Усе чацвёра iшлi праз двор, i дзед крычаў:
- Дзе ён? Дзе ён, чорт на вас? - Яго пальцы зноў пачалi перабiраць гузiкi на штанах, потым у забыўлiвасцi палезлi ў кiшэню. I тут у дзвярах ён убачыў Тома. Дзед раптам спынiўся i затрымаў астатнiх. Вочкi яго злосна заблiшчалi. Вось, палюбуйцеся, - сказаў ён. - Арыштант! Джоўды чорт ведае колькi па турмах не сядзелi. - Яго розум пераскочыў на другую тэму: - Нiхто не меў права саджаць яго ў турму! Я на яго месцы тое самае зрабiў бы. Якое гэтыя сукiны дзецi мелi права? - I зноў пераскочыў на другое: - А гэты Тэрнбул, старая смярдзючка, яшчэ хвалiўся: застрэлю яго, хай толькi з турмы выйдзе. Ува мне, кажа, цячэ кроў Хэтфарда. А я загадаў яму перадаць: "З Джоўдамi не звязвайся. У мяне, кажу, кроў, можа, самога Маккоя". I яшчэ кажу: "Ты толькi пакажыся дзе блiзка ад Тома, i я смальну табе ў заднiцу". Напужаў яго страх як.
А бабка тым часам вiшчала, не слухаючы дзеда:
- Хвала богу, наша ўзяло!
Дзед падышоў да дзвярэй i паляпаў Тома па грудзях, вочы яго заблiшчалi любоўю i гордасцю.
- Ну як ты, Томi?
- Парадак, - адказаў той. - А ты як маешся?
- На двор яшчэ сам хаджу. - I зноў яго розум скочыў убок. - Казаў я Джоўда ў турме не ўтрымаеш! Яшчэ тады сказаў: "Том уцячэ, праб'ецца, як бык праз загарадку". Вось i ўцёк. Прапусцi, я згаладаўся. - Ён працiснуўся ў дзверы, сеў за стол, навалiў сабе ў талерку свiнiны, паклаў наверх два вялiкiя праснакi, залiў густой падлiўкай, i не паспелi астатнiя ўвайсцi ў кухню, рот у яго ўжо быў поўны.
Том замiлавана ўсмiхнуўся яму.
- Во стары чорт! - сказаў ён. А ў дзеда быў такi набiты рот, што ён i гуку вымавiць не мог, але яго маленькiя лютыя вочкi ўсмiхалiся, галава ярасна закiвалася.
Бабка з гордасцю сказала:
- Другога такога грахаводнiка i шэльмы на свеце не знойдзеш. У пекла проста на качарзе ўедзе, ну i дзякуй богу! - I з'едлiва дадала: - Захацелася яму, бач, грузавiком кiраваць. Дык вось, не выйдзе!
Дзед папярхнуўся, вывалiў сабе на каленi недажаваны кавалак праснака i квола закашляўся.
Бабка зларадна ўсмiхнулася Тому:
- Во неахайнiк, га?
Ной стаяў на прыступцы перад Томам, але яго шырока расплюшчаныя вочы нiбы глядзелi мiма. Твар у яго быў абыякавы. Том сказаў:
- Ну, як ты, Ной?
- Добра, - адказаў Ной. - А ты як? - I ўсё. Але Тому i гэтага было досыць.
Мацi сагнала з падлiўкi мух i сказала:
- За сталом усiм месца не хопiць. Бярыце талеркi i ўладкоўвайцеся дзе папала. Цi на дварэ, цi дзе.
I тут Том спахапiўся:
- Гэ! А дзе ж прапаведнiк? Толькi што быў тут. Куды ён дзеўся?
Бацька сказаў:
- Я бачыў, ён некуды пайшоў.
Пачуўся вiсклiвы голас бабкi:
- Прапаведнiк? З табой прапаведнiк? Вядзi яго сюды. Памолiмся перад ядой. - Яна паказала пальцам на дзеда: - А гэты ўжо паспяшаўся есцi. Схадзi прывядзi прапаведнiка.
Том апусцiўся на прыступку.
- Гэй! Кейсi! Джым Кейсi! - гукнуў ён i пайшоў па двары. - А, Кейсi, вось ты дзе!
Прапаведнiк вылез з-пад цыстэрны, сеў на зямлi, пасля падняўся i пайшоў да дома.
Том запытаўся:
- Ты што, хаваўся?
- Ды не. Толькi навошта чужому совацца ў сямейныя справы. Я проста ляжаў i думаў.
- Пайшлi паямо, - сказаў Том. - Бабка хоча, каб ты малiтву сказаў.
- Дык я ж ужо больш не прапаведнiк, - запратэставаў Кейсi.
- Кiнь, пойдзем. Скажы ёй малiтву. Табе нiчога не станецца, а ёй гэта люба. - Яны ўвайшлi ў кухню разам.
Мацi спакойна сказала:
- Сардэчна запрашаем.
I бацька сказаў:
- Сардэчна запрашаем. Паснедайце з намi.
- Спярша малiтву, - рашуча прамовiла бабка.
Дзед ушрубаваў свае лютыя вочкi ў Кейсi i нарэшце пазнаў яго.
- А-а, той самы прапаведнiк, - сказаў ён. - Ну, ён нiчога сабе. Я ўпадабаў яго, яшчэ як толькi першы раз вока на яго кiнуў... - Дзед пахабна падмiргнуў яму, а бабцы пачулася нейкая непрыстойнасць, i яна прыкрыкнула на яго:
- Змоўкнi, стары юрлiвы казёл!
Кейсi нервова правёў пальцамi па валасах.
- Павiнен сказаць вам, што я ўжо больш не прапаведнiк. Мне прыемна быць у вас i хацелася б чым-небудзь аддзячыць добрым гасцiнным людзям, i, калi гэтага дастаткова... што ж, я скажу малiтву. Але я даўно ўжо не прапаведнiк.
- Гаварыце, - сказала бабка. - I не забудзьцеся ўзгадаць пра тое, што мы ў Калiфорнiю едзем.
Кейсi схiлiў галаву, i ўслед за iм усе астатнiя. Мацi апусцiла галаву i склала рукi на каленях. Бабка нагнулася так нiзка, што ледзь не ўткнулася носам у залiтыя падлiўкай праснакi. Том, якi стаяў, прыхiнуўшыся да сцяны з талеркай у руцэ, крышачку нагнуў галаву, а дзед выкруцiў яе ўнiз i ўбок, каб сваiм калючым i вясёлым вокам сачыць за прапаведнiкам. На твары ў прапаведнiка была не набожнасць, а задуменнасць, i словы яго гучалi не як малiтва, а як роздум.
- Я ўсё думаў i разважаў, - пачаў ён. - Блукаў сярод узгоркаў i думаў, амаль, сказалi б вы, як Iсус, калi ён адышоў у пустыню, каб разабрацца ва ўсiх сваiх турботах i нягодах.
- Хвала госпаду! - прабляяла бабка, i прапаведнiк здзiўлена глянуў на яе.
- Iсуса так адолелi турботы i нягоды, што Ён не мог вырашыць, як яму быць далей, i Яго ўзяло сумненне: на чорта яму ўсё гэта наогул, якая карысць ламаць сабе галаву - усё думаць i думаць? Знямогся Ён дужа, знямогся i духам упаў. Яшчэ трохi, дык так i вырашыў бы: к чорту ўсё! I тады адышоў Ён у пустыню.
- Ама-ан, - прабляяла бабка. Шмат гадоў устаўляла яна свае рэплiкi ў час паўз у малiтвах. I шмат ужо гадоў не даводзiлася ёй слухаць iх i дзiву давацца.
- Я не хачу сказаць, што я раўня Iсусу, - гаварыў далей Кейсi. - Але я стамiўся, як i Ён, i заблытаўся ў сваiх думах, як i ён, i пайшоў, як i Ён, у пустыню, не ўзяўшы з сабой нiчога для прывалу. Ноччу ляжаў я на спiне i пазiраў на зоркi, ранiцай сядзеў i сачыў, як узыходзiць сонца; удзень глядзеў з пагорка на ўзгорыстую зямлю; вечарам праводзiў вачмi сонца. Часам малiўся, як i раней. Толькi не мог зразумець, за што малюся, чаго. Навокал узгоркi, я сярод iх, i мы ўжо не iснавалi асобна. Мы злiлiся ў адно. I гэтае адзiнства святое.
- Алiлуя, - сказала бабка i закiвалася ўзад i ўперад, стараючыся ўвесцi сябе ў рэлiгiйны экстаз.
- I я задумаўся. Толькi разважаў ужо цяпер не так, як раней, цяпер думы мае былi глыбейшыя. Я думаў пра тое, што ва ўсiх у нас была святасць, калi мы жылi адной грамадой, i ўсё чалавецтва было святое, пакуль яно было адзiнае. Але святасць пакiнула нас, калi адзiн нiкчэмны чалавек ухапiў зубамi ладны кавалак i пабег з iм, адбiваючыся рукамi i нагамi. Вось такi чалавек i загубiў нашу святасць. А калi мы ўсе працавалi талакой, не адзiн на аднаго, а гуртам, як бы ў адной вупражцы, тады было добра, у такой працы была святасць. Вось так я разважаў i раптам спахапiўся: а цi ведаю я наогул, што такое святасць? Прапаведнiк змоўк, але яго слухачы не паднялi галоў, бо, як выдрэсiраваныя сабакi, чакалi знаку: "аман". - Цяпер я не магу ўжо малiцца, як бывала. Мне прыемна быць на вашай цiхай трапезе. Я радуюся, што мiж вамi ёсць любоў. Схiленыя галовы не паднялiся. Прапаведнiк агледзеўся навокал. - Праз мяне снеданне ваша стыне, - сказаў ён i раптам успомнiў: - Аман, - сказаў ён, i ўсе разам паднялi галовы.
- Ама-ан, - сказала бабка i ўзялася за ежу, разгрызаючы прамочаныя падлiўкай праснакi сваiмi бяззубымi i цвёрдымi старэчымi дзяснамi. Том еў паспешлiва, бацька паволi жаваў з поўным ротам. Пакуль снедалi, нiхто не вымавiў нi слова, чулася толькi, як хрумсцяць на зубах праснакi i як з хлюпатам сёрбаюць гарачую каву. Мацi глядзела на прапаведнiка, якi таксама еў, i ў яе позiрку была цiкаўнасць, дапытлiвасць i разуменне. Яна глядзела на яго, быццам гэта быў дух, голас якога данёсся да яе аднекуль з-пад зямлi.
Скончыўшы есцi, мужчыны паставiлi на стол талеркi, дапiлi рэшткi кавы ў кубках i выйшлi на двор - бацька, прапаведнiк, Ной, дзед i Том пакрочылi да грузавiка, абыходзячы зваленую ў кучу мэблю, драўляныя ложкi, механiзм ветрака, стары плуг. Пакраталi рукамi новыя барты з сасновых дошак.
Том падняў капот i пачаў разглядаць вялiкi, запэцканы маслам матор. Да яго падышоў бацька:
- Калi мы куплялi, брат твой Эл усё праверыў. Казаў, парадак.
- А што ён разумее, гэты сапляк? - сказаў Том.
- Летась ён працаваў у адной фiрме. Грузавiк вадзiў. У сiм-тым разбiраецца. Бойкi хлопец. З галавой. Матор сам можа сабраць - яму гэта раз плюнуць.
Том запытаўся:
- А дзе ён цяпер?
- Швэндаецца недзе. Блудзiць, як кот памаўзлiвы, сябе не шкадуе. Шалапуту гэтаму ўжо за шаснаццаць, ну, прырода яго i падганяе. У галаве толькi дзеўкi адны i машыны. Шалапут. Дома ўжо тыдзень не начаваў.
Дзед усё важдаўся з гузiкамi на грудзях i нарэшце ўхiтрыўся прасунуць гузiкi сiняй кашулi ў прарэшкi нацельнай сарочкi. Пальцы адчувалi, што нешта не тое, але не сталi шукаць прычыны. Рука пацягнулася ўнiз, зрабiўшы яшчэ адну спробу справiцца з мудрагелiстым прарэхам на штанах.
- Я быў горшы, - сказаў ён радасна. - Нашмат горшы. Я быў, можна сказаць, сарвiгалава. У Салiсе, памятаю, сабралiся на маленне пад адкрытым небам, яшчэ малы я тады быў, крыху, праўда, старэйшы за Эла. А ён яшчэ сапляк, малакасос. Я быў старэйшы гадамi. Вось пайшлi мы на маленне. А там чалавек пяцьсот, а дзевак маладых - хоць гаць гацi!
- Ты, дзед, i цяпер яшчэ такi ж адчайны, - сказаў Том.