы без'языкi рот. О, якi сквар, ён даводзiць мяне да вар'яцтва, уся пустэльня крычыць пад невыносным святлом, а таго, Пана лагоды, адно iмя якога прымушае мяне здрыгануцца, - я адмаўляю яго, бо цяпер ён мне добра вядомы. Ён летуценiў, ён мроiў, ён хацеў схлусiць, а яны выразалi яму язык, каб ягонае слова больш не ашуквала свет, прыбiлi яго цвiкамi, яго бедную галаву, як цяпер у мяне, о, каша, як я стамiўся i зямля не скаланулася, я ўпэўнены ў гэтым, бо забiлi не праведнiка, я адмаўляюся гэтаму верыць, праведнiкаў няма, ёсць бязлiтасныя настаўнiкi, уладары, што нясуць з сабой панаванне няўмольнае праўды. Так, толькi ў фетыша ёсць моц i сiла, ён адзiны - бог у гэтым свеце, i яго запавет - нянавiсць, што крынiца ўсяго жыцця, што выток свежай вады, свежай, як мята, што апякае рот i ледзянiць вантробу.
Я змянiўся тады, i яны зразумелi гэта, пры сустрэчы я цалаваў iм руку, я быў свой сярод iх i ўвесь час захапляўся iмi, я iм давяраў i спадзяваўся, што яны скалечаць маiх, выдзеруць iм языкi, як некалi выдзерлi мне. I калi я даведаўся, што хутка прыйдзе мiсiянер, я зразумеў, што павiнен рабiць. У той дзень, падобны да iншых, такi сама сляпучы дзень, якi доўжыўся цэлую вечнасць, адвячоркам на грэбенi лагчыны раптам узнiк вартавы, ён бег, i колькi хвiлiн пазней мяне зацягнулi ў дом фетыша, зачынiлi за мною дзверы. Са мною застаўся адзiн, ён прымусiў мяне ляжаць, на зямлi, у сутоннi, пагражаючы востраю шабляй, падобнай на крыж, доўга была цiшыня, i потым, нарэшце, нейкi нязвыклы шум напоўнiў заўсёды маўклiвы горад, то былi галасы, якiя я доўга не мог распазнаць, бо яны гаварылi маёю мовай, i як толькi яны прагучалi, лязо апусцiлася мне да вачэй, i мой вартавы пiльна зiрнуў на мяне ў цiшынi. Два галасы наблiзiлiся да нас, я iх чую дагэтуль, адзiн запытаўся, чаму гэты дом вартуюць i цi не трэба выламаць дзверы, мой лейтэнант, другi адказаў: "Не", адрывiстым голасам, i праз хвiлiну дадаў, што заключаны дагавор, горад згаджаецца прыняць гарнiзон з дваццацi салдат - з умовай, што тыя паставяць свой лагер за гарадскiмi мурамi i абавяжуцца паважаць мясцовыя звычаi. Салдат засмяяўся, яны падаюцца, але афiцэр не разумеў, ва ўсякiм выпадку, яны ўпершыню пагадзiлiся кагосьцi прыняць, каб дагледзець дзяцей, i гэтым чалавекам мусiў стаць гарнiзонны свяшчэннiк. Голас зноў засмяяўся, каб не салдаты, яны б адрэзалi таму свяшчэннiку, ён сам разумее - што. "О! - адказаў афiцэр. - Што вы, не. I дарэчы, айцец Бэфор прыйдзе раней ад гарнiзона, ён будзе тут праз два днi". Я болей нiчога не чуў, я ляжаў на зямлi, нерухомы, прыцiснуты вострым лязом, боль працiнаў маё цела, нiбыта ўва мне вар'явалася кола нажоў i шыпоў. Яны звар'яцелi, вар'яты, яны дазваляюць даткнуцца да гэтага горада, да iх непераможнай магутнасцi, да сапраўднага бога, а той, ён хутка мусiць прыйсцi, i яму не адрэжуць язык, ён нагла распушыць свой хвост, выставiць сваю добрасць, i нiчога не сплацiць за гэта, не ўбачыць нават знявагi. Панаванне лiха зноў будзе аддалена, i зноў пачнуцца сумненнi, зноў будзе страчаны час на пустыя мары аб немагчымым дабры, на бясплённыя намаганнi, што нясуць з сабой толькi знямогу, замест таго каб паскорыць прыход адзiна-магчымага царства, я глядзеў на грозны клiнок, што навiс нада мной, о магутнасць, ты адна пануеш над светам! О магутнасць... а горад патроху пусцеў, ацiхаў ад нязвыклага шуму, i вось нарэшце адчынiлiся дзверы, i я застаўся адзiн, спапялёны, спалены горыччу, толькi фетыш быў побач са мной, i я прысягнуў яму ўратаваць маю новую веру, маiх iсцiнных уладароў, майго дэспатычнага бога, здрадзiць, здрадзiць, што б там нi стала!
- Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Чума. Записки бунтаря (сборник) - Альбер Камю - Проза
- Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Нямкi (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Падение - Альбер Камю - Проза
- Блiзкасць (на белорусском языке) - Жан Сартр - Проза
- Шарманка (на белорусском языке) - Болеслав Прус - Проза
- Тамтэй (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Пратэктар (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Iталiйскае неба (на белорусском языке) - Франсуаза Саган - Проза