Цiмацi павярнуўся да яго i падаў яму сваю худую мазолiстую руку, i Томас пацiснуў яе.
- Нiхто не даведаецца, хто нам сказаў. Дзякуй вам ад нас. Бойкi не будзе.
- Бярыцеся за справу, - сказаў Томас. - I памятайце: дваццаць пяць цэнтаў у гадзiну.
- Папрацуем i за столькi... - сказаў Уiлкi, - на вас.
Томас пакрочыў да дамка.
- Я праз хвiлiнку таксама прыйду, - сказаў ён. - А вы бярыцеся за справу. - Сеткаватыя дзверы зачынiлiся за iм.
Том i Ўолесы мiнулi выбеленую вапнай адрыну i па ўскрайку поля падышлi да доўгай вузкай канавы, уздоўж якой ляжалi секцыi бетоннай трубы.
- Вось тут мы i працуем, - сказаў Уiлкi Тому.
Яго бацька адчынiў адрыну i вынес адтуль дзве кiркi i тры рыдлёўкi. Ён сказаў Тому:
- На, бяры сваю красуню.
Том узважыў кiрку ў руцэ.
- Ого! Якраз мне да пары.
- Пабачым, што ты ў адзiнаццаць гадзiн запяеш, - усмiхнуўся Ўiлкi. Паглядзiм, якая яна табе пара.
Яны падышлi да канца няскончанай канавы. Том зняў пiнжак i кiнуў яго на груду выкапанай зямлi. Ён адсунуў кепку з iлба i ступiў у канаву. Папляваў на далонi. Кiрка ўзляцела ў паветра i апусцiлася, блiснуўшы на сонцы. Том цiха кракнуў. Кiрка ўзвiвалася ўгору i падала, i краканне чулася якраз у той момант, калi лязо ўгрызалася ў зямлю, рассякаючы грунт.
Уiлкi ўсклiкнуў:
- Вось гэта я разумею! Ну i землякоп нам, та, трапiўся! Ён з кiркай, як з роднай.
Том адказаў:
- Я намахаўся ёю, дзе трэба - ух! Так, так, сэр, - ух! Не адзiн год - ух! Прыемна лашчыць далонь - ух! - Пад яго ўдарамi адколвалася глыба за глыбай. Сонца паднялося ўжо над фруктовымi дрэвамi, i вiнаграднае лiсце адлiвала золатам на лозах. Разрыхлiўшы шэсць футаў канавы, Том ступiў убок i выцер з iлба пот. Яго месца заняў Уiлкi. Рыдлёўка падымалася i апускалася, i груда выкiнутай зямлi абапал канавы расла ў даўжыню.
- Я ўжо нешта чуў пра гэту цэнтральную камiсiю, - сказаў Том. - Значыць, вы ўваходзiце ў яе?
- Так точна, сэр! - адказаў Цiмацi. - На нас ляжыць вялiкая адказнасць. На ўсiх нас. Мы стараемся, як можам, i людзi ў лагеры, як могуць, памагаюць нам. Каб толькi буйныя фермеры не так нам дапякалi. А то спакою не даюць.
Том скочыў у канаву, i Ўiлкi стаў з краю. Том загаварыў:
- А што з гэтай бойкай на танцах - ух! пра якую ён казаў? - ух! Што яны задумалi?
Цiмацi iшоў следам за Ўiлкi, i яго рыдлёўка скрэбла i падчышчала дно канавы, рыхтуючы яе пад трубу.
- Вiдаць, хочуць выжыць нас з лагера, - гаварыў ён. - Баяцца, што мы арганiзуемся, думаю. Магчыма, яны маюць рацыю. Лагер наш - гэта i ёсць арганiзацыя. Людзi клапоцяцца самi пра сябе. Струнны аркестр у нас найлепшы ў акрузе. Тым, хто галадае, адкрылi ў краме невялiкi крэдыт. Пяць даляраў - на такую суму можаш узяць харчу, i лагер за цябе ў адказе перад крамнiкам. З уладамi ў нас непрыемнасцей нiякiх не было. Вiдаць, гэта i палохае багатых фермераў. Не могуць засадзiць нас за краты - вось i страшна iм. Яны, пэўна, думаюць: тыя, што могуць самi сабой кiраваць, здольныя i на iншыя справы.
Том адышоўся ад канавы i выцер пот, якi залiваў яму вочы.
- Вы чулi, што напiсана ў газеце пра агiтатараў у лагеры на поўнач ад Бейкерсфiлда?
- Чулi, не глухiя, - адказаў Уiлкi. - Такое ўжо не першы раз.
- Дык вось, я адтуль. Нiякiх агiтатараў там не было. Людзей, якiх яны называюць чырвонымi. I наогул, што гэта за людзi такiя - чырвоныя?
Цiмацi зрэзаў рыдлёўкай невялiкi грудок на дне канавы. Белае шчацiнне ў ягонай барадзе паблiсквала на сонцы.
- Шмат хто цiкавiцца чырвонымi, - усмiхнуўся Цiмацi. - I вось адзiн тут у нас дазнаўся. - Ён прыпляскаў рыдлёўкай насыпаную на край канавы зямлю. - Ёсць тут у нас такi Гайнс. У яго ледзь не трыццаць тысяч акраў зямлi: персiкi i вiнаград - кансервавы завод i вiнаробня. Дык ад яго толькi i чуеш пра чырвоных: "Гэтыя праклятыя чырвоныя давядуць краiну да пагiбелi" i "Трэба гнаць адсюль гэтых чырвоных вырадкаў". А тут адзiн хлапец, навiчок у нас, аднаго дня слухаў, слухаў, пачухаў патылiцу ды кажа: "Мiстэр Гайнс, я ў гэтых краях нядаўна. Хто яны, тыя праклятыя чырвоныя?" А Гайнс адказвае: "Чырвоны гэта той сукiн сын, якi патрабуе трыццаць цэнтаў у гадзiну, калi мы плацiм дваццаць пяць". Хлопец падумаў, падумаў, зноў паскроб патылiцу i кажа: "Але ж, мiстэр Гайнс, я не сукiн сын, а калi чырвоныя вось такiя... дык я таксама хачу атрымлiваць трыццаць цэнтаў у гадзiну. Кожны хацеў бы. Мы, мiстэр Гайнс, усе чырвоныя, каб на яго лiха". - Цiмацi падраўнаваў рыдлёўкай дно канавы, i цвёрдая зямля заблiшчала на зрэзе.
Том засмяяўся:
- I я б не ад таго. - Яго кiрка высока ўзляцела i апусцiлася, i грунт даў трэшчыну. Пот залiваў яму лоб, сцякаў каля носа i паблiскваў кроплямi на шыi. - А, чорт, - сказаў ён, - кiрка - добрая рэч - ух! калi ты з ёю ў ладах - ух! А прыладзiшся - ух! - i разам з ёю праца спорыцца - ух!
Яны iшлi адзiн за адным, i канава паступова расла ў даўжыню, а сонца, усё вышэй падымаючыся ў ранiшнiм небе, абдавала iх спёкай.
Калi Том пайшоў, Руцi яшчэ крыху паглядзела праз адчыненыя дзверы ў санiтарны блок. Без Уiнфiлда, перад якiм можна было павыхваляцца, храбрасць яе звяла. Яна ступiла босай нагой на цэментавую падлогу, але праз момант адхапiла нагу назад. З палаткi ў далёкiм канцы праходу выйшла жанчына i пачала распальваць паходную жалезную печку. Руцi зрабiла некалькi крокаў да яе, але свая палатка пацягнула яе назад. Яна цiхенька падкралася да яе i зазiрнула пад брызент. Збоку, проста на зямлi, ляжаў дзядзька Джон, рот у яго быў адкрыты, з горла вырываўся булькатлiвы, захлёбiсты храп. Мацi i бацька спалi, укрытыя коўдрай з галавой, - ад святла. Эл ляжаў у процiлеглым ад дзядзькi Джона баку палаткi, прыкрыўшы вочы сагнутай у локцi рукой. Каля пярэдняй сценкi палаткi ляжалi Ружа Сарона i Ўiнфiлд, а месца побач з Уiнфiлдам было пустое - месца Руцi. Яна прысела на кукiшкi i пачала ўзiрацца. Позiрк яе спынiўся на кудзелiстай галоўцы Ўiнфiлда, i, адчуўшы яго, хлопчык расплюшчыў павекi i глянуў на сястру сур'ёзнымi вачамi. Руцi прыклала палец да вуснаў i паманiла яго рукой. Уiнфiлд пакасiўся на Ружу Сарона. Яе расчырванелы твар быў зусiм побач, яна дыхала, крыху растулiўшы губы. Уiнфiлд асцярожна прыўзняў коўдру i вышмыгнуў з-пад яе. Потым цiхенька вылез з палаткi да Руцi.
- Ты даўно ўстала? - шэптам запытаўся ён.
Руцi бясшумна, з асцярогай азiраючыся, павяла яго ад палаткi i, калi адышлiся на бяспечную адлегласць, сказала:
- Я i не клалася. Усю ноч на нагах.
- Няпраўда, - сказаў Уiнфiлд. - Ты манюка.
- Няхай так, - адказала Руцi. - Толькi калi я манюка, дык нiчога табе не раскажу. Аднаго дзядзьку нажом зарэзалi, а потым прытупаў мядзведзь i звалок дзiцяня. А я табе пра гэта не раскажу.
- Нiякага мядзведзя не было, - няўпэўнена запярэчыў Уiнфiлд. Ён прыгладзiў валасы пальцамi i адцягнуў штаны ў кроку.
- Добра, няхай не было, - з'едлiва сказала Руцi. - I тых белых гаршчочкаў з таго самага, з чаго пасуду робяць, - памятаеш, у каталогах бачылi?
Уiнфiлд вылупiў на сястру вочы. Ён паказаў рукой на санiтарны блок i запытаўся:
- Там?
- Я ж манюка. Ты ўсё роўна не паверыш, дык я i расказваць не буду.
- Пойдзем паглядзiм.
- Я там ужо была. Пасядзела на iх. Нават папiкала туды.
- А вось i не, - сказаў Уiнфiлд.
Дзецi пайшлi да будынiны, у якой быў санiтарны вузел, i Руцi цяпер ужо нiчога не баялася. Яна смела ўвайшла туды першая. Уздоўж адной сцяны прасторнага памяшкання былi туалеты - адсекi з дзвярамi спераду. Белы фаянс у iх ззяў чысцiнёй. Уздоўж процiлеглай сцяны выстраiлiся ўмывальныя ракавiны з кранамi, а насупраць увахода былi чатыры душавыя кабiнкi.
- Вось, глядзi, - сказала Руцi. - Гэта ўнiтазы - як у каталогу. - Дзецi падышлi да аднаго туалета. Руцi з паказной храбрасцю задрала спаднiчку i села на ўнiтаз. - Казала ж табе, я тут была, - сказала Руцi, i ва ўнiтазе пачулася цурчанне.
Уiнфiлд адчуў няёмкасць. Рука яго нацiснула на спускны рычажок, i раптам равучы палiлася вада. Руцi спалохана падскочыла i шарахнулася ўбок. Яны стаялi пасярод памяшкання i пазiралi на ўнiтаз. Вада ў iм усё яшчэ булькатала.
- Гэта ты ўсё, - сказала Руцi. - Падышоў i зламаў. Я бачыла.
- Не, я не ламаў. Далiбог, гэта не я.
- Я ж сама бачыла. Да добрых рэчаў цябе i блiзка падпускаць нельга.
Уiнфiлд паныла апусцiў галаву. Потым глянуў на Руцi, i вочы ў яго налiлiся слязьмi, падбародак задрыжаў. I Руцi пашкадавала яго.
- Ну нiчога, - сказала яна. - Я не паскарджуся на цябе. Мы скажам - так i было. Скажам, мы сюды i не заходзiлi нават. - Дзецi пайшлi з памяшкання.
Сонца ўжо ледзь дакраналася да краю гор i свяцiла на жалезныя рыфленыя дахi пяцi санiтарных блокаў, на шэрыя палаткi i на чыста падмеценыя дарожкi мiж iмi. Лагер прачнуўся. У паходных печках гарэў агонь, у печках, зробленых з газавых бiтонаў i лiставога жалеза. У паветры цягнула дымком. Полкi палатак былi адкiнутыя, i людзi расхаджвалi па лагеры. Перад Джоўдавай палаткай, паглядаючы па баках, стаяла мацi. Убачыўшы дзяцей, пайшла iм насустрач.
- Я ўжо не ведала, што i падумаць, - сказала яна. - Не ведала, дзе вас шукаць.
- А мы проста так хадзiлi, глядзелi, - адказала Руцi.
- А Том дзе? Вы яго не бачылi?
Руцi напусцiла на сябе важны выгляд.
- Так, мэм, бачылi. Ён пабудзiў мяне i сказаў, што перадаць. - Дзяўчынка замаўчала, каб падкрэслiць сваю значнасць.