Рейтинговые книги
Читем онлайн Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - Гавриил Троепольский

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 37

...А крыкi наблiзiлiся ўжо ўшчыльную. Яшчэ раз стрэлiлi. I яшчэ здуплявалi. Мабыць, яшчэ нейкi вопытны воўк iшоў уздоўж ланцуга i, магчыма, вырваўся з яго ў самы апошнi момант, калi людзi перасталi пiльнавацца i пачалi падыходзiць адзiн да аднаго. Нарэшце паказаўся ад падлеску Галоўны, падышоў да Iвана Iванавiча i сказаў, гледзячы на Бiма:

- Глядзi ты! На сабаку не падобны: звер зверам. А два выскачылi-такi, уцяклi. Адзiн паранены.

Iван Iванавiч лашчыў Бiма, угаворваў, але той хоць i паклаў шэрсць на спiне, аднак усё круцiўся на адным месцы, часта-часта дыхаў, высунуўшы язык, i адварочваўся ад людзей. Калi ж абодва паляўнiчыя пакiравалi да забiтага воўка, Бiм не пайшоў следам, а, наадварот, насуперак усiм правiлам, цягнучы за сабою павадок, адышоў метраў за трыццаць убок, лёг, паклаў галаву на жоўтае лiсце i ўсё лiхаманкава калацiўся. Вярнуўшыся да яго, Iван Iванавiч заўважыў, што вочы Бiма набеглi крывёю, крывава-чырвоныя. Звер!

- А, Бiмка, Бiмка. Цяжка табе? Вядома, цяжка. Трэба так, хлопчык. Трэба.

- Памятай, Iван Iванавiч, - сказаў Галоўны, - лягавага сабаку можна i загубiць воўкам - будзе баяцца лесу. Сабака - раб, воўк - звер вольны.

- Так-то яно так, але Бiму чатыры гады - дарослы сабака, лесам не напужаеш. Затое ў лесе, дзе ваўкi, ён ужо не адыдзе ад цябе: наткнецца на след i скажа: "Ваўкi!"

- I то праўда: ваўкi ж легашоў грызуць, як куранят. А гэтага цяпер наўрад цi ўбяруць: не адыдзе ад нагi, калi пачуе.

- Вось бачыш! Толькi да года не трэба палохаць воўкам. А так - нiчога не зробiш! - хай трывае.

Iван Iванавiч павёў Бiма, а Галоўны застаўся ля воўка, чакаць загоншчыкаў.

Калi сабралiся ля леснiчоўкi ўсе паляўнiчыя, выпiлi па чарцы i загаманiлi, вясёлыя, усхваляваныя, Бiм чужы i адзiнокi, ляжаў пад плотам, скруцiўшыся ў абаранак, суровы, чырванавокi, уражаны i пераможаны ваўчыным духам. Ах, калi б ведаў ён, што лёс яшчэ раз закiне яго ў гэты ж самы лес!

Да яго падышоў ляснiк, гаспадар леснiчоўкi, прысеў на кукiшкi, пагладзiў па спiне:

- Добры сабака, добры. Разумны сабака. За ўсю аблаву нi цяўкнуў,нi завыў.

Тут усе любiлi сабак.

Але калi паляўнiчыя паселi ў машыну i Iван Iванавiч падсадзiў туды Бiма, той, як кошка, скочыў назад: ён не хацеў быць разам з трыма мёртвымi ваўкамi.

- Ого! - сказаў Галоўны. - Гэты цяпер не прападзе.

Незнаёмы тоўсты паляўнiчы незадаволена вылез з кабiны i цяжка палез у кузаў, а Iван Iванавiч з Бiмам селi ў кабiну.

Пасля паляваннi на слонку былi не так i часта, але Бiм рабiў работу цудоўна, як раней. Аднак варта было толькi ўчуць воўчы след - ён канчаў паляванне: тулiўся да нагi гаспадара - i нi кроку. Так ён ясна гаварыў слова "воўк". I гэта было добра. А пасля аблавы ён яшчэ мацней стаў любiць Iвана Iванавiча i верыць ягонай сiле. Верыў Бiм у чалавечую дабрату. Вялiкае шчасце - верыць. I любiць. Сабака без такое веры - ужо не сабака, а вольны воўк, або (яшчэ горш) брадзячы сабака. З гэтых дзвюх магчымасцей выбiрае кожны сабака, калi ён перастае верыць гаспадару i iдзе ад яго, або калi выгналi. Але гора таму сабаку, якi страцiць любiмага сябра-чалавека, будзе шукаць яго, чакаць. Тады не быць яму нi вольным воўкам, нi брадзячым сабакам, а заставацца ўсё тым жа самым верным i адданым страчанаму сябру, але адзiнокiм да канца сваiх дзён.

Не буду я, дарагi чытач, расказваць нiводнае з усiх многiх праўдзiвых гiсторый пра такую адданасць за ўсе гады i да канца сабачага жыцця. Я раскажу толькi пра аднаго Бiма з чорным вухам.

Раздзел 6

РАЗВIТАННЕ З СЯБРАМ

Неяк пасля палявання Iван Iванавiч прыйшоў дадому i лёг на ложак, не вячэраючы i не выключыўшы святла. Гэтага дня Бiм добра нарабiўся, таму заснуў скора i нiчога не чуў. Але наступнымi днямi Бiм пачаў заўважаць, што гаспадар усё часцей i часцей кладзецца ўдзень, сумуе нечага i часам нечакана вохкае ад болю. Больш чым тыдзень Бiм гуляў адзiн, пакрысе - толькi па патрэбе. Потым Iван Iванавiч злёг, ён ледзь даходзiў да дзвярэй, каб выпусцiць або ўпусцiць Бiма. Аднойчы ён прастагнаў на ложку нязвыкла цяжка i балюча. Бiм падышоў, сеў ля ложка, уважлiва паглядзеў на твар сябра, затым паклаў галаву на выцягнутую руку. Ён убачыў, якi стаў у гаспадара твар: бледны-бледны, пад вачыма цёмныя плямы, завастрылася непаголеная барада. Iван Iванавiч павярнуў галаву да Бiма i цiха, аслабелым голасам сказаў:

- Ну? Што ж будзем рабiць, хлопчык?.. Дрэнна мне, Бiм, дрэнна. Асколак... дапоўз да самага сэрца. Цяжка, Бiм.

Голас у яго быў такi нязвыклы, што Бiм захваляваўся. Ён затупаў па пакоi, час ад часу драпаючы ў дзверы, быццам клiкаў: "Уставай, што там, пойдзем, пойдзем". А Iван Iванавiч баяўся паварушыцца. Бiм зноў сеў ля яго i цiхенька заскуголiў.

- Што ж, Бiмка, давай паспрабуем, - амаль нячутна сказаў Iван Iванавiч i асцярожна прыўстаў з пасцелi.

Ён крыху пасядзеў на ложку, потым стаў на ногi, трымаючыся адною рукою за сцяну, другою прытрымлiваючы на грудзях ля сэрца, цiха пераступаў да дзвярэй. Бiм iшоў побач, не спускаючы вачэй з сябра, i нi разу, нi разу не вiльнуў хвастом. Быццам хацеў сказаць: "Ну вось i добра. Пайшлi, памаленьку, пайшлi".

На лесвiчнай пляцоўцы Iван Iванавiч пазванiў у суседнiя дзверы, а калi паказалася дзяўчынка Люся, ён нешта сказаў ёй. Тая пабегла ў кватэру i вярнулася з бабулькаю, Сцяпанаўнай. Як толькi Iван Iванавiч сказаў ёй тое ж самае слова "асколак", яна замiтусiлася, узяла яго пад руку i павяла назад:

- Вам ляжаць трэба, Iван Iванавiч. Ляжаць. Вось гэтак, - наказвала яна, калi той зноў лёг на спiну: - Ляжаць. Толькi ляжаць. - Яна ўзяла са стала ключы i скоранька пайшла, амаль пабегла, затупацеўшы па-старэчаму.

Вядома, Бiм зразумеў слова "ляжаць", якое паўтаралася тройчы, быццам яно было да яго. Ён лёг ля ложка, не спускаючы вачэй з дзвярэй: цяжкае становiшча гаспадара, трывога Сцяпанаўны i тое, што яна забрала са стала ключы, усё гэта перадалося i Бiму, i ён быў у трывожным чаканнi.

Скора ён пачуў: ключ уставiлi ў замок, ён пстрыкнуў, дзверы адчынiлiся, у прыхожым пакоi загаварылi, потым зайшла Сцяпанаўна, а за ёю трое чужых у белых халатах - дзве жанчыны i адзiн мужчына. Ад iх пахла не так, як ад усiх людзей, а мацней, чым тою скрыначкаю, што вiсiць на сцяне, якую гаспадар адчыняў толькi тады, калi гаварыў: "Блага мне, Бiм, блага, дрэнна".

Мужчына рашуча ступiў да ложка, але...

Бiм кiнуўся на яго, як звер, упёрся лапамi ў грудзi i два разы гаўкнуў на ўсю сiлу.

"Вон! Вон!" - закрычаў Бiм.

Мужчына адхiснуўся, адапхнуў Бiма, жанчыны выскачылi ў прыхожы пакой, а Бiм сеў ля ложка, увесь дрыжаў i, вiдаць, гатовы быў аддаць жыццё, але не даць падступiцца незнаёмым людзям да гаспадара ў такую цяжкую для яго часiну.

Доктар, стоячы ў дзвярах, сказаў:

- Ну i сабака! Што ж рабiць?

Тады Iван Iванавiч кiўком паклiкаў Бiма да сябе, пагладзiў па галаве, чуць павярнуўся да яго. А Бiм прытулiўся да сябра плечуком i лiзаў яго ў твар, у шыю, у рукi...

- Iдзiце сюды, - цiха прамовiў Iван Iванавiч, гледзячы на доктара.

Той падышоў.

- Дайце мне руку.

Той падаў.

- Дзень добры.

- Дзень добры, - сказаў доктар.

Бiм ткнуўся носам у руку доктара, што абазначала на яго сабачай мове: "Што тут зробiш! Хай так i будзе: сябар майго таварыша - i мне сябар".

Прынеслi насiлкi. Паклалi на iх Iвана Iванавiча. Ён цiха сказаў:

- Сцяпанаўна... паглядзiце Бiма, дарагая. Ранiцаю выпускайце. Ён сам прыходзiць скора... Бiм будзе чакаць мяне. - I да Бiма: - Чакаць... Чакаць.

Бiм ведаў слова "чакаць": ля магазiна - "Сядзець, чакаць", ля рукзака на паляваннi - "Сядзець, чакаць". Цяпер ён вiскнуў, павiляў хвастом, што азначала: "О, мой верны сябар вернецца да мяне! Ён iдзе, але скора вернецца".

Зразумеў яго толькi адзiн Iван Iванавiч, астатнiя не зразумелi - гэта ён убачыў па iхнiх вачах. Бiм сеў ля насiлак i паклаў на iх лапу. Iван Iванавiч пацiснуў яе.

- Чакаць, хлопчык. Чакаць.

Вось такога Бiм нiколi не бачыў у свайго сябра, каб вось так, як гарошыны, пакацiлася з вачэй вада.

Калi насiлкi вынеслi i пстрыкнуў замок, ён лёг ля дзвярэй, выцягнуў пярэднiя лапы, а галаву паклаў на падлогу, вывернуўшы яе набок: так кладуцца сабакi, калi iм балiць або сумна; яны i памiраюць часцей за ўсё ў такой позе.

Але Бiм не памёр ад суму, як той сабака-павадыр, якi пражыў са сляпым многа-многа год. Той лёг ля магiлы гаспадара, не ўзяў есцi, хоць i прыносiлi добрыя людзi, а на пяты дзень, калi ўзышло сонца, ён памёр. I гэта была не выдумка. Ведаючы пра незвычайную сабачую любоў i адданасць, рэдка якi паляўнiчы скажа пра сабаку: "здох", ён заўсёды скажа: "памёр".

Не, Бiм не памёр, Бiму сказана ясна: "Чакаць". Ён верыць - прыйдзе сябар. Да гэтага ж колькi разоў было: скажа "чакаць" - i абавязкова прыйдзе.

Чакаць! Вось цяпер сутнасць Бiмавага жыцця.

Але так цяжка было аднаму тае ночы, так балюча! Нешта робiцца не так, як звычайна... Ад халатаў пахне бядою. I Бiм занудзiў.

Апоўначы, калi ўзышоў месяц, стала нясцерпна. I пры гаспадары ён заўсёды турбаваў Бiма, гэты месяц: у яго ёсць вочы, ён глядзiць гэтымi мёртвымi вачыма, свецiць мёртвым, халодным святлом, i Бiм уцякаў ад яго ў цёмны куток. А цяпер аж дрыжыкi бяруць ад яго позiрку, а гаспадара няма. I вось позняе ночы ён завыў, з падвывам, завыў, як перад нашэсцем бяды. Ён верыў, што нехта пачуе, а можа, i сам гаспадар пачуе.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 37
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - Гавриил Троепольский бесплатно.
Похожие на Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - Гавриил Троепольский книги

Оставить комментарий