Думаю так, а сама ўсё гляджу, усё сачу за аганькамі. Вецер на нас, яны можа i не пачуюць, што тут людзі. А можа загуляюцца на сваім вяселлі ды забудуць пра нас. Вось пярэдні агеньчык мільгнуў і знік, значыцца, павярнуліся бельмы ў другі бок. За ім, гдяджу, і другі знік, i трэці. Праходзіць нейкі момант, і мне здаецца, што ваўкі ўжо недзе за намі. Баюся паварушыцца, каб паглядзець. Раптам Уладзік так рашуча ды па-мужчынску шэпча: «Уставайце, мама, і пабяжым!» Я ўсхапілася, нібы толькі і чакала гэтага. Пабеглі мы, адкуль гэтыя і сілы ўзяліся. Бяжым, бяжым, дух забівае, ад замеці свету не відно, а мы ўсё бяжым і назад не азіраемся. Спыніліся, калі ўжо ногі пачалі падкошвацца. Я хапаю Уладзіка за рукі, каб адцерці іх, каб абагрэць дыханнем яго твар, і намацваю ў яго руцэ расчынены складаны ножык.
— Гэта ваўкі былі? — пытае Уладзік у мяне.
— Ваўкі,— адказваю. А самой так радасна стала за хлопца, і ўся трывога адлегла ад сэрца. Цяпер ужо я верыла, што мы дойдзем дадому і нішто нас не суніме. Падала я Уладзіку адагрэты акрайчык, а ён перакроіў яго гэтым сваім ножыкам і аддаў палавінў мне. Мы сталі спінамі да мяцеліцы, прытуліліся адно да аднаго і папалуднавалі наспех, хоць пара падыходзіла, бадай што, да снедання. Падмацаваліся, пайшлі далей. I вось дайшлі неяк. Уладзік не раз потым успамінаў пра тую ноч. Казаў, што каб i яшчэ гэтулькі ісці, то ўсёроўна дайшоў бы. Гэта ён так рады быў за бацьку. Аднак жа, бедны, доўга хварэў пасля гэтага.
Даша слухала, аж заслухалася, забыла, што ўжо няма на руках матка. Рукі, выцягнутыя наперад, ляжалі локцямі на стале, тонкія далоні злёгку варушыліся.
— От Уладзік,— ціха сказала яна, калі гаспадыня разблытвала першую нітку другога матка.— Ён i потым быў такім дружным, харошым... Нездарма ж вось i на фронце...
— Там яны абодва, калі б жывымі былі...— сумна сказала жанчына.— Узнагароды вялікія ў абодвух. Нават бацьку i то далі ордэн, хоць пасля смерці ўжо. Горад Стаўбуноў бралі, дык першым са сваім аддзяленнем стары зайшоў у тыл ворага. У мяне такое апісанне ёсць, з часці прыслалі.
9
Мітрафан з Платонам таксама ўжо ўходавалі свой чыгун бульбы i цяпер сядзелі ўдвух каля печы, вялі сваю ціхую гаворку. Цімоша павячэраў раней і паімчаў некуды са студэнтамі, з якімі яшчэ ў мінулую зіму разам бегаў у дзесяцігодку. Платон расказваў Мітрафану пра калгасных коней, скардзіўся на некаторых калгаснікаў, што вельмі ж не шануюць жывёлу. «Як жа гэта можна?-—абураўся стары.— Даў учора па загаду старшыні адной жанчыне падводу. Налажыў сена ў сані, каб было чым пакарміць тое цягло ў дарозе. Наказаў жанчыне, каб берагла кабылку. А яна, гэтая жанчына, што зрабіла? Заехаўшы ў двор, скінула ўсё сена сваёй карове i цэлы дзень вазіла дровы на галоднай кабылцы. Прыгнала яе ў канюшню позна ўвечары, кінула не распрэжаную, мокрую i дрыжачую».
Усю тую ноч качалася кабылка жыватом, і ўсю тую ноч Платон не адыходзіў ад яе, праклінаў і жанчыну, і старшыню, i свой пакутлівы лёс конюха.
Па нейкай своеасаблівай асцярожнасці Платон не сказаў, хто такая была гэтая жанчына, аднак Мітрафан разумеў, што ўсе сляды вялі да праславутай Кадрыліхі, бо ніхто іншы ў іхнім калгасе так не зрабіў бы. 3 мужчын хіба толькі Заткла. Разумеў Мітрафан, што i загнаная кабылка была не так сабе жывёліна. У Платона, праўда ж, i не было на канюшні проста жывёлін, звычайнай цяглавай сілы. У кожнай загародцы стаяла своеасаблівая істота, зусім адметная ад іншых і зусім не такая, як у іншых калгасах. Што ж датычыць кабылкі, пра якую ішла гаворка, то гэта была адна з самых лепшых гадаванак Платона. Гэта тая самая Лысуха, якая яшчэ ў мінулую зіму была жаробкай i часам прыносіла старому конюху немала прыемных клопатаў. Вырвецца, бывала, з канюшні i пайшла гуляць па вуліцы. Хлапчукі з крыкам і віскам за ёй, а яна выляціць на выган, абмахне кругом вёску і ўжо імчыць з другога канца вуліцы. Тут стары выходзіць напярэсцікі, расстаўляе рукі, і жаробка напружвае пярэднія ногі, уязджае капытамі ў снег. Рэдка калі яна асмельвалася абмінуць Платона, а калі ўжо і абмінала, то на другім крузе абавязкова давалася ў рукі. Прыляціць, уткнецца ў Платонаў кажух і сапе вінавата і стомлена.
Размова крыху зацягнулася ў старых. Платон час-ад-часу памыкаўся ўстаць, каб ісці на канюшню, але Мітрафан прытрымліваў яго, бо ведаў аб сабе, што не засне да другіх пеўняў, як бы ні стараўся. А што можа быць пакутлiвей, чым бяссонніца ў глыбокую ноч?
Мітрафан устаў, каб зачарпнуць сабе вады, а можа i Платону падаць, калі захоча, як у гэты момант, штурхнуўшы з разгону сенечныя дзверы, убегла ў хату Даша.
— Бычка ўкралі! — на бягу крыкнула яна i пачала хутка надзяваць ватоўку.
— Што? — не разабраў Мітрафан.— Якога бычка?
— У цёткі Настулі! — дадала дзяўчына.— Ідзіце хутчэй туды, а я пабягу скажу хлопцам!
Яна выбегла, нават не зачыніўшы хатніх дзвярэй, а Мітрафан з Платонам, не надта спяшаючыся, накінулі на плечы свае кажухі (перад чыгуном бульбы Платон распрануўся, хоць звычайна мог сядзець у кажусе хоць суткі ў любой цеплаце) і пайшлі на Андрэішын двор. Пакуль яны прышлі, Даша з’явілася з хлопцамі. Сярод іх быў і Цімоша. Як гулялі разам на вячорках, так і рынуліся адразу па Дашынай трывозе. У двары хлопцы пачалі крычаць, мітусіцца, падаваць розныя парады, а некаторыя лічылі самым лепшым пайсці адразу на двор Кадрыліхі і абшукаць там усе закавулкі.
Мітрафан, пераглянуўшыся з Платонам, спыніў усю гэтую неразбярыху. Хоць сваім звычным шэптам, але цвёрда ён загадаў хлопцам не вытароўваць лішне двор, а сам узяў з рук Андрэіхі ліхтар «лятучую мыш» і пайшоў ад хлява ў бок загуменняў. Пакрочыў за ім i Платон. Хутка яны вярнуліся і паказалі хлопцам, куды павялі сляды: адзін чалавечы, другі бычыны. Відаць, не надта дужы быў злодзей, бо не нёс бычка на руках, а цягнуў яго збоку. Паколькі было яшчэ не позна i жанкі хапіліся адразу, то сляды не паспела занясці.
Хлопцы пабеглі па слядах, некаторыя са студэнтаў вынялі свае электрычныя ліхтарыкі. Пабегла з імі i Даша, а Мітрафан з Платонам пайшлі паціху, проста дзеля цікавасці,
«Хто ж гэта такі? — думала, бегучы, Даша. — Няўжо гэты самы Заткла, Кадрылішын паслугач?»
Уперадзе ўсіх імчаў Цімоша, ледзь не ступня ў ступню за ім бег адзін даўганогі студэнт і асвятляў ліхтарыкам сляды.
— Вунь бычок! — узрадавана і трывожна крыкнуў Цімоша, павярнуўшыся да хлопцаў i паказваючы рукою ўлева ад сябе, у бок недалёкага пасёлка.
— Гэта сабака! — не паверыў студэнт.
Але ён памыліўся: ля землямерскага слупка у полі, па жывот у снезе сапраўды стаяў і калаціўся ад холаду Андрэішын бычок. Глянулі на сляды ад слупка, і Цімоша кінуўся ўправа, бліжэй да агародаў. Хутка ён заўважыў, што ля платоў мятнулася нешта чорнае і пакацілася па снезе ў напрамку Кадрылішынага агароду. Гэта ж самае адразу заўважыла і Даша.
— Заткла! — крыкнула яна гучным дзявочым голасам. — Забягайце яму наперад, бо ўскочыць у агарод, дык там не знойдзеце!
I толькі гэтае самае Заткла наважылася пераскочыць пляцень, як Цімоша нагнаў яго і з разгону штурхнуў у плечы. Заткла войкнула і асунулася на гэтым жа плятні, а тым, што падбеглі пазней, здалося, нібы злодзей усё ж намерваецца скочыць далей, дык некаторыя з іх таксама прыклаліся па разу.
Заткла з’ехала мордаю ў снег па той бок плятня i пачало жаласліва, па-дзіцячаму плакаць і прасіцца:
— Біце, браткі, мяне, забівайце!.. Усёроўна не жыць мне больш на свеце. Забівайце!
Голас мала быў падобны на Затклаў. Даша нахілілася над плятнём, студэнты пасвяцілі. Чалавек ляжаў ніцма, закрыўшы рукавамі твар. Са снегу тырчалі старая аблезлая шапка-вушанка, відаць, з летняга. пужайла ў агародзе, і падраны кажух, падпяразаны вяроўкай. Хлопцы пералезлі цераз пляцень і ўзялі чалавека за рукі, каб падняць на ногі, але ён, стогнучы і войкаючы, вырваў свае рукі і зноў шуснуўся ў снег. Тады Цімоша ўзяў аберуч яго за галаву, перакруціў на бок, а студэнт уключыў ліхтарык.
— Васіль! — раптам спалохана i трывожна крыкнула Даша. — Вася, няўжо гэта ты?!
— Забівайце мяне, браткі, — зноў пачаў прасіцца чалавек, — канчайце на гэтым месцы, бо не хачу я больш жыць.
Гэта сапраўды быў Васіль Печка.
Усім хлопцам стала няёмка: з аднаго боку — перад імі ляжаў, усё ж такі, злодзей, якога з гарачкі можна было і выцяць і абразіць, якога трэба вось зараз жа аддаваць у рукі мясцовай улады, а з другога боку, гэта — таварыш, сябар, з якім не так даўно разам вучыліся, разам бегалі па вуліцы. Даша таксама разгубілася, не ведала, што рабіць.
— Як жа гэта ты, а? — усё пытала яна, успёршыся рукамі на пляцень. — Як жа гэта здарылася, Вася?
Прыклыпалі па гуртавых слядах Мітрафан з Платонам, убачылі, што начальства папалася, і пасунуліся моўчкі назад: далей ад граха, ад розных непрыемнасцей. Па дарозе яны забралі з сабою бычка.
Даша ўсё дапытвалася, але Печка толькі плакаў, скардзіўся на свой лёс, а ў гаворку не ўдаваўся,
— Хочаш, мы дапаможам табе дайсці дадому, — папрасіла дзяўчына, але Печка i на гэта нічога не адказаў.