- Пайшлi ж, Чарнавух, на паляванне, - сказаў Клiм.
Бiм заскакаў перад iм: "На паляванне, на паляванне!"
Клiм узяў яго за скураны павадок. Алёша папярэдзiў:
- Дзядзька Клiм, калi Чарнавух спынiцца, выцягнецца, замрэ, то тут i курапаткi. Яму так трэба крыкнуць: "Пужай!" Бо не рушыць з месца.
- Няўжо праўда?
- Ну дык! Ведаю ж, - спаважна адказаў Алёша. - Мне вось урокi вучыць, а то б сам паказаў.
- Мы таксама што-нiшто кемiм. Не першына, - запэўнiў Клiм.
Такiм чынам, пасля вялiкага перапынку i многiх хваляванняў Бiм пайшоў на паляванне. Спачатку iм нiчога не траплялася, акрамя смярдзючага тхара.
- Грабi, - загадаў Клiм.
Бiм гэтага не разумеў, адышоўся, сеў збоку недаўменна.
Пад паўдня моцна пацяплела. Сонечна, тоненькi снег раскiс, пад лапамi ўжо хлюпала гразь, ачосы на Бiмавых нагах выквацалiся, ён стаў падсмалены i непрыгожы, як i кожны мокры лягаш. Але Бiм шукаў па ўсiх правiлах - чаўнаком перад Клiмам, упоперак i з праверачным заходам. На ўзлеску кусцiстага калка Бiм стаў на курапатак. Клiм крыкнуў:
- Пужай!
Бiм нават сцепануўся ад басавiтага рыку i падняў курапатак рыўком, без падводкi (ай, якая памылка!), але стрэлу не пачулася. Бiм азiрнуўся. Паляўнiчы ўпiхаў патрон у аднастволку, - а той - нiяк. Потым пачаў яго выцягваць, таксама - нiяк. Бiм сеў, не сыходзячы з месца, адкуль узляцелi курапаткi, i, не падыходзячы, аднак, да паляўнiчага, сачыў за iм. А Клiм пачаў лаяцца так, як лаюцца вечарам на тратуары п'яныя: хiстаюцца i лаюцца адзiн на аднаго або проста на цёмную ноч. Гэты не хiстаўся, але таксама лаяўся.
Хоць Клiм у рэшце рэшт дастаў патрон, уставiў другi i зачынiў стрэльбу, але быў злосны i нечым нагадваў Шэрага.
- Ну, шукай! - загадаў ён Бiму. - Чарнавух, шукай!
Адвярнуўшыся i выходзячы насупраць ветру на чаўнок, Бiм зрабiў выгляд: "Ну што ж, буду шукаць".
Але нешта апатычнае з'явiлася ў яго кульгавай прабежцы, не той спрыт, як да таго, пакуль узляцелi курапаткi. Клiм зразумеў гэта так, што сабака саслабеў, бо не мог зразумець таго, што гэта абазначала, што Бiм засумняваўся ў чалавеку: вось так, скоса азiраецца на яго, не спыняецца, але i не падыходзiць, трымаецца далекавата. Ён быццам i не шукаў, а цiкаваў за паляўнiчым, але гэта толькi здавалася. Азарт неадольны, азарт вечны, пакуль iснуюць паляўнiчыя сабакi, узяў верх. Па сутнасцi, Бiм iшоў за стрэльбаю, а зусiм не за Клiмам.
Нечакана ён улавiў пах заячае лапы. На гэтых звяркоў Iван Iванавiч не паляваў з Бiмам, хоць разы два-тры Бiм i рабiў на iх стойку. Яны ж, гэтыя зайцы, не вытрымлiваюць стойкi нiяк: толькi прыпынiся, а ён драла. Ганяцца за iмi - нельга - гаспадар не дазваляў. Летам, праўда, яны яшчэ крыху ляжаць i пад стойкаю, але Iван Iванавiч заўсёды клiкаў Бiма; а адно зайчанё, з кулачок, нават адабраў з-пад лапы i выпусцiў на волю. Так што заяц не птушка. Аднак Бiм павярнуў нос на струмень паветра, якi плыў ад зайца, пайшоў дакладна i стаў на стойку - мокры, чуць скасабочаны - на скалечаную лапу. Не, ужо не тая стойка ў калекi. Не тая мастацкая артыстычная пастава.
- Пужа-а-ай! - зароў Клiм.
Скажам, у мяккае надвор'е ды яшчэ па раскiслай гразi, заяц ляжыць моцна, а Бiм пакуль што яшчэ не скрануўся з месца, быццам хацеў сказаць: няправiльна крычыш жа.
- Пужай, чорт кульгавы! - раўнуў Клiм.
Падняў зайца Бiм i прылёг, як i трэба перад стрэлам.
Клiм бабахнуў, як з пушкi. Заяц бег усё павальней i павальней. Потым сеў, а потым схаваўся ў разору i знiк з вачэй.
Клiм крычаў дзiкiм голасам:
- Кусi, кусi яго! Ала-ала-ла-ла! Кусi! - i бег туды, дзе схаваўся заяц.
Бiм хоць i заскакаў побач з Клiмам, ведаў дакладна, што ўсё гэта робiцца не па правiлах: паляўнiчы не павiнен бегчы, як сабака, Бiм i сам знойдзе, калi трэба, - нават i зайца, калi загадаў бы Iван Iванавiч.
Клiм спынiўся, засопшыся, i не сваiм голасам крычаў:
- Шукай, балда! Калека чортаў!
Рушыў Бiм неяк пакрыўджана. I так заячы пах быў мала цiкавы яму i дагэтуль, а тут - тупацiць ззаду нагамi Балда. Але ўсё ж па следзе, па следзе - Бiм давёў i спынiўся, зрабiў стойку, чакаў пакуль пачуе апрацiвелае "Пужай!" i нарыхтаваўся падымаць зайца. Але той ледзьве выпаўз з разоры i закульгаў, быццам хворы. Клiм стрэлiў, а заяц бег. Яшчэ раз стрэлiў, а заяц пакрысе кумiльгаўся, прыпыняючыся. Бiм ляжаў, як i павiнна быць, хоць i на гразi, чакаў загаду.
А Клiм рыкаў:
- Кусi, гад! Кусi яго, балда! - I паказваў на зайца.
Бiм зноў знайшоў падранка, якi прытаiўся, i зноў зрабiў стойку. Трэцюю! I зноў Балда прамазаў. I зноў заяц пабег.
Клiм ад злосцi так i не змог зразумець, што Чарнавух не навучаны душыць падранкаў, што гэта не адпавядае вартасцi iнтэлiгентнага сетэра, што сетэр не можа трываць такiх паляўнiчых, як Клiм. Калi апошнi раз заяц прапаў з вачэй (ён пайшоў крыху жывей - вiдаць, рана была адкрытая), Клiм зноў азвярэў: ён падышоў да Бiма i, часта паўтараючы слова "маць", злосна, з нянавiсцю кляў яго.
Бiм адвярнуўся седзячы, сабраўся iсцi прэч ад стрэльбы. I тут Клiм з размаху ўдарыў колькi ставала сiлы наском вялiзнага бота ў грудзi знiзу...
Бiм ахнуў. Як чалавек ахнуў.
"А-а-х! - ускрыкнуў працягла Бiм i ўпаў. - Ой, ой... - гаварыў Бiм па-чалавечы. - Ой... За што?!" - I глядзеў вачыма пакутнiка на чалавека, нiчога не разумеючы i жахаючыся.
Потым ён ледзьве падняўся на чатыры лапы, пахiстаўся крышку i ўпаў зноў, варушачы лапамi.
- Што ж я нарабiў! - схапiўся за галаву Клiм. - Цяпер давядзецца дваццацьпятку аддаваць. Прапалi грошы! - I затрухаўся скоранька-скоранька, быццам уцякаў ад Бiмавага позiрку.
Таго дня Клiм не паказаўся ў вёсцы, недзе працягаўся да ночы. Апоўначы, крадучыся, запоўз у сваю хату, што на краi вёскi.
А як жа Бiм? Дзе ён?
Ён застаўся адзiн на сырой i халоднай зямлi, адзiн-адзiнокi на ўсiм белым свеце. Усярэдзiне нешта абарвалася пасля ўдару, i гэтае "нешта" стала цёплае, яно забiла дыханне, сцiснула грудзi, таму ён i страцiў прытомнасць. Але вось ён кашлянуў, яго вырвала, уздыхнуў - дыхаць балюча. Яшчэ раз схапiў паветра адкрытым ротам i адкашляўся. I ледзьве падняў галаву: поле гойдалася, быццам Бiм плыў на хвалях у паводку. Ён паднатужыўся i сеў: поле гойдалася, сонца гойдалася, быццам падвешанае на вяроўцы.
Сёння ад Бiма хацелi больш, чым ён можа; ад яго патрабавалi: ты павiнны, абавязаны зрабiць тое, чаго не можаш зрабiць, калi хочаш, каб было чыстае тваё сабачае сумленне i iмя. За тое, што не выканаў, жорстка збiлi. Ён, Бiм, не можа душыць падранка, не можа.
"За што-о-о... За што-о-о... - скуголiў цiхенька Бiм. - Дзе ты, мой добры сябар... Дзе-е? Дзе?.." - усё цiшэй i цiшэй жалiўся Бiм i зацiх нарэшце.
Збоку здалося б, што ляжыць у чыстым гразкiм полi мёртвы сабака, але гэта было не так.
Вось ён падняў азадак, абмацаваўся на нагах - не ўпаў. Ступiў раз - не ўпаў. Пастаяў. Ступiў другi раз. I пагробся па вораным полi, цягнучы лапы, закрэслiваючы свой след.
...О вялiкая сабачая мужнасць i цярпенне! Якая сiла зрабiла вас такiмi магутнымi i незнiшчальнымi, што нават у перадсмяротную часiну вы несяце цела ўперад? Хоць памаленьку, але наперад. Наперад, туды, дзе, магчыма, будзе давер i спагада да няшчаснага, адзiнокага, забытага ўсiмi сабакi з чыстаю душою.
I Бiм iшоў. Ледзьве iшоў, але iшоў усё-такi. На губах запенiлася кроў, а ён усё-такi iшоў. Кашляў крывёю, але iшоў. Лажыўся знясiлена на халодную зямлю, уставаў i зноў iшоў наперад.
Ля ручая прагна напiўся вады - стала крышку лягчэй. Нешта падказвала яму нельга адыходзiць ад вады. Ён i сапраўды дабраўся да блiжняе сцiрты, цераз сiлу працiснуўся пад навiслую аж да зямлi салому i зацiх. Так сабакi адлежваюцца ў час хваробы, хаваючыся ад людскога вока i звяроў; гэтаму навучыла iх сама прырода. Хвала яе законнаму парадку i разумнай мэтазгоднасцi!
Колькi Бiм пралежаў без памяцi, ён не ведаў, але, ачнуўшыся, адчуў, як востра балiць у грудзях; галава пайшла кругам, i ён адчуў усiм нутром, што зараз нешта здарыцца з iм, выпаўз з саломы. Паляжаў на паветры, адчуў, што шэрсць стала сухая. Сеў. Асенняя трава цяпер не гойдалася, сцiрта - таксама, сонца - таксама, i яно цёплае, нават чуць грэе. Бiм даплёўся да ручая i зноў пiў, пiў, пiў. Адпачыў крыху i зноў пiў патрошку. Ён заўважыў непадалёку ад ручая стэпавую асаку, дробненькую i яшчэ зялёную, падобную да пырнiку (мароз не скора яе бярэ). Бiм пачаў есцi асаку. Што яму падказала на гэту непрыкметную траву, людзi так нiколi i не даведаюцца, але ён-то ведаў: трэба абавязкова есцi яе. I еў. Потым трапiўся i рамонак, прысохлы, познi, а на iм прыцiснутыя восенню напаўсухiя кветкi. Ён еў i рамонак. Яшчэ раз вярнуўся да ручая, напiўся i пайшоў да вёскi. Iшоў уперад i ўперад.
I такi дабраўся, калi змерклася ўжо. Не, Бiм не пайшоў у вёску. Як жа! Туды пабег Клiм... Не, за iм ён не пойдзе. Клiм можа зноў узяць за аброжак i тады... Не, не быць таму.
Бiм умасцiўся на астатках ад капы, вылежаўся крыху. Пачуў побач сцябло дзядоўнiка, паспрабаваў яго - сухое, адгрыз паўз зямлю i пачаў шчыпаць корань, угрызаючыся глыбей. Гэта ён таксама ведаў, што дзядоўнiк трэба есцi абавязкова.
Вялiкiя i шматбаковыя веды сабакi пра лекi. Пусцiце сабаку, калi ён толькi пачынае шалець, у лес: праз два-тры тыднi ён вернецца схудалы i знясiлены ўшчэнт, але здаровы. Стаў балець у сабакi страўнiк - вядзiце яго ў лес або ў стэп i пажывiце з iм два-тры днi: ён вылечыцца сам травою. Менавiта ў сабакi i трэба вучыцца, як яго лячыць. Прырода замацавала так багатыя "веды" ў сабакi, што дзiву гэтаму чалавек нiколi не перастане дзiвiцца.