Рейтинговые книги
Читем онлайн 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81

Навамоўе грунтавалася на ангельскай мове, якую мы ведаем цяпер, хоць шмат якiя навамоўныя выказваннi, нават калi ў iх i няма новаствораных слоў, наўрад цi былi б зразумелыя ў наш час. Словы ў навамоўi дзялiлiся на тры асобныя класы, вядомыя пад назвамi слоўнiк А, слоўнiк В (або складаныя словы) i слоўнiк С. Будзе прасцей абмеркаваць кожны клас асобна, а граматычныя асаблiвасцi мовы можна будзе разгледзець у частцы, прысвечанай слоўнiку А, бо тыя самыя правiлы стасуюцца да ўсiх трох класаў.

Слоўнiк А. У слоўнiк А ўваходзяць словы, неабходныя ў штодзённым жыццi, напрыклад, пры ядзеннi, пiццi, працы, адзяваннi, паднiманнi i апусканнi па сходах, езджаннi транспартам, гатаваннi i гэтак далей. Ён амаль цалкам складаецца са слоў, якiя мы ўжо маем, такiх як: бiць, бегчы, сабака, дрэва, цукар, дом, поле - але ў параўнаннi з сённяшнiм слоўнiкам колькасць iх абмежавана, а сэнс сцiсла акрэслены. Яны былi ачышчаны ад усiх двухсэнсоўнасцяў i няяснасцяў. Наколькi гэта было магчыма, навамоўнае слова гэтага класу ўяўляла сабою просты гук стаката, якi азначаў адзiнае вузкаакрэсленае паняцце. Было цалкам немагчыма ўжываць слоўнiк А для лiтаратурных мэтаў або ў палiтычнай цi фiласофскай дыскусii. Ён прызначаўся для выказвання простых i мэтазгодных думак, што датычылiся звычайна канкрэтных рэчаў або фiзiчных дзеянняў.

Граматыка навамоўя мела дзве выдатныя асаблiвасцi. Першай была амаль поўная ўзаемазамяняльнасць памiж рознымi часцiнамi мовы. Любое слова ў мове (гэта датычылася нават найбольш абстрактных слоў, як, напрыклад, калi або як) магло быць ужытае як дзеяслоў, як назоўнiк, як прыметнiк i як прыслоўе. Не было нiякае рознiцы памiж формамi дзеяслова i назоўнiка, калi яны паходзiлi ад аднаго кораня, i ўжо адно гэта прыводзiла да знiшчэння шматлiкiх архаiчных формаў. Слова думка, напрыклад, у навамоўi не iснавала. Яно было заменена на дум, якое магло быць i дзеясловам i назоўнiкам. Пры ўтварэннi такiх слоў не вытрымлiваўся пэўны этымалагiчны прынцып: часам у якасцi адзiнай бралася форма дзеяслова, а часам - назоўнiка. Нават калi блiзкiя сэнсам дзеяслоў i назоўнiк паходзiлi ад розных каранёў, адзiн з iх часта касаваўся. Напрыклад, не iснавала слова рэзаць, яго сэнс з дастатковай поўнасцю выказваўся назоўнiкам, дзеясловам нож. Прыметнiкi ўтваралiся дадаваннем да назоўнiка-дзеяслова суфiкса -ны, а прыслоўi - суфiкса -на. Так, напрыклад, прыметнiк ад слова праўд быў праўдны, а прыслоўе - праўдна. Былi захаваныя некаторыя цяперашнiя прыметнiкi, напрыклад, добры, дужы, вялiкi, чорны, мяккi, але iх было вельмi мала. Яны былi малаўжываныя, бо практычна любы прыметнiк можна было ўтварыць, дадаўшы -ны да назоўнiка-дзеяслова. Не захавалася нiводнага цяперашняга прыслоўя, акрамя невялiкае колькасцi тых, што ўжо канчалiся на -на. Канчатак -на быў абавязковы. Слова шмат было, напрыклад, заменена на вялiкна.

Да таго ж, кожнае слова - гэта датычылася ў прынцыпе любога слова ў мове магло прыняць адмоўную форму праз дадаванне прыстаўкi не-. Сэнс слова ўзмацняўся прыстаўкай плюс-, а найбольш - прыстаўкай звышплюс-. Так, напрыклад, нехалодны значыла "цёплы", а плюсхалодны i звышплюсхалодны значыла адпаведна "вельмi халодны" i "надзвычай халодны". Як i ў цяперашняй мове, змест амаль кожнага слова можна было змянiць, дадаўшы да яго прыстаўкi-прыназоўнiкi, гэткiя як перад-, па-, над-, пад- i гэтак далей. Дзякуючы ўсяму гэтаму ўдалося нязмерна скарацiць слоўнiк. Скажам, калi ёсць слова добры, няма патрэбы ў слове дрэнны, бо неабходны сэнс гэтак жа добра, цi нават яшчэ i лепш, выказваецца словам нядобры. У выпадку, калi два словы ўтваралi антанiмiчную пару, трэба было проста вырашыць, якое з гэтых слоў скасаваць. Цёмны, напрыклад, можна было замянiць на нясветлы, або светлы на няцёмны, як каму падабаецца.

Другой адметнаю рысай навамоўнае граматыкi была яе рэгулярнасць. Усе граматычныя формы, за нешматлiкiмi выключэннямi, падпарадкоўвалiся аднолькавым правiлам.

Тымi класамi слоў, якiм дазвалялася змяняцца насуперак агульным правiлам, былi займеннiкi i дапаможныя дзеясловы. Усе яны захавалi свае ранейшыя формы, апроч займеннiка каму, якi быў скасаваны дзеля непатрэбнасцi. Знiклi таксама мадальныя дзеясловы магу, можаш, хачу, хочаш, iх сэнс быў цалкам ахоплены дзеясловам мушу, мусiш. Былi таксама пэўныя адхiленнi ў словаўтварэннi, выклiканыя патрэбамi паскарэння i спрашчэння маўлення. Слова, якое цяжка вымавiць або можна зблытаць з iншым словам, аўтаматычна лiчылася дрэнным словам. Тады часам дзеля мiлагучнасцi ўстаўлялiся дадатковыя гукi або захоўвалася архаiчная форма. Асаблiва выразна гэта адчуваецца ў слоўнiку В. Чаму зручнасцi вымаўлення надавалася такая вялiкая ўвага, станецца зразумела далей.

Слоўнiк В. Слоўнiк В складаўся са слоў, штучна створаных дзеля пэўных палiтычных мэтаў: гэта значыць слоў, якiя не толькi ў кожным выпадку мелi палiтычны сэнс, але i настройвалi на пажаданы манер думкi тых, хто iх ужываў. Без поўнага разумення прынцыпаў Ангсоцу было цяжка ўжываць гэтыя словы правiльна. У некаторых выпадках яны маглi быць перакладзеныя на старамоўе i нават на словы са слоўнiка А, але звычайна гэта патрабавала доўгiх апiсальных зваротаў i заўсёды гублялiся пэўныя адценнi. Словы са слоўнiка В былi своеасаблiвай стэнаграфiяй, калi цэлы шэраг паняццяў змяшчаўся ў некалькiх складах, i разам з тым яны былi больш дакладныя i пераканальныя, чым у звычайнай мове.

Словы са слоўнiка В былi ва ўсiх выпадках складанымi словамi*. Яны будавалiся з двух цi болей слоў або кавалкаў слоў, злучаных разам у лёгкую для вымаўлення форму. У вынiку атрымлiваўся заўсёды назоўнiк-дзеяслоў, якi падлягаў агульным правiлам словазмянення. Прывядзём адзiн прыклад: слова дабрадум, якое вельмi прыблiзна можна перакласцi як "добранадзейнасць", або, калi разглядаць яго як дзеяслоў, "думаць добранадзейна". Яно змянялася гэтак: назоўнiк-дзеяслоў дабрадум; мiнулы час добрадумаў; цяперашнi час добрадумае; прыметнiк дабрадумны; прыслоўе дабрадумна; аддзеяслоўны назоўнiк дабрадумнiк.

* Складаныя словы, як, напрыклад, мовапiс, сустракалiся, вядома ж, i ў слоўнiку А, але гэта былi ўсяго толькi зручныя скароты, якiя не мелi адмысловай iдэалагiчнай афарбоўкi.

Словы ў слоўнiку В будавалiся без нiякiх этымалагiчных прынцыпаў. Словы, з якiх яны складалiся, маглi належаць да любой часцiны мовы, маглi быць размешчаны ў любым парадку i маглi быць зменены любым манерам, каб толькi iх было лёгка вымаўляць i можна было распазнаць зыходныя формы. У слове злачындум (думзлачынства), напрыклад, дум стаяла на другiм месцы, а ў слове думпол (Палiцыя Думак) - на першым, да таго ж у другiм спалучэннi слова палiцыя страцiла сваю другую частку. У слоўнiку В захаваць мiлагучнасць было цяжэй, i таму адхiленнi ад агульных правiлаў сустракалiся тут часцей, чым у слоўнiку А.

Некаторыя словы са слоўнiка В мелi вельмi тонкiя адценнi значэнняў, амаль няўлоўныя для тых, хто не меў цэласнага ўяўлення пра навамоўе. Разгледзiм, напрыклад, такi тыповы сказ з перадавога артыкула "Таймз" Старадумы ненутромчуюць Ангсоц. На старамоўi найкарацейшым чынам гэта можна было б перадаць так: "Тыя людзi, чый светапогляд сфармаваўся да Рэвалюцыi, не могуць дасягнуць поўнага пачуццёвага разумення прынцыпаў Ангельскага Сацыялiзму". Але гэты пераклад недакладны. Па-першае, каб цалкам ахапiць сэнс працытаванага вышэй навамоўнага сказа, неабходна было мець выразнае ўяўленне пра тое, што значыць Ангсоц. Да таго ж толькi той, хто старанна засвоiў прынцыпы Ангсоцу, мог ацанiць усю вобразную моц слова нутромчуць, якое азначала сляпую, безаглядную згоду з чым-небудзь, амаль неўяўляльную сёння; або слова старадум, неадрыўна звязанага з паняццямi злачыннай заганы i ўпаднiцтва. Але адмысловым прызначэннем некаторых навамоўных слоў, у тым лiку i слова старадум, было не так выказваць значэннi, як разбураць iх. Гэтыя словы, дарэчы, нешматлiкiя, пашырылi свае значэннi да гэткай ступенi, што ўвабралi ў сябе цэлыя плоймы слоў, якiя цяпер можна было скасаваць i забыць, бо для выказання iх сэнсу дастаткова аднаго добра зразумелага слова. Найвялiкшай цяжкасцю, якая паўставала перад складальнiкамi Слоўнiка Навамоўя, было не прыдумляць новыя словы, а, прыдумаўшы iх, вызначыць, што яны значылi, а прасцей кажучы, вызначыць, якiя шэрагi слоў можна выкiнуць з мовы.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл бесплатно.
Похожие на 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл книги

Оставить комментарий