Пад канец ХIХ стагоддзя шматлiкiя наглядальнiкi заўважылi пастаяннае паўтарэнне гэтае мадэлi грамадства. Тады з'явiлiся школы мысляроў, якiя разглядалi гiсторыю як цыклiчны працэс i манiлiся давесцi, што няроўнасць нязменны закон чалавечага жыцця. Гэтае вучэнне, вядома ж, i раней заўсёды мела сваiх прыхiльнiкаў, але ў тым, як яно падавалася, адбылася iстотная змена. У мiнулым неабходнасць iерархiчнае формы грамадства баранiлася вучэннем, уласцiвым вышэйшаму класу. Вучэнне гэтае прапагандавалася каралямi i арыстакратамi, святарамi, законнiкамi i iншымi, што паразiтавалi на iх, i змякчалася яно абяцаннямi адплаты ва ўяўным свеце, па той бок магiлы. Сярэднiя, змагаючыся за ўладу, заўсёды ўжывалi словы накшталт "свабода", "справядлiвасць", "братэрства". Аднак на паняцце "братэрства людзей" пачалi нападаць людзi, якiя яшчэ не займалi кiраўнiчых пастоў, але неўзабаве спадзявалiся iх заняць. Раней Сярэднiя рабiлi рэвалюцыi пад сцягам роўнасцi, а пасля ўсталёўвалi новую тыранiю, як толькi старая была знiшчана. Новыя Сярэднiя абвяшчалi цяпер сваю тыранiю загадзя. Сацыялiзм - тэорыя, якая з'явiлася на пачатку ХIХ стагоддзя i ўяўляла сабою апошняе звяно ланцуга думкi, што брала пачатак у антычных паўстаннях рабоў, - быў яшчэ глыбока прасякнуты ўтапiчнымi iдэямi мiнулых стагоддзяў. Але ва ўсiх варыянтах сацыялiзму, якiя з'явiлiся прыблiзна пасля 1900 года, мэта ўсталявання свабоды i роўнасцi стала ўсё больш i больш адкрыта адкiдацца. Новыя рухi, што ўзнiклi ў сярэдзiне стагоддзя - Ангсоц у Акiянii, Неабальшавiзм у Эўразii, Культ смерцi, як яго звычайна называюць, ва Ўсходазii - свядома паставiлi сабе за мэту ўвечнiць несвабоду i няроўнасць. Гэтыя новыя рухi, вядома ж, бралi пачатак са старэйшых вучэнняў, iмкнулiся захаваць iх назвы i ўславiць на словах iх iдэалогiю. Але мэтаю ва ўсiх iх было стрымаць прагрэс i ў пэўны момант назаўсёды спынiць гiсторыю. Маятнiк мусiць зрабiць яшчэ адно ваганне i замерцi. Як звычайна, Вышэйшыя павiнны быць скiнутыя Сярэднiмi, якiя тады зрабiлiся б Вышэйшымi. Але гэтым разам, паводле свядомае стратэгii, новыя Вышэйшыя былi б здольныя вечна ўтрымлiваць свае пазiцыi.
Новыя вучэннi ўзнiклi дзякуючы назапашаным гiстарычным ведам, а таксама дзякуючы глыбейшаму разуменню гiсторыi, якога амаль не было да дзевятнаццатага стагоддзя. Цыклiчны рух гiсторыi цяпер быў заўважны, цi, прынамсi, так магло здавацца. Але калi ён быў заўважны, значыць, яго можна было змянiць. Аднак галоўная глыбокая прычыны ўзнiкнення гэтых вучэнняў палягала ў тым, што з пачатку дваццатага стагоддзя роўнасць людзей зрабiлася тэхнiчна дасягальнай. Праўда, людзi ўсё яшчэ былi няроўныя паводле прыродных здольнасцяў, i для размеркавання функцый мiж людзьмi ўсё яшчэ павiнен быў iснаваць выбар, якi аддаваў бы перавагу адным за кошт другiх. Але не iснавала ўжо нiякай рэальнай неабходнасцi для размежавання паводле класаў або рознiцы маёмаснага стану. Ранейшымi часамi класавыя адрозненнi былi не толькi непазбежныя, але i пажаданыя. Няроўнасць была платаю за цывiлiзацыю. Становiшча, аднак, змянiлася з развiццём машыннае вытворчасцi. Нават калi яшчэ i заставалася неабходнасць таго, каб людзi выконвалi розную працу, дык было ўжо зусiм неабвязкова, каб яны жылi на розным сацыяльным або эканамiчным узроўнi. Вось чаму з пункту погляду новых груп, якiя рыхтавалiся да захопу ўлады, чалавечая роўнасць была ўжо не iдэалам, да якога трэба iмкнуцца, а небяспекаю, якой трэба было пазбегнуць. Раней, калi справядлiвае i мiрнае грамадства было сапраўды немагчымае, было вельмi лёгка ў яго верыць. Iдэя аб зямным раi, дзе людзi будуць разам у братняй згодзе, без законаў i без знясiльнае працы, тысячагоддзямi вабiла чалавечую фантазiю. Гэтае ўяўленне зрабiла пэўны ўплыў нават на тыя групы людзей, якiя мелi рэальную карысць ад кожнай гiстарычнай перамены. Спадкаемцы французскай, ангельскай i амерыканскай рэвалюцый часткова i самi верылi сваiм словам аб правах чалавека, свабодзе слова, роўнасцi перад законам, словы гэтыя ўплывалi ў пэўнай ступенi нават на iх паводзiны. Але ўжо ў чацвёртым дзесяцiгоддзi ХХ стагоддзя ўсе асноўныя плынi палiтычнае думкi былi аўтарытарныя. Рай зямны быў развянчаны якраз тады, як ён стаўся дасягальным. Любая новая палiтычная тэорыя, як бы яна нi называлася, вяртала назад да iерархiзаванага i строга рэгламентаванага грамадства. А ў 30-я гады, з агульным пагаршэннем палiтычнае атмасферы, метады, ад якiх даўно ўжо, часам сотнi гадоў назад, адмовiлiся - зняволенне без суду, выкарыстанне ваеннапалонных у якасцi рабоў, публiчныя пакараннi, катаваннi дзеля здабычы паказанняў, узяцце заложнiкаў i дэпартацыя цэлых народаў, - не толькi зноў сталiся звычайнымi, але не выклiкалi пратэсту i нават баранiлiся людзьмi, што лiчылi сябе адукаванымi i прагрэсiўнымi.
Толькi пасля дзесяцi гадоў сусветных i грамадзянскiх войнаў, рэвалюцый i контррэвалюцый ва ўсiх частках свету Ангсоц i яго канкурэнты склалiся ў дакладна акрэсленыя палiтычныя тэорыi. Але iм папярэднiчалi розныя сiстэмы, звычайна званыя таталiтарнымi, якiя з'явiлiся раней у гэтым стагоддзi, i галоўныя абрысы свету, якi павiнен быў нарадзiцца з пануючага бязладдзя, былi ўжо даўно вiдавочныя. Што за тып чалавека мусiў уладарыць у гэтым свеце таксама было вiдавочна. Новая арыстакратыя складалася пераважна з бюракратаў, навукоўцаў, тэхнiкаў, прафсаюзных дзеячаў, прапагандыстаў, сацыёлагаў, выкладчыкаў, журналiстаў i прафесiйных палiтыкаў. Гэтыя людзi, якiя паходзiлi з аплочваных прадстаўнiкоў сярэдняга класа i вышэйшых пластоў рабочых, былi сфармаваныя i аб'яднаныя бясплодным светам манапалiзаванай прамысловасцi i цэнтралiзаванага кiраўнiцтва. У параўнаннi з адпаведнымi сiламi мiнулых часоў яны былi менш хцiвыя, менш прывабленыя раскошаю, затое болей прагныя чыстай улады i, што характэрна, больш свядомыя ў сваiх дзеяннях i больш рашучыя ў знiшчэннi апазiцыi. Гэтае апошняе адрозненне было самае iстотнае. У параўнаннi з сённяшнiмi, усе тыранii мiнуўшчыны былi млявыя i недзеяздольныя. Кiраўнiчыя колы заўсёды былi ў пэўнай ступенi заражаныя лiберальнымi iдэямi, былi радыя паўсюль папускаць лейцы, паважна ўспрымалi толькi вiдавочныя факты i не цiкавiлiся, пра што думаюць iх падуладныя. Нават сярэднявечная каталiцкая царква здавалася талерантнаю ў параўнаннi з сучаснымi стандартамi. Прычына часткова палягае ў тым, што ў мiнулым нiводзiн урад не мог трымаць сваiх грамадзянаў пад сталым наглядам. Аднак ужо вынаходка кнiгадрукавання дазволiла лягчэй манiпуляваць грамадскай думкай. Кiно i радыё дапамаглi тут яшчэ болей. З развiццём тэлевiзii i з тэхнiчным прагрэсам, якi дазволiў стварыць апарат, што працуе i на перадачу i на прыём, прыватнаму жыццю людзей настаў канец. Кожнага грамадзянiна цi, прынамсi, кожнага вартага таго, каб за iм сачылi, можна было трымаць дваццаць чатыры гадзiны ў суткi пад вачамi палiцыi, у трэскаце афiцыйнае прапаганды, тым часам як усе iншыя каналы камунiкацыi перакрытыя. Упершыню ўзнiкла магчымасць навязаць падуладным не толькi поўную паслухмянасць дзяржаўнай волi, але i поўную аднастайнасць думак.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});