Гiтара даражэйшая. На ёй трэба доўга вучыцца. На кончыках пальцаў левай рукi павiнны быць мазольныя наросты. На вялiкiм пальцы правай - арагавелы мазоль. Расцягвай пальцы левай рукi, расцягвай iх, як павук ногi, каб дацягнуцца да цвёрдых накладак на ладах.
Скрыня гэтая ў мяне ад бацькi. Я быў яшчэ клапом, як ён паказваў мне "до". А калi я навучыўся i зайграў на гiтары не горш за яго, ён ужо амаль нiколi за яе не браўся. Бывала, сядзе на парозе, слухае i такт нагамi адбiвае. Прабуеш трэмала, а ён хмурыць бровы, пакуль у мяне не атрымаецца, а тады адкiнецца на вушак i галавой кiвае. "Iграй, кажа, старайся". Добрая гiтара. Бачыш, як выскраблася дэка? А колькi на ёй было сыграна песень - мiльён, вось i выдзеўблася ўся. Калi-небудзь трэсне i ўвалiцца, як яечная шкарлупiна. А паправiць яе, нават крануць нельга - тон страцiць. Вечарам пайграю на ёй, а вунь у суседняй палатцы ў аднаго ёсць губны гармонiк. Разам добра выходзiць.
Скрыпка рэдка ў каго ёсць, на ёй цяжка навучыцца. Нi ладоў на ёй, нi павучыць няма каму.
Паслухаю вось таго старога, а потым сам падбiраю. Не паказвае, як браць двайныя ноты. Сакрэт, кажа. А я падгледзеў. Вось як ён гэта робiць.
Вiшчыць, як вецер, жвавая, нервовая, пранiзлiвая.
Яна ў мяне не надта каб. Аддаў за яе два даляры. А тут адзiн расказваў: ёсць скрыпкi, якiм па чатырыста год, гук сакавiты, як вiскi. Кажа, цана такiм пяцьдзесят-шэсцьдзесят даляраў. Ну што я скажу? Мусiць, манiць. Вiсклiвая яна ў мяне, старая шэльма. Што вам сыграць? Хочаце танец? Толькi смычок натру канiфоллю. Вось запiлiкае, ого! За мiлю чутно будзе.
Вечарам iграюць усе тры разам - гармонiк, скрыпка i гiтара. Iграюць кадрылю, б'юць абцасамi людзi падлогу, i тоўстыя гулкiя струны гiтары пульсуюць, як сэрца, хрыпла гучаць акорды гармонiка, высока забiрае i вiшчыць скрыпка. Вось зайгралi кадрылю "Куранё", ногi тупаюць па дошках, i цыбаты юнак робiць тры хуткiя па, рукi свабодна вiсяць уздоўж цела. Яго абступаюць з усiх бакоў, i пачынаецца танец - глухiя ўдары падэшваў, давай прыстуквай абцасамi. Круцяцца парамi, абняўшы адно аднаго за талiю. Валасы ўпалi на лоб, дыханне перарывiстае. А цяпер паварот у другi бок.
Глянь на гэтага тэхасца - даўганогi, ухiтраецца на кожным кроку танца чатыры разы чачотку адбiць. У жыццi не бачыў, каб такое вытваралi. Глянь, як ён круцiць тую iндыянку з племенi чэрокi, шчокi ў яе аж гараць, пяткi разам, а наскi паасобку. А дыхае як, грудзi так i ходзяць. Думаеш, ад стомы? Думаеш, запыхалася? Дык я скажу табе, не. У тэхасца валасы звесiлiся на вочы, рот разявiўся - прагна хапае iм паветра, а сам чачотку адбiвае i ад сваёй iндыяначкi нi на крок не адыходзiць.
Скрыпка павiсквае, гiтара бумкае. Чалавек з губным арганам увесь чырвоны ад натугi. Тэхасец i iндыянка дыхаюць цяжка, як замучаныя сабакi, але прытупваюць, скачуць. Старыя стаяць, пляскаюць у далонi. Ледзь прыкметна ўсмiхаюцца, адбiваюць такт нагамi.
Памятаю, дома... у школе... даўно ўжо гэта было. Па небе плыве поўня на захад. А мы з iм пайшлi пашпацыраваць... недалёка. Iдзём i маўчым, бо ў абаiх дыханне перахапiла. Нi слова не сказалi. А тут наперадзе сена стажок. Падышлi да яго i ляглi. Бачыла? Гэты тэхасец шмыгнуў са сваёй дзяўчынай у цемру нiхто, думаюць, не прыкмецiў. О божа! З гэтым тэхасцам i я пайшла б. Хутка ўзыдзе месяц. Я бачыла - яе бацька памкнуўся быў за iмi, але вярнуўся. Ён ведае. Восень не спынiш, усё роўна прыйдзе ў свой час, i сок на дрэвах не спынiш. Так i гэта. А месяц ужо хутка ўзыдзе.
Сыграйце яшчэ, сыграйце якую-небудзь старадаўнюю баладу... ну хоць "Як па вулiцах хадзiў я ў Ларэла".
Вогнiшча патухла. Ну i хай, не трэба яго зноў распальваць. Неўзабаве месяц узыдзе.
Каля арашальнай канавы на ўсю моц стараўся прапаведнiк, i людзi крычалi i лямантавалi. Прапаведнiк пахаджваў сярод iх, як тыгр, падсцёбваў сваю паству голасам, i людзi качалiся па зямлi з рыкам i стогнам. Ён прыглядаўся да iх, ацэньваў позiркам, рабiў з iмi што хацеў, i калi ўсе яны ў сутаргах валiлiся на зямлю, ён падыходзiў да кожнага, нахiляўся, адным махам падымаў з зямлi i з крыкам "Прымi, госпадзi!" кiдаў яго ў ваду. I калi ўсе яны стаялi па пояс у вадзе, спалохана пазiраючы на свайго настаўнiка, ён падаў на каленi на краi канавы i малiўся за iхнiя душы, прасiў у бога, каб усе мужчыны i ўсе жанчыны маглi качацца па зямлi з рыканнем i енкам у славу боскую. А людзi ў наскрозь прамоклай адзежы выбiралiся на бераг i вярталiся ў лагер, да сваiх палатак, перамаўляючыся мiж сабой цiхiмi, здушанымi галасамi, а чаравiкi ў iх на нагах чмякалi i хлюпалi.
Цяпер мы выратаваныя, казалi яны. Цяпер мы чыстыя, як першы снег. Больш мы нiколi ўжо не будзем грашыць.
А дзецi - напалоханыя, мокрыя - перашэптвалiся мiж сабой:
Цяпер мы выратаваныя. Больш ужо не будзем грашыць.
Добра было б даведацца, якiя на свеце бываюць грахi. Я ўсе пераспрабаваў бы.
Вандроўнiкi сцiпла задавальнялiся любой забавай у дарозе.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
У суботу вечарам у пральнi было поўна жанчын. Яны мылi сукенкi - ружовыя з сарпiнкi, квяцiстыя з паркалю i вешалi iх на сонцы, расцягваючы тканiну рукамi па вяроўцы, каб не моршчылiся. Да полудня жыццё ў лагеры пачало вiраваць, людзi заклапочана мiтусiлiся. Узбуджэнне перадалося i дзецям, i яны шумелi больш чым звычайна. У сярэдзiне дня iх сталi купаць, i па меры таго як iх аднаго за другiм вылоўлiвалi, утаймоўвалi i вялi мыцца, шум на пляцоўцы для гульняў паступова сцiхаў. Да пяцi гадзiн з дзяцей адскрэблi бруд i наказалi не пэцкацца, i дзецi сноўдалiся па лагеры як адзеравянелыя ў сваiм чысценькiм адзеннi, няшчасныя ад неабходнасцi ўсяго асцерагацца.
На вялiкай танцавальнай пляцоўцы пад адкрытым небам завiхалася спецыяльная камiсiя. Кожны абрывак электрычнага проваду iшоў у ход. У пошуках яго абследавалi гарадскую звалку, iзаляцыйную стужку ахвяравалi з кожнай iнструментальнай скрынкi. I вось залатаны, зрошчаны з некалькiх кавалкаў провад правялi да танцпляцоўкi, падвесiўшы яго на бутэлечных рыльцах замест фарфоравых iзалятараў. Гэтым вечарам над танцпляцоўкай упершыню загарэлася святло. Да шасцi гадзiн мужчыны вярнулiся ўжо з працы цi з пошукаў яе, i душавыя запрацавалi з новай сiлай. Да сямi паспелi паабедаць, i мужчыны ўбралiся па-святочнаму: свежапамытыя камбiнезоны, чыстыя сiнiя кашулi, а сёй-той нават у добрым чорным гарнiтуры. Дзяўчаты прыбралiся ва ўзорыстыя паркалёвыя сукенкi, чысценькiя, без нiводнай маршчынкi, заплялi валасы ў косы, перавязалi стужкамi. Жанчыны заклапочана паглядалi на сваiх сямейнiкаў i мылi посуд пасля абеду. На танцпляцоўцы струнны аркестр, абкружаны двайной сценкай дзяцей, рэпецiраваў сваю праграму. Усе былi засяроджаныя, усхваляваныя.
У палатцы Эзры Хастана, старшынi цэнтральнай камiсii, якая складалася з пяцi чалавек, iшло пасяджэнне. Хастан - высокi, хударлявы чалавек з цёмным абветраным тварам i вачамi, як вастрыё клiнка, гаварыў з членамi камiсii, прадстаўнiкамi ад усiх пяцi санiтарных аддзяленняў.
- Нам страшэнна пашанцавала, - сказаў ён, - што нас папярэдзiлi аб намеры ўчынiць скандал на танцах.
Загаварыў тоўсты карантыш, прадстаўнiк ад блока нумар тры:
- Трэба з iх дух выбiць вон, правучыць як след.
- Не, - сказаў Хастан. - Яны таго толькi i чакаюць. Не, сэр. Калi iм удасца распачаць бойку, яны паклiчуць палiсменаў i заявяць, што ў нас тут буяняць. У iншых лагерах так ужо было. - Ён павярнуўся да смуглявага юнака з сумным тварам - прадстаўнiка санблока нумар два: - Ну, ты сабраў хлопцаў, выставiў ахову ўздоўж агароджы, каб нiхто ў лагер не пралез?
Юнак з сумным тварам кiўнуў галавой:
- Зрабiў. Дваццаць чалавек. Загадаў нiкога не бiць. Выпхнуць - i ўсё.
Хастан сказаў:
- Схадзi, калi ласка, знайдзi Ўiлi Iтана. Ён сёння, здаецца, распарадчык на вечарынцы?
- Ага.
- Скажы яму, нам трэба з iм пагаварыць.
Юнак выйшаў з палаткi i неўзабаве вярнуўся ў суправаджэннi жылiстага тэхасца. Падбародак у Ўiлi Iтана быў вузкi, тонкi, валасы попельна-шэрыя, рукi i ногi доўгiя i быццам расхлябаныя, а вочы светла-шэрыя, апаленыя сонцам, як у тыповага жыхара Тэхаскага выступу. Ён увайшоў з усмешачкай у палатку i стаў, нецярплiва пакручваючы кiсцямi рук.
Хастан запытаўся ў яго:
- Ты чуў, што вечарам рыхтуецца?
Уiлi шырока ўсмiхнуўся:
- Ага!
- Зрабiў што-небудзь?
- Ага!
- Раскажы нам што.
Уiлi Iтан усмiхнуўся на ўвесь рот:
- Значыць, так, сэр: звычайна ў суботнюю камiсiю ў нас уваходзяць пяць чалавек, а я набраў яшчэ дваццаць - надзейныя ўсе хлопцы. Яны будуць танцаваць, але вочы iх i вушы будуць усё бачыць i чуць. Ледзь толькi дзе гучней загавораць цi заспрачаюцца, яны раз! - i кружком. Чыста будзе зроблена. Нiхто нiчога не заўважыць. Будзе так, быццам усе яны з пляцоўкi iдуць, i скандалiст хочаш не хочаш з iмi пойдзе.
- Скажы iм, каб рукам волi не давалi.
Уiлi весела засмяяўся:
- Казаў.
- Не, ты так скажы, каб да iх дайшло.
- Дайшло. Пяцёх пастаўлю каля варот, няхай прыглядаюцца да тых, што ўваходзяць. Паспрабуем адразу iх высачыць, яшчэ да таго, як пачнуць.
Хастан падняўся з месца. Вочы яго сталёвага колеру глядзелi сурова.
- Паслухай, Уiлi. Бiць iх нельга. Каля пярэднiх варот будуць шэрыфавы агенты. Калi вы пусцiце каму-небудзь кроў, вас забяруць.