Так падкасіліся ў хлапца і тыя сілы, што былі. Для здаровага лайдака, ды яшчэ не цвярозага, нічога не значылі б тыя вельмі спагадлівыя штуршкі, якімі надзялілі Васіля хлопцы ў тую недарэчную ноч. Не пашкодзіў бы таму лайдаку і не надта доўгі адпачынак у снезе. А вось сакратару Чырвонамакаўскага сельсавета ўсё гэта вельмі пашкодзіла. Трохі яго штурхнулі, трохі паляжаў, разагрэўшыся, у снезё, пакуль хлопцы прывязлі сані, галоўнае ж — ператросся чалавек, перапаліў нервы і не ўстаяў пасля гэтага, захварэў.
Даша кожны дзень прапытвала пра Васіля, амаль кожны дзень намервалася ісці да Печкаў у хату, але ўсё неяк адкладвала, хоць з цяжкім болем у душы. Не лёгка было рашыцца на такое наведванне. Ніколі ў сваім жыцці яна не была ў Печкаў, ніколі блізка не сустракалася са старой Аксінняй, Васілёвай маткай, а толькі чула, што жанчына гэтая крутога нораву, вельмі вострая на язык і не раз прабірала Валодзю за тое, што абмінуў і сваіх, і гарадскіх дзевак ды знюхаўся вунь з нейкай цялятніцай.
Крыўдна было ўспамінаць і думаць пра гэта, але ўсё ж такi дзеля справядлівасці, дзеля сапраўднай чалавечай дружбы дзяўчына адважылася пайсці ў Чырвоныя макі. Выйшла аднаго дня вельмі рана, адразу пасля таго, як з большага ўправілася на ферме. У Чырвоных маках яшчэ толькі дымы валілі з каміноў і вучні беглі ў школу, калі яна падыходзіла да Печкавага двара. Ужо з вуліцы заўважыла, што Аксінні няма дома: дзверы ў сенцы зашчэплены і з двара пайшоў свежы след. Спачатку хацела вярнуцца, а потым выпадкова глянула на комін i ўбачыла, што адтуль яшчэ цэдзіцца рэдкі дымок. «Юшка не зачынена,— падумала Даша, — значыць гаспадыня недзе каля дому».
Сапраўды, неўзабаве Аксіння выйшла з чужога двара i, асцярожна ступаючы па коўзкай сцежцы, накіравалася да свае хаты. У руках яе былі два вялікіх вядры, да самых берагоў напоўненыя вадою.
Дзяўчына пайшла ёй насустрач.
— Дайце я вам памагу, цётка, — весела сказала яна i працягнула руку да почапкі аднаго вядра.
— Не трэба... я сама, — пераводзячы паміж словамі дух, загаварыла жанчына. — Гэта ж... калодзеж замёрз... у тыя маразы... што былi. Ды i снегам занясло... А пачысціць няма каму... Адна засталася.
I толькі цяпер яна на нейкі момант адарвала свой позірк ад сцежкі i агледзела Дашу.
— А вы чые ж гэта будзеце? — прыязна спытала яна. — Нешта не пазнаю.
— Ды я не адсюль, — пачынаючы трывожыцца, адказала Даша. — Я з Дабрасельцаў.
— 3 Дабрасельцаў? — нібы не верачы, перапытала жанчына. — А чыя ж усё-такі?
— Мітрафанава, — адчуваючы, што набліжаецца цяжкая хвіліна, сказала Даша. — Я прышла праведаць вашага Васіля.
Аксіння паставіла вёдры на снег, спачатку глыбока ўдыхнула ў сябе паветра, а потым, нібы шуфлем, сыпанула на Дашу мноства непрыемных і крыўдных слоў:
— Дзякую табе, дзякую, што ўважыла... Прыбіўшы хлопца, то можна i праведаць... Канешне... Вельмі рады мы твайму праведанню... Чакалі, ледзь дачакаліся... Вось i Валодзя прышле табе падзяку за брата... Канешне!..
— Што вы, што вы гаворыце? — у абурэнні пытала дзяўчына. — Цётка Аксіння, гэта ж усё няпраўда. Я хацела вам расказаць, як усё было. Я якраз ратавала Васіля.
— Ратава-ала... — злосна паўтарыла Аксіння. — Як гэта ты ратавала? Што не біла сама? Даволі таго, што твой брацік біў пад тваю каманду. Мокрут быў у мяне, усе расказаў.
«Мокрут ва ўсім і вінаваты»,— хацела сказаць Даша, але жанчына нервова i роспачна замахала на яе рукамі, заплакала i неяк залішне жвава ўхапілася за вёдры.
— Няма ўжо Васіля дома, — плачучы, сказала яна, калі ўвайшла ў двор. — Няма. Завязлі ўчора зранку ў бальніцу.
— Праўда?!—Даша кінулася ўслед за цёткай Аксінняй, але тая з наўмыснай спрытнасцю зняла з прабоя зашчапку, пераставіла цераз парог вёдры і зачыніла за сабою дзверы.
3 болем і пякучай крыўдаю ў сэрцы саступіла Даша з пасыпаных попелам усходцаў. Міжвольна глянула на вуліцу, ці не ідзе хто, ці не бачыць яе такой ганьбы, такога цяжкага, несправядлівага сораму. Каб была якая-небудзь асобная сцежка, па якой можна было трапіць дадому, не выходзячы на вуліцу, Даша, напэўна, пайшла б гэтаю сцежкаю. Няхай хоць праз лясы, праз балоты, абы толькі людзей не сустракаць, не паказвацца нікому. Такога горкага, бездапаможнага адчування, здавалася, яшчэ ніколі не было.
Ухутаўшы шарсцяной хусткай твар, яна квола пайшла да варот, потым вярнулася, падышла да калодзежнага вочапа. Нізкі і пахілены зрубчык сапраўды ледзь не ўвесь быў замураваны намараззю. У ім віднеўся круглы і слізкі праём, але такі, што вядро не пройдзе. Даша марудным паглядам акінула двор. Ей хацелася знайсці што-небудзь пад руку: рыдлёўку, сякеру ці які-небудзь прут. Але ў двары нідзе нічога не было. Падобна было на тое, што нават i палена дроў на сэдасе няма. Ходзіць, пэўна, жанчына, выпрошвае, пазычае.
«Два сыны ў мацеры, — сумна падумалася Дашы. — Аднаго даўно няма дома, а другі, відаць, не меў часу памагаць старой каля хаты. Нялёгка жылося мацеры, а тут яшчэ гэты цяжкі, незвычайны выпадак».
Дзяўчыне раптам шкада стала Аксінню, і крыўда на яе пачала трохі адлягаць. Каб хто другі на яе месцы, то можа нагаварыў бы яшчэ больш. Яна, мабыць, з гора злуецца, а матчына сэрца чуе праўду, пэўна ж і Васіль хоць два словы сказаў.
Даша выйшла на вуліцу, i ёй ужо не так прыкра было падумаць пра людскія вочы. Калі б добры чалавек сустрэўся, то няхай бы сабе сустракаўся. Можна было б нават пагаварыць з ім, падзяліцца душэўнымі пакутамі. Таму і рашыла яна зайсці ў сельсавет. Ведала, што Мокрута так рана не будзе, а з Іванам можна пагаварыць, гэты хлопец усё зразумее. Калі ж трапіцца Мокрут, то пагаворыць, вядома, i з Мокрутам, толькі не так, як з Іванам, не тым голасам.
Іван сапраўды быў ужо на рабоце. Калі Даша ўвайшла ў яго бакоўку, ён нешта чытаў у вялікім сінім блакноце, прыкметна памятым ад таго, што яго насілі, відаць, не ў партфелі.
— Паслухай, што напісана, — звярнуўся ён да дзяўчыны, як толькі яна прывіталася i села каля стала.
«Калi чалавек не бачыць i не адчувае вакол сябе людзей, значыцца, i сам ён ужо не чалавек, а тым больш не савецкі работнік. Князёк i сабака ў Чырвонамакаўскім сельсавеце».
Іван задаволена засмяяўся.
— Здорава, га? Слухай далей!
«Ёсць такія рэчы, пра якія ўжо нельга маўчаць. Сэрца не вытрымлівае».
— А чый гэта блакнот? — з зацікаўленасцю спытала Даша. Па слогу яна адчула, што гэта не Іван пісаў.
— Не блакнот, а славутая запісная кніжка,— нібы падвясельваючы Дашу, адказаў Іван.— Тут многа чаго цікавага і карыснага запісана. Яе забыў тут у мяне Павел Паўлавіч. Хутка, мабыць, схопіцца, прыбяжыць.
— Якое ты маеш права чытаць чужыя запісныя кніжкі? — з лёгкім, нібы нават жартаўлівым папрокам спытала Даша.
— Павел Паўлавіч не пакрыўдзіцца,— адказаў Іван.— Тым больш, што я ўжо даўно ведаю пра яго запісы, ён сам мне гаварыў.
«Параіцца б з ім»,— мільгнула ў дзяўчыны думка, і, яшчэ канчаткова не вырашыўшы гэтага, яна спытала, дзе цяпер Павел Паўлавіч.
— Добра не ведаю,— адказаў, падумаўшы, Іван,— але мяркую, што ў школе, у Ільі Савіча. Учора яны цэлы вечар сядзелі ўдвух у дырэктарскім кабінеце, нешта вырашалі. А нанач Павел Паўлавіч прышоў сюды, гэта ўжо такі чалавек.
— Чаму ж ты яго да сябе не запрасіў?
— Я запрашаў,— стаў адразу апраўдвацца хлапец.— Нават вельмі прасіў. I дырэктар цягнуў яго да сябе. Яны тут заходзілі абодва да мяне. Дык хіба чалавек паслухаў? Выдумаў, што яму трэба пісаць усю ноч, і застаўся ў маёй бакоўцы. Пісаў, бачу, — тут маім чарнілам напісана, але ж не ўсю ноч пісаў.
— Добра сказана,— задумліва прамовіла Даша,— але трохі пазнавата. Сапраўды, нельга маўчаць, ды не толькі сёння, a і ўчора нельга было маўчаць, і пазаўчора. У нас ад таго i праявы розныя, што некаторыя вельмі ўжо любілі маўчаць.
Іван нібы ў спалоху глянуў на дзяўчыну, і яго вялікія, прыкметна адтапыраныя вушы пачырванелі.
— Я не толькі пра цябе гавару,— заўважыўшы гэта, працягвала Даша. — Я і пра свайго бацьку гэта скажу, i пра Андрэіху. Адны з вас вельмі ўжо баяліся глянуць праўдзе ў вочы, а другія не хацелі псаваць сабе спакойны сон, чакалі, што нехта іншы прыдзе і ўсё зробіць. А ліха, калі не перасекчы яму дарогу, не чакае. Яно падбярэцца да ўсіх i не дасць соладка спаць кожнаму. Гэта i мой стары пачынае ўжо разумець, толькі ўсё яшчэ Міхася з горада чакае, мне не заўсёды верыць.
— Я то нічога не чакаў, — з сяброўскай шчырасцю ў голасе пачаў Іван, — і боязні асаблівай у мяне не было. Я проста многа чаго не разумеў. Мне здавалася раней, што мае думкі не могуць быць для каго іншага цікавымі, што ўсе ўжо даўно тое ведаюць, што я ведаю. Хоць, калі сказаць ад душы, то я не адзін раз гаварыў, напрыклад, Васілю, што нельга так выслужвацца перад Мокрутам, што кожны чалавек павінен мець сваю самастойнасць. Аднак жа Васіль мяне не паслухаў, значыцца, я дрэнна гаварыў.
— Хто яго ведае, — уздыхнуўшы, прамовіла Даша. — Можа ты дрэнна гаварыў, можа Васіль дрэнна слухаў. Наконт гэтага хлопца і ў мяне вельмі неспакойна на душы. Не ведала я яго, не разумела. Жыў сабе сакратар Чырвонамакаўскага сельсавета, бегаў з кардоннай папкаю па вёсках, i думалася, што ўсё тут ідзе, як трэба. А мне яшчэ Валодзя неяк скардзіўся на яго: мацеры не слухае, выпівае часта.