Рейтинговые книги
Читем онлайн 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 81

Ўiнстан спынiўся, бо ў яго здранцвелi пальцы. Ён не ведаў, што прымушала яго вылiваць з сябе гэты бязладны паток слоў. Але дзiўным было тое, што, пакуль ён гэта рабiў, у яго ў галаве прасвятлiўся зусiм iншы ўспамiн, ды так выразна, што ён амаль быў здольны яго запiсаць. Цяпер ён зразумеў, што якраз тое другое здарэнне было прычынай яго раптоўнага вяртання дадому i намеру пачаць пiсаць дзённiк сёння.

Гэта адбылося таго самага дня ранiцай у Мiнiстэрстве, калi ўвогуле можна сказаць "адбылося" пра нешта няяснае, няўлоўнае, неакрэсленае.

Было амаль адзiнаццаць нуль-нуль, i ў аддзел дакументацыi, дзе працаваў Ўiнстан, вынеслi крэслы з кабiнетаў i паставiлi iх пасярод залы насупраць вялiкага тэлегляда, бо павiнна была пачацца Двуххвiлiнка Нянавiсцi. Ўiнстан якраз сядаў на сваё месца ў адным з сярэднiх радоў, калi ў залу нечакана ўвайшлi дзве асобы. Ён ведаў iх з твару, але нiколi не абмяняўся з iмi анi словам. Адна з iх была дзяўчына, якую ён часта сустракаў у калiдорах. Ён не ведаў яе iмя, ведаў толькi, што працавала яна ў аддзеле мастацкай лiтаратуры. Ён бачыў некалькi разоў, як яна несла гаечныя ключы, рукi яе былi ў машыннай змазцы - напэўна, яна выконвала нейкiя тэхнiчныя функцыi пры адным з раманапiсальных варштатаў. Гэта была нахабная з выгляду дзяўчына гадоў дваццацi сямi, з густымi чорнымi валасамi, рабацiнiстым тварам i хуткiмi пругкiмi рухамi. Часам вузкi чырвоны пас - адметны знак Антысексуальнага Саюза Моладзi - быў абвязаны вакол талii паверх камбiнезона дастаткова туга, каб падкрэслiць акругласць яе клубоў. Ўiнстан не мог яе цярпець з таго моманту, як першы раз яе ўбачыў. I ён ведаў чаму. З-за духу спортпляцоўкi, халодных купальняў, калектыўных вандровак i агульнай чысцiнi перакананняў, якiм ад яе падыхала. Жанчыны, асаблiва маладыя, - гэта заўсёды слепа адданыя прыхiльнiкi Партыi, бяздумныя паўтаральнiкi лозунгаў, добраахвотныя шпiёны, вывiжоўшчыкi нядобранадзейнасцi. Але гэтая дзяўчына здавалася яму яшчэ больш небяспечнай за iншых. Аднойчы яны размiнулiся ў калiдоры, i яна працяла яго позiркам, нiбы свердлам, i на iмгненне ён адчуў пякельны жах. Ён нават падумаў, што яна магла быць агентам Палiцыi Думак, што, аднак, было непраўдападобна. Аднак, калi яна была недзе паблiзу, ён адчуваў нейкую дзiўную трывогу, у якой адначасна мяшалiся страх i варожасць.

Другой асобай быў мужчына, якi зваўся О'Браэн, сябра Ўнутранай Партыi, якi займаў такую важную i таямнiчую пасаду, што Ўiнстан меў пра яе толькi самае прыблiзнае ўяўленне. Супрацоўнiкi, што стаялi каля крэслаў, суцiхлi, убачыўшы, як да iх наблiжаецца нехта ў чорным камбiнезоне сябры Ўнутранай Партыi. О'Браэн быў высокi, грубаваты з выгляду мужчына з тоўстай шыяй i простым, поўным гумару тварам. Нягледзячы на несамавiтую знешнасць, у яго паставе была нейкая далiкатнасць. Ён умеў неяк асаблiва падпраўляць акуляры на носе, i гэты ягоны рух неяк дзiўна абяззбройваў, выклiкаў прыхiльнасць. Гэты рух нагадваў калi ўвогуле нехта яшчэ мог думаць такiмi катэгорыямi - арыстакрата васемнаццатага стагоддзя, якi прапануе свайму размоўцу табакерку. За дванаццаць гадоў Ўiнстан бачыў О'Браэна разоў дванаццаць. Ён адчуваў да яго шчырую прыхiльнасць, i не толькi таму, што яго вабiла неадпаведнасць арыстакратычных манер О'Браэна ягонай знешнасцi баксёра-чэмпiёна. Прыхiльнасць гэтая грунтавалася на затоенай у глыбiнi душы веры - цi, можа, толькi спадзяваннi, - што палiтычная добранадзейнасць О'Браэна не была бязмежная. Нешта ў ягоным твары неадольна наводзiла на гэтую думку. I ўсё ж гэтае "нешта" было хутчэй адзнакай iнтэлiгентнасцi, а не недахопу добранадзейнасцi. Ва ўсялякiм разе, ён быў падобны да чалавека, з якiм можна было б загаварыць, калi б надарылася схавацца ад тэлегляда i застацца з iм сам-насам. Ўiнстан нiколi не спрабаваў спраўдзiць свае здагадкi на практыцы, дый гэта было немагчыма. У гэтую хвiлiну О'Браэн паглядзеў на ручны гадзiннiк, убачыў, што было ўжо амаль адзiнаццаць нуль-нуль, i, напэўна, вырашыў застацца ў аддзеле дакументацыi, пакуль не скончыцца Двуххвiлiнка Нянавiсцi. Ён сеў у тым самым радзе, што i Ўiнстан, за два крэслы ад яго. Памiж iмi сядзела маленькая жанчына з валасамi пясочнага колеру, што працавала ў суседнiм з Ўiнстанам кабiнеце. Дзяўчына з чорнымi валасамi села якраз за спiнай.

У наступную хвiлiну з тэлегляда, што стаяў у канцы залы, пачуўся гiдкi скрыгатлiвы голас, быццам пачаў працаваць вялiзны нязмазаны механiзм. Ад гэтых гукаў выварочвала нутро i валасы ўставалi дыбарам. Двуххвiлiнка Нянавiсцi пачалася.

На экране, як звычайна, з'явiўся твар Ворага Народа Эмануiла Гольдштэйна. Сям-там сярод гледачоў пачуўся свiст. Маленькая жанчына побач завiшчала ад страху i агiды. Гольдштэйн быў рэнегат i адступнiк, якi калiсьцi, вельмi даўно (як даўно - нiхто ўжо дакладна не памятаў), быў адным з кiраўнiкоў Партыi i стаяў ледзь не на адным узроўнi з Вялiкiм Братам, але пасля ўцягнуўся ў контррэвалюцыйную дзейнасць, быў засуджаны на смерць i знiк пры таямнiчых абставiнах. Змест Двуххвiлiнак Нянавiсцi мяняўся з дня на дзень, але не было нiводнай, дзе б Гольдштэйн не выступаў у галоўнай ролi. Ён быў галоўны здраднiк i галоўны спаганшчык чысцiнi Партыi. Усе наступныя антыпартыйныя злачынствы, усе здрады, акты сабатажу, iншадумствы, адхiленнi ад партыйнай лiнii мелi пачаткам яго фальшывае вучэнне. Ён яшчэ недзе жыў i строiў свае падкопы - можа, недзе за акiянам, пад аховай сваiх шчодрых замежных гаспадароў, цi, можа нават, калi верыць чуткам, недзе ў добрым сховiшчы ў самой Акiянii.

Ўiнстану заняло дух. Заўсёды, калi ён бачыў Гольдштэйнаў твар, яго апаноўвалi супярэчлiвыя пачуццi. Гэта быў худы жыдоўскi твар з густою капой кучаравых сiвых валасоў i казлiнай бародкай - разумны i чамусьцi трохi агiдны твар. Доўгi тонкi нос, на канцы якога вiселi акуляры, дадаваў твару старэчасцi. Твар быў падобны да авечае морды, нешта авечае было i ў голасе. Гольдштэйн выступаў са сваiмi звычайнымi злоснымi нападамi на вучэнне Партыi, такiмi недарэчнымi i бязглуздымi, што iх марнасць зразумела б нават дзiця. I, аднак, яны былi дастаткова праўдападобныя, каб абудзiць трывогу, што яны могуць звесцi з добрага шляху трохi меней перакананых людзей. Ён знеслаўляў Вялiкага Брата, асуджаў дыктатуру Партыi, патрабаваў неадкладнага заключэння мiру з Эўразiяй, выступаў за свабоду слова, свабоду друку, свабоду сходаў, свабоду думак, iстэрычна крычаў, што Рэвалюцыi здрадзiлi - прамова была паспешлiвая, шматслоўная, нiбы пародыя на звычайны стыль партыйных прамоўцаў, у ёй былi нават некаторыя словы з навамоўя i нават болей навамоўных слоў, чым звычайна ўжывае любы сябра Партыi. I ўвесь гэты час, каб нi ў кога не ўзнiкла нi калiва сумнення ў тым, што ў сапраўднасцi хавалася за агiднымi выслоўямi Гольдштэйна, за яго спiнай на экране тэлегляда праходзiлi маршам бясконцыя калоны эўразiйскага войска, бясконцыя шэрагi дужых з выгляду людзей з безвыразнымi азiяцкiмi тварамi. Яны наблiжалiся да гледачоў, расплывалiся ў экране, саступаючы месца iншым. Аднастайны рытмiчны грукат салдацкiх ботаў ствараў гукавы фон, праз якi прабiвалася авечае маркатанне Гольдштэйна.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 81
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл бесплатно.
Похожие на 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл книги

Оставить комментарий