Ворка ўзяўся за першую сухую галiну, падцягнуўся i палез. Ён ужо быў высока, i калi адхiлiў яловую галiну, то прагалiна цяпер была перад iм як на далонi. Правей iшла дарога, з якой заварочвалi на грудок машыны.
Ворка ўсеўся на таўсцейшым суку, абняў ствол елкi. Доўга сядзеў не кратаючыся i аглядаючы палянку.
Унiзе на зямлi ўжо ткаўся змрок, лес пачарнеў. Хутка яго зусiм ахiнула цемра.
Цяпер Ворка бачыў толькi белую палоску неба на захадзе. I неяк думкi паплылi i паплылi. Ён думаў, што прыйшла пара сеяць жыта, што ён пасее яго за агародамi на былым сваiм полi. У Лядах разабралi ўжо калгас. Будуць рабiць кожны сабе.
Ворка думаў прыхапiць яшчэ пад агарод кавалак той зямлi, якую калiсьцi адрэзаў у яго Данiк Васiль, i пасадзiць сад. Ганну з Гравы, як i казала жонка, давядзецца забраць. Цяперашнiм светам брат трымаецца за брата, сват за свата.
"Дый што падумае Сымон, калi даведаецца, што яна з дзiцем жыла адна", разважаў Ворка.
У зяця Сымона круты нораў, да трох не гавары. I залатыя рукi ў хлопца. Што нi возьме - зробiць. Ворка пабойваўся яго, але i ганарыўся iм.
Думаючы пра трактарыста-зяця, Ворка забыўся пра агарод, сад. Успомнiў, што Сымон марыў завесцi пчол. Што ж! Цяпер ён завядзе пчол. Паставiць вуллi за хатай.
"Трэба падскочыць яшчэ раз да Змiцера", - падумаў ён.
На душы ад такiх думак было цёпла...
Раптам каля яго на вяршалiне, цiўкнуўшы, села птушка. Пачула чалавека, залапатала крыламi i з трывожным пiскам знiкла.
Ворка доўга сядзеў, не памятаў, колькi. Пачыналi млець ногi, рукi.
Нечакана да яго дайшоў роўны гул. Ворка глянуў у неба. Яму было здалося, што гэта ляцяць самалёты. Пасля ён зразумеў, што гул iдзе з шашы, i ўбачыў, як у цемнаце ўспыхнулi агнi фар.
"Сюды едуць!" - Ворка прытулiўся да ствала дрэва, захiляючыся яловай лапай.
Невыразная трывога падмывала яго. Аднак ён цешыўся, што недарма прыйшоў сюды. Ён адзiн з сяла дазнаецца, дзе будуць хаваць дабро.
Тры машыны, равучы, выйшлi на край прагалiны i сталi ў рад. Ад яркага святла фараў было вiдна, хоць iголкi збiрай.
Тады пачулiся нямецкiя галасы:
- Шнэль! Шнэлер!
На сярэдзiну прагалiны выйшаў немец.
- Капаць!
Немец крычаў па-расейску. Пяць чалавек з рыдлёўкамi выбеглi за iм i, стаўшы ў шэраг, пачалi капаць.
Ворка пачуў, як па спiне прабеглi мурашкi. Аднекуль з'явiўся страх. Ворка ўжо ўвесь калацiўся, зуб на зуб не цаляў.
"Куды ж я трапiў? А божачка!"
Ён шчыльней прытулiўся да елкi i не дыхаў.
На край ямы вывелi чалавека. Твар у яго, як здалося Ворку, быў чорны, як вугаль. Ворка прыгледзеўся i раптам у гэтым чалавеку пазнаў Данiка Мiколу. Так, гэта быў Мiкола. Ён нават трымаў левую руку перад сабою, як заўсёды...
- Халуi нямецкiя! - крыкнуў Данiк на людзей з рыдлёўкамi. - Думаеце, мне выкапалi яму? Сабе выкапалi!
Ворку здалося, што Мiкола ўбачыў яго, што ён i яму гразiўся. Ворка захiнуўся яловай лапкай.
- Смерць нямецкiм захопнiкам! - пачуўся крык на паляне.
Грымнуў залп. З вяршалiны елкi за шыю Ворку сыпалiся сухiя iголкi.
"Хай бы згарэў той агарод, хай бы ўсё згарэла. Што ж я нарабiў?"
На край ямы паставiлi яшчэ трох чалавек.
"Што ж гэта робiцца?.." - нiяк не мог апомнiцца Ворка Дзiкун.
Калi сярэднi з трох мужчын павярнуўся i крыкнуў: "Смерць фашызму!" - Ворка зжахнуўся: знаёмы голас.
А немец ужо чытаў, што да расстрэлу прыгавораны Коршак, Чарняўскi i Чапурка.
- Няхай жыве Чырвоная Армiя! - зноў пачуўся той самы голас.
- Сымон! - крыкнуў Ворка, але голас яго заглушыў залп...
Ворку адразу зрабiлася холадна, звiнела ў вушах. Закружылася галава. Пад iм трэснуў яловы сук...
Ворка паляцеў унiз...
Пякучы боль ударыў яму ў грудзi...
Больш Ворка ўжо нiчога не чуў.
1965 г.