Чакаючы, пакуль усе будуць у зборы, Гімнастка, здаралася, успамінала, што яна - гімнастка: выходзіла на сярэдзіну даха ды, палохаючы ластавак, якія гэтаксама лічылі дах сваім, пачынала круціць сальта за сальтам, лёгка пералятаючы вентыляцыйныя калодзежы і часам відочна пакідаючы межы нашага прастакутніка, ды ў апошні момант паспяваючы згрупавацца і мякка прызямліцца на самюткі край. Чамусьці ні я, ні, думаю, ніхто іншы не адчуваў страху за яе, толькі Котка пасля такіх рызыкоўных вылетаў падыходзіла і церлася аб ногі з рэльефнымі цягліцамі - можа, дзякуючы за пабачаную віхуру скачкоў, а можа - за тое, што Гімнастка вырашыла застацца тут, з намі.
12
Цяпер ведаю, я не проста належаў да меншасці, якая, абуджаючыся, памятае свае дзеянні, але і сярод меншасці быў анамаліяй, бо выразна бачыў ці, прынамсі, меў перакананне: мне на яве дадзена бачыць усё адбытае. Поўнай упэўненасці ў мяне няма, бо па дарозе дадому зноў пачыналіся затрымкі ва ўспрыманні рэчаіснасці і тое, як я адмыкаў дзверы і рабіў з вітальні тры крокі да свайго пакоя, праяўлялася ўжо тады, калі я нацягваў на сябе коўдру.
Аднак існавалі і невытлумачальныя прагалы. Напрыклад, немагчыма ўспомніць, як пераадольвалася адлегласць ад пляцоўкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі Гатэля і пляцоўкаю шостага. Наяўнасць паміж гэтымі пляцоўкамі двух маршаў і трыццаці прыступак я сцвярджаю ўсяго паводле аналогіі.
З памяці амаль сцерлася і тое, у што мы былі апранутыя. Амаль - бо здалёк усё ж свеціцца нечы «чмяліны», у чорную і залацістую палоскі, швэдрык, пад якім нагадваюць пра сябе жаночыя грудзі.
Затое абліччы кожнага з нашага брацтва - перада мною, усё роўна як гэта дзеялася ўчора, хоць яны, абліччы, і падсвечаныя праз далечыню гадоў маім сённяшнім успрыманнем.
Настаўнік не можа пахваліцца ростам, але ўвесь якісьці светлы, і таму выдае вышэйшым. Малады і адкрыты, нязменна чыста выгалены і крыху здзіўлены твар. На лоб спадае густая пасма ячменных валасоў, ды ёй не ўдаецца схаваць вялікай радзімай плямы, што нечым падобная да зоркі. Вочы за акулярамі ў тонкай аправе глыбокія і сур’ёзныя і разам з тым - безабаронныя.
Смуглявая, каравокая Гімнастка з тонкай таліяй і кароткай каштанавай касой. У яе ўсё невялікае і зграбнае - вушкі, задзірлівы нос, пальчыкі на выштукаваных руках, бездакорныя ступачкі...
У Залацістай не толькі кучаравыя валасы гэтага колеру, ейнае цела - абрыкосавае і злёгку свеціцца. Потым звяртаеш увагу на месяцападобны твар з зялёнымі вачыма пад доўгімі, як крылцы матылька, вейкамі. Яна трымае правае плячо крыху вышэй за левае, ногі не зусім дасканалыя, але затое - неверагодна прыгожыя рукі з доўгімі пальцамі і раптоўна тонкімі запясцямі! Уся гэтая вонкавая несуладнасць выглядае па-асабліваму гарманічна. (Тады я не ведаў, аднак адчуваў, што «прыгажосць» не ёсць прыгажосцю, а недасканаласць можа быць прыкметаю якраз дасканаласці.) Аблічча Залацістай цудоўна дапаўняе няўлоўнасць яе гадоў: ёй можна даць дваццаць пяць, а праз хвіліну - удвая болей. Яна проста не мае ўзросту.
Кіяскёрка - самая рослая з нас, ці не на паўгалавы вышэйшая чым я, з навальнічнаю хмараю чорных з сінім адлівам валасоў і вузкім авалам твару, які цяжка назваць прывабным, ды сітуацыю ратуюць вялікія вочы, што - у залежнасці ад асвятлення - мяняюць колер ад аксамітава-чорных да валошкавых і раз-пораз успыхваюць бурштынавымі агеньчыкамі. Яе доўгія стройныя ногі пераходзяць у высокія клубы і адначасова нібыта дасягаюць і спакуслівых грудзей, трымаючы іх на жывой зваблівай кансолі. Я, зрэшты, як і сёння, не адмыслоўца ў вызначэнні жаночага веку, але Кіяскёрка здаецца ўдвая старэйшай за мяне.
Не магу нічога сказаць пра галасы, бо мы ніколі не размаўлялі: нам ставала моўкнасці, кожны, як і я сам, відаць, кіраваўся тут унутранай забаронаю, парушыўшы якую мы рызыкавалі б разбурыць нашае брацтва. Праз гэта я не ведаў і імёнаў, апрача, вядома, імя і голасу Настаўніка - вы ўжо ведаеце, ён выкладаў у нас астраномію і любіў уштукаваць у расповед пра сузор’і і планеты сваю ўлюбёную «метафізіку». Але я быў пэўны: у яго ёсць іншае імя.
І - Котка.
Яна не належала да экзатычнай пароды - звычайная трохколерная рыска, аднак з невераемна доўгім хвастом, што, закінуты на спінку, даставаў да вушак. Я не памыляюся, бо там, на лесвіцы, браў нашую сяброўку на рукі, і далей мы падымаліся разам. Яна пакусвала мяне за мезенец левай рукі, а правай я пагладжваў яе па асабліва чуйным падчарэўцы. Там у Коткі з правага боку была круглая ружовая плямка без поўсці, усё роўна як хтосьці прыклаў на міг распаленую жалезную пячатку. Ад маіх ласак Котка шчасліва вуркатала, але, калі пальцы краналіся плямкі, мая трапяткая ноша здрыганалася і амаль па-чалавечы ўскрыквала.
Котка была адзінай, хто падаваў голас. У астатнім яна ўспрымалася намі як роўня, хоць не мела ключа ад уваходных дзвярэй. Ды хто ведае...
13
Калі не лічыць Залацістай і Коткі, мы прыходзілі ў абутку, але танчылі басанож, і крыты руберойдам з бітумнымі швамі дах дзяліўся з намі назапашанай за дзень цеплынёю.
Канону не існавала, і ўсё адбывалася па-рознаму. Часам мы ўтваралі кола вакол Коткі, ды тая не заставалася на месцы, рухаючыся па ўласнай складанай траекторыі. Котка ніколі не блыталася пад нагамі, яна трымала дыстанцыю і таксама танчыла.
Мы пачыналі разам з музыкай. Спярша ў паветры тонка-тонка звінела невідочная страла, і з гэтым гукам дзесьці ўзлятала рука дырыжора. Музыка была нячутнай вуху, аднак запаўняла сабой усю прастору і цалкам брала ў сваю ўладу. Мелодыі нябесных сфераў... Вызначэнне мне не надта даспадобы, але лепшага знайсці не ўдалося. У маім уяўленні для нас гучалі санаты: імклівыя алегра, задуменна-павольныя андантэ, імпэтныя кантрастныя скерца...
Наш танец немагчыма дакладна апісаць, бо кожны аддаваўся яму па-свойму, ды існавала і тое, што яднала: тут не было старэйшых і малодшых, галоўных і тых, хто мусіў слухацца. Усе - роўныя, і гэта давала непараўнанае пачуццё лёгкасці і свабоды.
Спачатку мы рухаліся маленькім колам у адзін бок, потым, не згаворваючыся, паварочвалі ў іншы. Кола то пашыралася, то, наадварот, сціскалася так, што мы судакраналіся плячыма і рукамі. Кожны такі дотык быў неверагодна прыемны, нагадваючы адчуванне, калі я, малы, кранаў ручкаю маму. Праз нейкі час надыходзіла імгненне, калі мяне і - упэўнены - усіх астатніх працінала пачуццё вусцішнай самоты. Тады мы без усякае каманды бралі адзін аднаго за рукі, і Котка зноў выходзіла ў сярэдзіну.
Раз і назаўсёды зацвержанага парадку ў коле не існавала, мы мяняліся месцамі, і таму я памятаю рукі ўсіх танцораў. Маленькая і цёплая рука Гімнасткі здзіўляла моцнымі кароткімі пальчыкамі, якія я мог асцярожна перабіраць, адчуваючы, як яны адгукаюцца лёгенькім паколваннем нябачных іголачак. Здаралася, мае ногі сустракаліся з ейнымі такімі ж маленькімі цёплымі ступакамі. Рукі Настаўніка таксама былі цёплыя і моцныя, аднак вялікія ды шурпатыя, а яшчэ - знаёмыя з дзённага жыцця, бо ён, спаткаўшы вучняў школе або нават у горадзе, шторазу вітаўся за руку. Залацістая мела рукі надзіва далікатныя і амаль няўлоўныя, з ядвабнымі падушачкамі на пальцах, вакол якіх віхурыўся ветрык. Кіяскёрка ўражвала шорсткімі рукамі з мазалямі, відаць, не толькі гандлявала газетамі і часопісамі, але, думалася мне, часам садзіла памідоры і кветкі. Ейныя выцягнутыя далоні з доўгімі пальцамі неслі камфортны халадок і любілі злёгку сціскаць чужую руку, прынамсі, маю, ад чаго па ўсім целе разлівалася гарачыня. Тое самае дзеялася, калі ногі сутыкаліся з сухімі лодачкамі яе ступакоў.
Потым мы абдымаліся за плечы, ствараючы зусім вузкае кола, у якім кожны чуў дыханне ўсіх іншых. Вузкія плечы Настаўніка сцвярджалі сябе дужасцю. Гімнастка, здавалася, заўсёды гатовая выслізнуць з-пад твае рукі, ды ніколі не рабіла гэтага. У Кіяскёркі плечы чымсьці нагадвалі ейныя рукі, а ў Залацістай здзіўлялі дзьмухаўцовай эфірнасцю. У такія хвіліны Котка вандравала з плячэй на плечы, часам асцярожна выпускаючы кіпцікі, што, як выглядае, замяняла для яе нашыя абдымкі.
Рукі ніколі не хацелася апускаць, але законы танца былі вышэйшымі. Набліжалася хвіля, у якую мы - без чыйго-небудзь знаку - не спыняючы руху, зноў браліся за рукі і заплюшчвалі вочы. Першы раз уявілася, што такое жаданне наведала адно мяне, ды, употай стрэліўшы позіркам па баках, я пераканаўся: павекі апушчаныя ва ўсіх.
Так мы рухаліся даволі доўга, і гэта была самая небяспечная частка танца, бо дах меў невялікую плошчу. Аднак, калі кола набліжалася да краю, Котка падавала нягучны сігнал, і ўсе на міг заміралі. Аднойчы Настаўніка аддзяляў ад бездані вузкі раўчук бляшанага вадасцёку. Іншым разам адна ножка Гімнасткі ўжо марна намацвала цвёрдую паверхню. Ніякага пярэпалаху не ўзнікала, і мы пачыналі танчыць, пакрысе аддаляючыся ад магчымасці палёту.