Рейтинговые книги
Читем онлайн Бэзавы попел - Ала Сямёнава

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Нават i вячэры — у Сычыне, у Слаўгарадзе, у Доўску (на шляху ў Менск) — былі не тое каб рытульна-ўрачыстыя, але ў ix адчувалася магія прысутнасці талентаў — Міхася Стральцова i Рыгора Барадуліна, незаўважны гіпноз падпарадкаванасці ўсіх астатніх ix асобам. Усё другаснае набывала нечаканую галоўнасць існага i важнага, усё ўзбуйнялася, набывала новыя адценні, нюансы, стваралася асобая атмасфера. Хаця не было сур'ёзных гаворак, спрэчак — нейкія аскепкі, бліскаўкі, іскры. Але бліскаўкі — вясёлкі, іскры — месячнага святла, аскепкі — вялікай казкі жыцця.

Гэта было i пазней — калі ў Менску запісвалі сваё слова Васіль Вітка, Віктар Карамазаў, Карлас Шэрман. I потым працягвалі студыйную гаворку ў кавярні. I маўклівая мудрасць Васіля Віткі, нейкія філасофская лагоднасць i ціхамірнасць Карамазава, якая раптам вы­бухала нечаканай весялосцю. Усё гэта жывілася прысутнасцю Міхася Стральцова. Героя, юбіляра. Ён з нейкай добрай радасцю глядзеў на свайго сябра, які ўзяў ды i прайшоўся кругам упрысядку ў кафэ. „Віця”, — неяк заўсёды пяшчотна i злагадна згадваў Карамазава Міхась.

Так, былі перад'юбілейныя дні. I перадача з фільмам выйшлі да юбілею. I я гарэла ад сораму. Усе выдатна гаварылі, усе былі на экране роўныя самі сабе ў жыцці. Але той перадачы i таго фільма, які я сабе ўяўляла, не атрымалася. Не толькі таму, здаецца, што я не мела вопыту ў кіно i на тэлебачанні. Рабіла я сцэнарый (па просьбе Міхася — я ўжо распавядала, гэта была яго ідэя, калі ён даведаўся, што збіраюцца рабіць фільм пра яго) паэтычна-лірычны. Прыехаўшы ў Слаўгарад i пазнаёміўшыся з рэжысёрам, я зразумела, што мы маем на ўвазе розныя рэчы. Добра перамовіліся, я ўсю ноч не спала i вырашыла вяртацца ў Менск. Дзеля чаго я тут? Няўломак, няўдаліца. Міхась Лявонцьевіч i Рыгор Іванавіч неяк усё гэга „стушевали”, але я па сутнасці толькі прысутнічала пры тым дзействе. Уладзімір Таміла рабіў усё, што ён лічыў патрэбным. Рэдактар Саня Шлег ажно квітнеў ад радасці — фільм пра сябра. Аператар лавіў настрой героя i прыроды. Рыгор Іванавіч высакародна ўзяў на сябе ролю вядучага. I абодва яны — Міхась Стральцоў i Рыгор Барадулін — разумеючы мой афронт, зрабілі рабочую няўдачу ўдалай жыццёвай імпрэзай.

Міхась пазней усё суцяшаў мяне: „Не перажывай. Мы паедзем да цябе ў Наваградак, зробім фільм пря Янку Брыля”. Янка Брыль — не толькі любоў удзячнага вучня. Ён быў „дарагі яму літаральна кожным радком”. I ў гэтым абзацы з „Пячаткі майстра” — стаўленне да пісьменніка i чалавека выяўляецца, можа, найбольш выразна: „Брыль наогул пісьменнік, надзелены вялікай здольнасцю пастаяннай апрабацыі вышэйшых маральных каштоўнасцей i ўдакладнення ix для сябе i для сваіх герояў. Гэтая якасць, пры яшчэ надзвычайнай духоўнасці брылёўскага мастацкага свету, выгадна вылучае яго сярод сучасных на­шых празаікаў — гэтым ён прыналежны да непарушных традыцый вялікай літаратуры”.

Вось гэтае — „апрабацыя вышэйшых маральных каштоўнасцей i ўдакладнення ix для сябе i для сваіх герояў”, мастацкі свет Брыля — было для Міхася Стральцова неабходным, патрэбным, меціла яго ўласную філасофію існавання, надавала ёй, мне так здаецца, важкасць i пэўнасць. Часам ён, мабыць, i не пагаджаўся ў душы з Іванам Антонавічам, але ўласныя, яго, Стральцова, разгубленасць i разумовыя пошукі, яго „няшчасная свядомасць” (Гегель), яго „пункцірны” сацыяльны i асабісты побыт — знаходзілі тут i сталую грунтоўнасць усведамлення, i ахоўную свядомасць, i нібыта блізілі яго да нейкіх першасных, анталагічных асаблівасцяў нашага быцця ў свеце. І блізкасць мастац­кага метаду недзе набліжала, а недзе адштурхоўвала Міхася Страль­цова ад Брыля („Смаленне вепрука”, напрыклад). Але Брыль быў заўсёды неабходны Стральцову. I ў апошнія дні Міхася Лявонцьевіча — калі яму на нейкі час стала лепш — яны паўтары гадзіны вялі размову. Гэта было 2 жніўня 1987 года, пазней мы ўсе заходзілі ў палату на хвіліну — аддаць паклон. Рыгор Барадулін з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай (дарэчы, як мне здаецца, менавіта той жонкай, якую шчасціць мець мастаку, прыгожай, разумнай, мудрай), акцёр Дубашынскі, Вераніка Стральцова i я.

Янка Брыль вёў рэй i ўлетку, у ліпені 1986 года, калі быў вечар Міхася Стральцова. I пазней, на вечарыне ў дзень юбілею ў доме Міхася Лявонцьевіча i Алены Дзімтраўны за хатнім багатым сталом. Знешне нішто, дарэчы, не нагадвала пра „падводныя плыні” ў ix сямейным жыцці. Было гасцінна, утульна, смачна. Было весела i цёпла. Праўда, дарослых дачок ад першага шлюбу — Вікторыі i Веранікі — не было.

У 1987 годзе Міхась Стральцоў — гэтаму вельмі спрыяў Рыгор Барадулін — наладжваў некалькі вечароў. У сакавіку — у Доме літаратора, пазней — у Гародні, недзе яшчэ. Тады многім здавалася: мнагавата. Нават i мне. Хаця ў Доме літаратара, напрыканцы красавіка, я таксама брала чынны ўдзел. Здаецца, крыху больш удалы, як у тэлевізійнай перадачы.

Міхась Стральцоў ціха-здаволена згаджаўся на ўсе вечары. Ці та­му, што ўсё гэта было пацвярджэннем ягонага вяртання ў літаратуру i літаратурны свет, ці таму, што прадчуваў — ужо апошнія месяцы жыцця. Так ці інакш — добра, што былі вечары, што ён зноў адчуў сябе прызнаным, слынным літаратарам.

Між іншым, калі Стральцоў вярнуўся з Мазыра, як сведчыў у гаворцы са мной згаданы ўжо Вечаслаў Івашчанка (ён на тую пару заходзіў да Міхася Лявонцьевіча, што якраз супала з нашай працай над кнігай Івашчанкі), быў той замкнёна-разгублены, пачуваў сябе адстаронена i адчужана ад звычнага літаратурнага атачэння. I тут нельга перадаць увагі ўчынкам Рыгора Барадуліна i Анатоля Кудраўца. Ры­гор Барадулін, як мог, спрыяў заказам на нейкія пераклады, уключэнню ў план яго кніг, тэлефанаваў Міхасю i ўранку, i ўвечары, нават, як гаварыў сам Стральцоў, купляў яму месячны білет для праезду ў менскім транспарце.

Анатоль Кудравец, галоўны рэдактар часопіса „Нёман”, вядомы празаік, не збаяўся папярэджанняў адміністрацыйных асоб: што, Стральцова на сталую працу? А было гэта ў гады, калі за складам рэдакцый пільна сачыла не адна ўстанова. Міхась Лявонцьевіч быў узрадаваны i ўражаны — пазваніў! запрасіў! сам галоўны радактар! Праца ў аддзеле крытыкі — спачатку літсупрацоўнікам, потым рэдактарам (загадчыкам) аддзела — вярнула яму яго грамадскае рэнамэ. Не творчае — гэта ў яго ніхто не мог забраць, a менавіта літаратурна-грамадскае. Ён вярнуўся ў пэўнае кола. Не толькі як таленавіты твор­ца, але i як чалавек, што здольны выконваць службовыя абавязкі. Ча­лавек, што адпавядаў пэўным нормам. Для таленту нават i супрацьпаказанае — норма, але для вяртання „на круги своя” патрэбны ўчынак. Міхась Лявонцьевіч адчуў грунт пад нагамі. Ды i з грашмі стала лягчэй. З'явіўся невялікі, але сталы заробак.

Ці не пярэчу я сабе? то сцвярджала, што Міхасю Стрельцову пат­рэбны быў маёнтак, рэнта — i раптам... Як мне здаецца, на той момант, калі ён пасля ўсіх пярэкрутаў лёсу вярнуўся ў Менск, сталая праца, служба былі яму неабходны. Як неабходныя былі стасункі з Янкам Брылём, Васілём Віткам, Алесем Адамовічам... З сябрамі: i толькі што згаданымі, i з Віктарам Карамазавым, Анатолем Грачанікавым, Васілём Зуёнкам, Таццянай Арловай, Міхасём Тычынам, Аляксеем Гардзіцкім, Аляксандрам Станютам... Яму былі неабходныя прыязнасць i разуменне Алеся Разанава, Генадзя Шупенькі, Варлена Бечыка, Анатоля Сідарэвіча... Пільная ўвага маладых: Леаніда Дранько-Майсюка, Сяргея Дубаўца, Уладзіміра Арлова, Адама Глобуса, Алеся Асташонка...

Міхась Стральцоў збіраўся вызваліцца ад службы, зноў вярнуцца выключна да творчай працы. Гэта ўжо пад час хваробы. У шпіталі.

Як адбылося б, каб Бог i Лёс адшкадавалі яму яшчэ добрую рэшту жыцця — цяжка згадваць...

Прадчуванне канца — ці было яно ў яго? Мне здаецца, калі i было, падсвядомае, інтуітыўнае. Не выслоўленае. Не выяўленае канкрэтна. У маі i красавіку 1987 года ён пару разоў прыходзіў на працу страшэнна бледны. Тлумачыў — нешта з сэрцам. Гэта, мабыць, i радыяцыйны боль (у яго быў рак стрававода). Потым нечакана лёг у бальніцу. Нікому нічога не сказаўшы. Ляжаў у 2-ім шпіталі. Калі мы з Тамарай Аляксееўнай Нікіфаровіч (карэктаркай „Нёмана”) наведалі яго, быў знерваваны, раздражнёны. Хаця неяк пасвятлеў, палагаднеў, кажучы: „Бачу адсюль тваю хату, Томік” (да Тамары Аляксееўны). Выпісаўся таксама нечакана. I знік. Яго жонка з дачкой Алесяй былі тым часам на курорце.

У ліпені Міхась лёг у анкалагічную клініку ў Бараўлянах. Ездзіла да яго — ён ужо мала што еў; везла арбуз, чарніцы, чарэшню. Нейкім разам мы сышліся ў яго выпадкова: Карлас Шэрман, Анатоль Сідарэвіч i я. Карлас Шэрман зрабіў слайды i пазней аддаў ix Сідарэвічу, у часопіс „Крыніца”, там, дзе мы ўдваіх з Міхасём Стральцовым, — падараваў мне. Дзе Сідарэвічавы — не ведаю, адзін давала „Крыніца”, мой раптоўна знік пасля таго, як я паказвала яго навагоднім вечарам разам з маімі італьянскімі слайдамі. Я перавярнула дагары нагамі ўвесь дом — няма, хоць плач. Няма.

Перад аперацыяй я ўвечары прыходзіла да Міхася Лявонцьевіча, ён пагладзіў кветкі, паглядзеў на чарэшню... Быў супакоены, лагодны. Спадзяваўся на дактароў. Папрасіў, каб Алена Дзмітраўна — яна была ў яго — праводзіла мяне. Мы абедзве супакойвалі Міхася, спасылаючыся на ўсе шчаслівыя выпадкі.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Бэзавы попел - Ала Сямёнава бесплатно.
Похожие на Бэзавы попел - Ала Сямёнава книги

Оставить комментарий