Рейтинговые книги
Читем онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 109

Том сказаў:

- Я адно ведаю: перастаўляю па чарзе свае хадулi.

- Так. Ну, а калi табе страчаецца загарадзь, ты i цераз яе палезеш?

- Чаму ж не? Калi трэба, палезу.

Кейсi ўздыхнуў:

- Бадай, гэтак лепей. Я згодзен з табою. Але ж загарадзi бываюць розныя. I людзi розныя. Ну накшталт мяне: загарадзi яшчэ не паставiлi, а яны ўжо лезуць... iначай не могуць.

- Цi не Эл гэта едзе? - ажывiўся Том.

- Ага, вiдаць, Эл.

Том падняўся на ногi, загарнуў шатун i абедзве часткi падшыпнiка ў кавалак мешкавiны.

- Вазьму з сабой за ўзор, каб не памылiцца, - сказаў ён.

Грузавiк спынiўся на краi шашы. Эл высунуўся з акенца.

Том сказаў:

- Дзе цябе чэрцi насiлi? Далёка заехалi?

Эл уздыхнуў.

- Зняў шатун?

- Ага. - Том падаў яму скрутак. - Бабiт паляцеў.

- Я тут нi пры чым, - сказаў Эл.

- Ясна. Куды ты iх завёз?

- О, у нас там такое! Бабка раптам зараўла, i Разашарна таксама, на яе гледзячы. Уткнула галаву пад падушку i плача. Бабка рот разявiла i вые, як сабака на месяц. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў не адказвае, нiкога не пазнае. Толькi нешта балбоча i балбоча, быццам да дзеда звяртаецца.

- Дзе ты iх пакiнуў?

- Мы да лагера пад'ехалi. Там i цень ёсць, i вада водаправодная. За дзень стаянкi паўдаляра бяруць. Але ўсе так стамiлiся, проста з ног валiлiся, i мы вырашылi застацца там. Ма кажа: што зробiш - бабка зусiм нямоглая. Раскiнулi палатку Ўiлсана, наш брызент таксама нацягнулi. Бабка, думаю, зусiм з розуму выжыла.

Том паглядзеў на сонца, якое ўжо прыкметна хiлiлася на захад.

- Кейсi, -сказаў ён, - каму-небудзь аднаму трэба застацца пры машыне, а то з яе ўсё здзяруць. Ты як?

- Добра, застануся.

Эл узяў з сядзення папяровы мяшочак.

- Во мама прыслала хлеба з мясам, i ў мяне яшчэ тут збан з вадой ёсць.

- Яна нiкога не забудзе, - сказаў Кейсi.

Том залез у кабiну да Эла.

- Значыць, так, - сказаў ён. - Мы пастараемся як найхутчэй вярнуцца. Але загадзя не скажаш калi.

- Я буду тут, - сказаў Кейсi.

- Добра. Толькi не выступай тут сам перад сабой. Паехалi, Эл. - Грузавiк рушыў па шашы. Вечарэла. - Добры ён хлопец, - сказаў Том. - Увесь час усё думае, усё думае...

- Што ж, каб ты быў прапаведнiкам, i табе б давялося. А наш бацька ўвесь ажно кiпiць ад злосцi - пяцьдзесят цэнтаў толькi за тое, каб машыну паставiць пад дрэва! Нiяк у толк узяць не можа. Сядзiць, лаецца. Хутка, кажа, паветрам у бочках пачнуць гандляваць. А мама яму: бабцы трэба паляжаць у цянi i каб вада была блiзка.

Грузавiк з грукатам ехаў па шашы: цяпер, калi з яго знялi паклажу, усё ў iм ляскатала i бразгала - барты, абрэзаны кузаў. Ён iшоў хутка i лёгка. Эл даў скорасць трыццаць восем мiль у гадзiну, матор тарахцеў, праз шчылiны ў дне кабiны прабiваўся шызы дымок.

- Збаў трохi, - сказаў Том. - Перапалiш усё чыста. А што ж гэта з бабкай?

- Не ведаю. Памятаеш, апошнiя два днi яна дулася на ўсiх, нi з кiм слова не прамовiла? А цяпер крычыць, усё балбоча нешта, усё роўна як да дзеда звяртаецца. Гэта яна на яго крычыць. Хоць вушы затыкай. Быццам ён на самай справе сядзiць перад ёю i ўхмыляецца, як калiсьцi, - пачухваецца i ўхмыляецца. Яна нiбы бачыць: вось ён сядзiць. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў перадаць табе на ўсякi выпадак дваццаць даляраў. Не ведаю, колькi спатрэбiцца. Раней ты калi бачыў, каб ма так накiнулася на яго, як сёння?

- Нешта не прыпомню. Што i казаць, добры я выбраў час выходзiць з турмы. Вярнуўся, думаў, дамоў, пашвэндаюся на волi, спаць позна буду, есцi колькi ўлезе. Гуляць буду, на вечарынках скакаць, за спаднiцамi бегаць. А выйшла так, што на гэта i хвiлiнкi вольнай няма.

Эл сказаў:

- Я i забыўся. Ма шмат чаго загадала табе перадаць: каб ты не пiў, у спрэчкi не ўвязваўся, бiцца нi з кiм не лез. Баiцца, каб цябе ў турму зноў не запраторылi.

- Ёй i без мяне клопатаў хапае, я падбаўляць не буду, - сказаў Том.

- Ну, куфлi два ўсё-такi вып'ем? Жах, як пiва захацелася.

- Не варта, - сказаў Том. - Калi бацька даведаецца, што мы патрацiлiся на пiва, пер'е з нас паляцiць.

- Але паслухай, Том. У мяне свае шэсць даляраў ёсць. Вып'ем i пойдзем да дзяўчат. Нiхто пра гэтыя грошы не ведае. Эх, i пагулялi б мы з табой!

- А ты сваю касу прыберажы, - сказаў Том. - Вось прыедзем на ўзбярэжжа, мы з табой такога жару зададзiм! Можа, калi ўжо працаваць будзем... - Ён глянуў на Эла. - А я i не ведаў, што ты да дзяўчат ходзiш. Думаў, ты проста так, на словах.

- Тут я нiкога не ведаю. I наогул, калi будзем вось так матацца па дарогах, не iначай, жанiцца прыйдзецца. Вось толькi каб у Калiфорнiю прыехаць, я там пакажу!

- Добра было б, - сказаў Том.

- Ты ўжо, здаецца, веру страцiў.

- Страцiў я веру.

- Калi ты забiў таго чалавека... табе потым не снiлася... цi што-небудзь такое? Ты мучыўся?

- Не.

- I нiколi пра гэта не думаў?

- Думаў. Мне шкада яго было.

- А ты не каяўся?

- Не. Я за гэта сядзеў. Сядзеў жа я, нiхто iншы.

- Вельмi там... кепска было?

Том занерваваўся:

- Паслухай, Эл. Я свой тэрмiн адседзеў, i канец. Няма чаго ўвесь час вяртацца ў мiнулае. Вунь там рэчка, а за ёю горад. Давай дастанем шатун, i к чорту ўсё астатняе.

- Мацi душы ў табе не чуе, - сказаў Эл. - Так ужо гаравала, так гаравала, калi цябе пасадзiлi. I ўсё ўпотайкi. Быццам слёзы ў яе ў горле захрасалi. Але мы ўсё роўна разумелi, што з ёю творыцца.

Том ссунуў кепку на самыя вочы.

- Паслухай, Эл, давай пра што iншае пагаворым.

- Я проста расказваю, што з мацi было.

- Яно так... яно так... Але ж лепш пра гэта не думаць. Лепш... знай сабе перастаўляй па чарзе ногi.

Эл пакрыўджана змоўк.

- Я проста хацеў расказаць табе, - прамовiў ён праз хвiлiну.

Том зiрнуў на яго, але Эл глядзеў на дарогу. Парожнi грузавiк з грукатам падскокваў на няроўнасцях шашы. Доўгiя губы Тома саслiзнулi з зубоў, i ён цiха засмяяўся.

- Я разумею, Эл. Вiдаць, у мяне ў галаве ўсё перамяшалася ад турмы. Калi-небудзь я раскажу табе, можа, усё. Табе проста, разумееш, хочацца ведаць. Цiкавасць разбiрае. Але ў мяне цяпер адно жаданне - забыцца на ўсё гэта хоць на хвiлiнку. Можа, потым будзе ўсё iнакш. А цяпер, як прыгадаю, усе кiшкi перакручваюцца i мне моташна робiцца. Я табе, Эл, адно толькi скажу: турма гэта сродак паволi звесцi чалавека з розуму. Ясна? Там усе ненармальныя. Ты iх бачыш, чуеш i неўзабаве пачынаеш ужо сумнявацца, нармальны ты сам цi не. Iншы раз узнiмуць немы крык ноччу, а табе здаецца, гэта ты крычыш... i так i сапраўды бывае.

Эл сказаў:

- Не буду больш, Том.

- Трыццаць дзён - гэта нiчога, - гаварыў далей Том. - I паўгода таксама нiчога. А калi перавалiць за год, тады... не ведаю. Гэта нi з чым на свеце параўнаць нельга. Так нельга рабiць, наогул нельга садзiць людзей пад замок. Ды к чорту ўсё гэта! I гаварыць не хачу. Глянь, як сонца гарыць на вокнах.

Грузавiк пад'ехаў да выстраеных у рад заправачных калонак; справа ад дарогi быў склад аўтамабiльнага лому - участак плошчай у акр, абнесены высокай агароджай з калючага дроту; блiжэй да дарогi - павець з рыфленага жалеза i груда езджаных шын каля ўвахода, на якiх былi напiсаны цэны. За павеццю вiднелася халупа, збiтая з рознага ламачча - абрэзкаў дошак i кавалкаў бляхi. Вокны - ветравое шкло ад машын, устаўленае ў сцены. На зарослай травой зямлi аўтамабiльны лом: машыны з пакарабачанымi, памятымi радыятарамi, зраненыя машыны ляжалi на баку без колаў. Паўсюль на траве i каля сцяны павецi валялiся ржавыя маторы, узвышалiся груды хламу - крылы, барты грузавiкоў, колы, восi; i над усiм гэтым лунаў дух тла, цвiлi i ржы. Пакарабачанае жалеза, напаўвыпатрашаныя рухавiкi, кучы рознай непатрэбшчыны, падабранай на дарогах.

Эл пад'ехаў па залiтай маторным маслам дарожцы да павецi. Том вылез з кабiны i зазiрнуў у цёмны праём дзвярэй.

- Нiкога не вiдаць, - сказаў ён i гукнуў: - Ёсць тут хто-небудзь?

- Хоць бы знайшоўся ў iх "додж" дваццаць пятага года.

У глыбiнi павецi бразнулi дзверы. Са змроку выйшаў чалавек, падобны на прывiд. Кашчавы, брудны, з запэцканым маслам жылiстым тварам, туга абцягнутым скурай. Аднаго вока ў яго не было, а калi ён паводзiў другiм, здаровым, мускулы пустой вачнiцы паторгвалiся. Джынсы i кашуля на iм iльснiлiся ад засохлага масла; рукi былi ўсе ў ранках i рубцах; тоўстая нiжняя губа злавесна выступала наперад.

Том запытаўся:

- Вы гаспадар?

Адзiнае вока блiснула ў яго бок.

- Я працую на гаспадара, - буркнуў ён у адказ. - А што трэба?

- Якi-небудзь разбiты "додж" дваццаць пятага ў вас ёсць? Нам патрэбен шатун.

- Не ведаю. Каб быў гаспадар, ён сказаў бы. Але яго цяпер няма. Дадому паехаў.

- А самiм можна глянуць?

Чалавек смаркнуў у далонь i абцёр яе аб штаны.

- Вы з гэтых краёў?

- Не, з Усходу. На Захад едзем.

- Ну пашукайце. Хоць двор увесь спалiце, мне што.

- Ты, я бачу, не вельмi гаспадара свайго любiш.

Валочачы ногi, чалавек падышоў блiжэй i зноў блiснуў сваiм адзiным вокам.

- Цярпець яго не магу, - вымавiў ён цiха. - Цярпець не магу гэту сволач! Цяпер во дамоў падаўся. Паехаў сабе дадому. - Словы вывальвалiся з яго вуснаў, налятаючы адно на адно. - Такую прывычку сабе завёў... такую прывычку чапляцца i дражнiцца. Ён... ён сволач! Дачка ў яго, дзевятнаццаць гадоў, прыгожанькая з твару. Дык ён пытаецца: "Як ты наконт таго, каб ажанiцца з ёю?" Гэта ён у мяне пытаецца! А сёння кажа: "Вечарам танцы будуць. Ну як, пойдзеш?" Гэта ён мне кажа - мне! - На вачах у яго выступiлi слёзы, пакацiлiся з пустой чырвонай вачнiцы па шчацэ. - Далiбог, калi-небудзь вазьму i схаваю трубны ключ у кiшэнi. Такое мне гаворыць i на маё выбiтае вока зырыцца. Я... я гэтым ключом галаву яму адкручу... накiну i проста з шыi скручу, гэтак лёгенька буду паварочваць. - Ён задыхаўся ад шаленства. - Лёгенька паварочваць буду i з шыi скручу.

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 109
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек бесплатно.

Оставить комментарий