Рейтинговые книги
Читем онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 109

- У мяне проста рукi свярбяць на цябе, Эл. Заладзiў адно i тое, баiшся, што цябе будуць лiчыць вiнаватым. Але не станавiся ў позу, калi цябе не чапаюць. I ўсё добра будзе.

Эл нiчога не адказаў. Ён глядзеў проста перад сабой. Грузавiк з грукатам i ляскам кацiў па дарозе. Збоку на шашу выбегла кошка, Эл крута павярнуў на яе, але колы пранеслiся мiма, i кошка адскочыла назад у траву.

- Крыху прамахнуўся, - сказаў Эл. - Слухай, Том, ты чуў, як Конi гаварыў, што вечарамi будзе вучыцца? Я падумаў, можа, i мне ўзяцца. Ну радыё там, тэлебачанне альбо дызелi. З гэтым дарога можа адкрыцца.

- Можа, - сказаў Том. - Але перш даведайся, колькi з цябе за навучанне здзяруць. I падумай, цi зможаш ты вучыцца. У нас у Макалестары былi такiя, што вучылiся па пошце. Толькi не прыпомню, каб хто з iх да канца ўсё адолеў. Надакучыць, i кiдаюць.

- Эх, чорт, есцi забылiся купiць.

- Нiчога, ма нам многа прыслала. Усё прапаведнiк не з'есць. Нам пакiне. Колькi яшчэ ехаць у гэту Калiфорнiю?

Яны змоўклi, настала начная цемра, i зоркi на небе загарэлiся яркiм белым святлом.

Кейсi падняўся з задняга сядзення "доджа" i падышоў да краю дарогi, куды пад'ехаў грузавiк.

- Я вас так хутка не чакаў, - сказаў ён.

Том узяў з кабiны загорнутыя ў мешкавiну часткi.

- Нам пашанцавала, - сказаў ён. - I лiхтар раздабылi. Адразу i адрамантуем.

- Вы ежу забылiся з сабой узяць, - сказаў Кейсi.

- Зробiм усё, тады i падмацуемся. Давай, Эл, з'язджай з дарогi i iдзi пасвяцi мне. - Том падышоў да "доджа", лёг на спiну i падлез пад машыну. Эл запоўз пад яе на жываце i пачаў свяцiць лiхтарыкам. - Проста ў вочы свецiш, вышэй падымi. - Том уставiў поршань у цылiндр i, пакручваючы яго, пачаў засоўваць глыбей. Драцяная абмотка на кольцах зачапiлася за сценкi цылiндра. Хуткiм рухам рукi Том падштурхнуў поршань, i ўсе кольцы ўвайшлi ў цылiндр. Добра, што зазор ёсць, а то кампрэсiя выпiхвала б яго.

- Толькi каб дрот не заклiнiў кольцаў.

- Таму я малатком яго i расплюшчыў. Нiчога, не з'едзе. А там латунь расплавiцца i, можа, яшчэ i сценкi пакрые.

- А драпiн не застанецца?

Том засмяяўся:

- Сценкам гэтым нiчога ўжо не страшна. Масла прапускае, як рэшата. Адной драпiнай больш, адной менш, якая рознiца. - Ён насадзiў шатун на вал i памацаў яго нiжнюю галоўку. - Трэба пракладак больш. Гэй, Кейсi!

- Га?

- Я зараз замацую падшыпнiк. Вазьмiся за завадную ручку i пакруцiш, калi я табе крыкну. - Ён падцягнуў балты. - Ну, давай. Цiшэй. цiшэй! - Калi каленчаты вал паварочваўся, Том пахiстваў падшыпнiк. - Пракладак мнагавата, - сказаў ён. - Стой, Кейсi! - Том выкруцiў балты, зняў некалькi пракладак i зноў паставiў балты. - Ну, Кейсi, крутнi яшчэ разок. - Ён зноў пахiстаў шатун. - Крышачку ходзiць. А калi яшчэ выняць пракладку, баюся, каб не заела. Зараз паспрабуем. - Том зноў адкруцiў балты i зняў два слаi тонкай фольгi. - Цяпер, Кейсi, давай!

- Здаецца, парадак, - сказаў Эл.

Том крыкнуў:

- Цяжэй стала круцiць, Кейсi?

- Не, па-мойму.

- Ну, здаецца, падагнаў. Дай бог, каб прыцерлася. Без iнструменту бабiт не прышабрыш. А праўда, з тарцовым ключом куды лягчэй працаваць.

Эл сказаў:

- Гаспадар хопiцца - дзе ключ, а яго няма. Во разыдзецца!

- Не наша справа, - сказаў Том. - Мы ключа не кралi. - Ён лёгенька пастукаў па шплiнтах i развёў iх канцы. - Цяпер, думаю, усё ў парадку. Гэй, Кейсi, ты пасвяцi тут, а мы з Элам паддон пасадзiм.

Кейсi апусцiўся на каленi, узяў лiхтарык i накiраваў пучок святла на рукi, якiя асцярожна ставiлi на месца пракладку i ўстаўлялi балты ў гнёзды паддона. Том з Элам паднялi цяжкi паддон, усадзiлi канцы крайнiх балтоў у адтулiны, потым астатнiя, i тады Том патроху, адзiн за адным, пачаў закручваць усе балты i, калi паддон роўна лёг на пракладку, туга зацягнуў iх ключом.

- Ну, як быццам гатова, - сказаў Том. Ён завiнцiў масляны каўпачок, уважлiва агледзеў паддон, потым узяў з рук Кейсi лiхтарык i пасвяцiў вакол сябе. - Вось i ўсё. Цяпер толькi зальём назад масла.

Том з Элам вылезлi з-пад машыны i ўлiлi з вядра масла ў картэр. Том праверыў, цi няма ўцечкi.

- Ну вось, Эл, цяпер запускай, - сказаў ён.

Эл сеў у кабiну i нацiснуў на стартэр. Матор загрукатаў, з выхлапной трубы павалiў сiнi дым.

- Збаў газ! - крыкнуў Том. - Масла будзе гарэць, пакуль дрот не расплавiцца. Во, ужо мякчэй iдзе. - Ён уважлiва ўслухоўваўся ў абароты рухавiка. - Дай ранняе запальванне i збаў абароты. - Том зноў прыслухаўся. Добра, Эл. Думаю, зроблена. Ну, дзе гэтае мяса?

- З цябе механiк што трэба, - зазначыў Эл.

- Дзiва што. Я цэлы год у аўтамайстэрнi працаваў. Першыя сотнi дзве мiль паедзем на малым газе. Няхай прытрэцца.

Пучкамi травы яны выцерлi запэцканыя маслам рукi i абцерлi аб штаны. Потым прагна накiнулiся на вараную свiнiну, запiваючы яе вадой з бутэлькi.

- Я галодны, як воўк, - сказаў Эл. - Што цяпер рабiць будзем - паедзем у лагер?

- Сам не ведаю, - адказаў Том. - З нас там могуць здзерцi яшчэ паўдаляра лiшнiх. Але пад'едзем, пагаворым з нашымi, скажам, што машыну адрамантавалi. А калi з нас запатрабуюць за стаянку, рушым далей. Нашы ж, вядома, хочуць ведаць, як там у нас. А добра, што ма настояла на сваiм. Вазьмi, Эл, пасвяцi навокал. Глянь, нiчога не забылiся? Вунь тарцовы ключ падбяры. Яшчэ спатрэбiцца.

Святлом лiхтарыка Эл пашарыў па зямлi.

- Як быццам нiчога.

- Добра. Я павяду легкавую. Ты, Эл, садзiся ў грузавiк. - Том запусцiў матор. Прапаведнiк сеў да яго. Том вёў "додж" паволi, на самай малой скорасцi. Эл ехаў следам. Легкавая асцярожна перабралася цераз неглыбокi кювет. Том сказаў: - Гэтыя "доджы" могуць цэлы дом на малым газе пацягнуць. Гаручае паступае скупа. Нам гэта на руку - памаленьку абкатаем падшыпнiк.

"Додж" паволi iшоў па шашы. Дванаццацiвольтавыя фары кiдалi на палатно дарогi блiкi жаўтаватага святла.

Кейсi павярнуўся да Тома:

- Проста дзiву даюся, як вы, хлопцы, умела паправiлi машыну. Пасвяцiў лiхтарыкам - i гатова. Я хоць i бачыў, як вы рамантавалi, але i цяпер нiзашто б сам гэтага не зрабiў.

- Да машын трэба з маленства прывыкаць, - сказаў Том. - Справа не толькi ва ўмельстве. Тут патрэбна нешта большае. Цяпер хлапчукi жартам разбiраюць машыну да шрубкi.

У святло фар трапiў заяц. Ён iмклiва i лёгка нёсся наперад, i яго доўгiя вушы ўзляталi ўгору пры кожным скачку. Раз-пораз ён рабiў спробу збочыць з дарогi, але сцяна цемры нiбы адштурхоўвала яго назад. Далёка наперадзе ярка засвяцiлiся аўтамабiльныя фары, i неўзабаве сноп святла ўпаў на iх машыну. Заяц у нерашучасцi спынiўся, потым павярнуўся i адскочыў да менш яркiх фар "доджа". Колы прайшлi па iм, мякка падкiнуўшы машыну. Сустрэчны аўтамабiль са свiстам пранёсся мiма.

- Раздушыла, - зазначыў Кейсi.

Том сказаў:

- Некаторыя любяць iх душыць. А ў мяне кожны раз мароз па скуры. На слых матор працуе добра. Дрот на кольцах, вiдаць, расплавiўся. Не так дымiць.

- Вы здорава ўсё зрабiлi, - сказаў Кейсi.

У цэнтры лагера стаяў невялiкi драўляны дамок, на яго ганку з шыпеннем гарэў бензiнавы лiхтар, якi адкiдваў шырокi круг белага святла. Непадалёк ад дамка былi разбiты з паўтузiна палатак, каля iх стаялi машыны. Вячэра ўжо была згатаваная, але на вогнiшчах каля стаянак усё яшчэ тлела вуголле. Каля ганка, дзе гарэў лiхтар, сабралася невялiкая купка мужчын; у яркiм белым святле твары iх здавалiся грубымi i жылiстымi, i ад таго, што лбы i вочы iх хавалiся ў густым цянi ад капелюшоў, падбародкi рэзка выдавалiся наперад. Хто сядзеў на прыступках, хто стаяў каля ганка, абапiраючыся локцямi на яго насцiл. На ганку, адкiнуўшыся да сцяны на нахiленым крэсле, сядзеў гаспадар, барабанячы пальцамi па калене. У пакоi гарэла газавая лямпа, але яе кволы агеньчык прападаў у яркiм святле лiхтара, што шыпеў на ганку. Гаспадар быў цэнтрам усёй групы.

Том падвёў "додж" да краю дарогi i выключыў запальванне. Эл праехаў на грузавiку ў вароты.

- Заязджаць не буду, - сказаў Том, вылез з машыны i пайшоў праз вароты на яркае святло лiхтара.

Гаспадар апусцiў пярэднiя ножкi крэсла на дошкi ганка i нахiлiўся наперад.

- Хочаце ў нас стаць на прывал?

- Не, - адказаў Том. - Мае тут спынiлся. Гэй, та!

Бацька, якi сядзеў на нiжняй прыступцы, сказаў:

- Я думаў, вы там на тыдзень засядзеце. Адрамантавалi?

- Нам моцна пашанцавала, - адказаў Том. - Яшчэ засветла дасталi што трэба. Як развiднее, адразу i рушым.

- Вось i добра, - сказаў бацька. - Мацi непакоiцца - у бабкi ў нашай зусiм розум памуцiўся.

- Мне Эл ужо казаў. Ёй не лепш?

- Заснула, i то добра.

Гаспадар сказаў:

- Калi заедзеце i спынiцеся, плацiце пяць манет. Атрымаеце месца, ваду i галлё на вогнiшча. I нiхто вас не патрывожыць.

- На чорта нам гэта, - сказаў Том. - Праспiм ноч у кювеце бясплатна.

Гаспадар забарабанiў пальцамi па калене.

- Начамi тут шэрыфаў памагаты ходзiць. Можа прыдрацца. У нашым штаце начаваць пад адкрытым небам законам забаронена. I супраць бадзяжнiцтва таксама ёсць закон.

- А калi я вам заплачу пяцьдзесят цэнтаў, дык я ўжо не бадзяга, так?

- Правiльна.

Вочы ў Тома загарэлiся злосцю:

- Шэрыфскi памагаты выпадкам вам не швагер?

Гаспадар падаўся наперад:

- Не, не швагер. I не настаў яшчэ той час, калi ўсякiя бадзягi няшчасныя вучыць нас тут будуць.

1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 109
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек бесплатно.

Оставить комментарий