- Ата, - пагадзiўся Том. - Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзiць.
Ад Аклахома-Сiцi да Бэтанi - чатырнаццаць мiль.
Том сказаў:
- I праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабiць прывал. Эл абяцаў паставiць тую штуку наверсе. А то яны там зусiм спякуцца.
Мацi зноў задрамала, але раптам ускiнула галаву, сказала:
- Трэба вячэру прыгатаваць. - I дадала: - Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.
Ён доўга не адказваў ёй.
- Праўда? Ну i што ж, ма? - нарэшце сказаў ён.
- Я баюся за цябе. Выходзiць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавiць.
Том засланiў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё нiжэй.
- Ты не хвалюйся, - сказаў ён. - Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпiсцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калi там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак i адбiткi пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калi за мной нiякiх правiнак не будзе, дык iм на мяне напляваць.
- I ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробiш i нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Калiфорнii многае такое лiчыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабiць, думаеш, усё законна, а ў Калiфорнii за гэта караюць.
- Тады ўсё роўна, што з падпiскай, што без, - сказаў Том. - Праўда, такiм, як я, больш перападае, чым каму. Але кiнь непакоiцца. У нас i без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лiшнi.
- А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу - вось табе i злачынства.
- Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Салiса i з голаду здыхаць, - сказаў Том. - Давай пашукаем месца для прывалу.
Праехалi Бэтанi з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзiла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскiнута палатка, над якой з комiна, прасунутага праз брызент, вiўся дымок. Том паказаў на палатку.
- Вунь нехта спынiўся. Бадай што, нядрэннае месца.
Ён збавiў газ i затармазiў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкi быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На iм былi таннае саламянае самбрэра, сiняя кашуля, чорная, у крапiнку, камiзэлька i зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокiя i доўгiя маршчыны на худых шчоках рабiлi больш кiдкiмi яго вострыя скулы i падбародак. Ён падняў галаву i паглядзеў на грузавiк Джоўдаў, i ў яго позiрку адлюстравалiся заклапочанасць i раздражненне.
Том высунуўся з акенца:
- Тут спыняцца нанач не забаронена?
Дагэтуль чалавек бачыў толькi грузавiк. Цяпер яго позiрк перабег на Тома.
- Не ведаю, - адказаў ён. - Мы спынiлiся тут толькi таму, што далей ехаць не можам.
- А вада тут паблiзу ёсць?
Чалавек паказаў на хiбарку заправачнай, што вiднелася мо за чвэрць мiлi наперадзе.
- Вада вунь дзе - вядро налiць дадуць.
Том быў у нерашучасцi.
- А нiчога, калi мы таксама тут спынiмся?
Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.
- Я тут не гаспадар, - адказаў ён. - Мы толькi таму тут сталi, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.
Том не здаваўся:
- Усё ж такi вы ўжо тут, а мы толькi прыехалi. Ваша права вырашаць перашкодзяць вам суседзi цi не.
Заклiк да гасцiннасцi падзейнiчаў iмгненна.
- Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогi. Вельмi будзем радыя. - I паклiкаў: - Сэйры, тут людзi спынiцца каля нас хочуць. Выйдзi паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, - паведамiў ён Тому.
Полкi палаткi расхiнулiся, i з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы лiст, i на iм гарэлi вочы - чорныя вочы, у глыбiнi якiх затаiўся страх. Маленькую жанчыну калацiла. Яна трымалася за адкiнутую полку палаткi, i рука яе нагадвала руку шкiлета, абцягнутую сухой скурай.
Яна загаварыла нiзкiм, прыгожым, мяккiм пявучым голасам, у якiм прабiвалiся звiнючыя ноткi.
- Скажы iм: з добрым прыбыццём, - прамовiла яна. - Скажы: сардэчна запрашаем.
Том з'ехаў з шашы i паставiў машыну ў полi побач з легкавой. Пасажыры выплюхнулiся з грузавiка, як кiпень з гаршка. Руцi i Ўiнфiлд так паспешлiва саскочылi, што ў iх ледзь не падкасiлiся замлелыя ногi, i ўзнялi вiск, калi ў лытках пачало паколваць, як iголкамi. Мацi адразу ўзялася за справу. Адвязала вялiкае вядро, што было прывязана ззаду грузавiка, i падышла з iм да дзяцей, якiя ўсё яшчэ вiшчалi.
- Iдзiце па ваду - вунь туды. Папрасiце далiкатна. Скажыце: "Будзьце ласкавыя, цi нельга нам налiць вядро вады?" I не забудзьцеся, скажыце: "Вялiкi дзякуй". Назад панесяце ўдваiх, толькi не расплюхайце па дарозе. А трапiцца на вочы сухое голле, захапiце з сабой - касцёр распалiм.
Дзецi патупалi да хацiны.
А каля палаткi адбылася маленькая замiнка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:
- Вы не з Аклахомы?
Эл, якi стаяў каля легкавушкi, паглядзеў на нумарны знак.
- Канзас, - сказаў ён.
Хударлявы чалавек растлумачыў:
- Мы з Галены, з яе наваколля. Уiлсан, Айвi Ўiлсан.
- А мы Джоўды. З-пад самага Салiса.
- Што ж, мы вельмi радыя пазнаёмiцца, - сказаў Айвi Ўiлсан. - Сэйры, гэта Джоўды.
- Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзiўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.
- Гавораць усе па-рознаму, - сказаў Айвi. - Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусiм дзiўна гаварыла. Ледзь разумелi яе.
Ной, дзядзька Джон i прапаведнiк узялiся разгружаць машыну. Спачатку памаглi дзеду злезцi i пасадзiлi яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставiўшы вочы проста перад сабой.
- Табе што, дзед, нядобра? - запытаўся Ной.
- Вельмi, - слабым голасам адказаў стары. - Страх як дрэнна.
Паволi i асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўiлсан.
- Можа, вам лепш зайсцi ў палатку? - запыталася яна. - Паляжыце там на матрацы, адпачнiце.
Пачуўшы яе мяккi голас, дзед падняў галаву.
- Хадзем, - сказала Сэйры. - Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.
Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцялiся, ён хрыпла ўсхлiпваў. Мацi кiнулася да яго i абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спiну, i павяла, пацягнула яго ў палатку.
Дзядзька Джон сказаў:
- Вiдаць, сапраўды дзед наш расхварэўся. Раней з iм гэтага не бывала. У жыццi не бачыў, каб ён слязу пусцiў. - Джон хуценька залез на грузавiк i скiнуў унiз матрац.
Мацi выйшла з палаткi i падышла да Кейсi.
- Вам даводзiлася даглядаць хворых, - сказала яна. - Дзед занядужаў. Можа, пойдзеце глянеце на яго?
Кейсi паспешлiва пайшоў у палатку. На зямлi ляжаў двухспальны матрац, акуратна засланы коўдрамi, у маленькай жалезнай печцы на ножках няроўна гарэў агонь. Вядро вады, драўляная скрынка з харчам, яшчэ адна замест стала - i ўсё. Заходняе сонца прасвечвала ружовым скрозь сцены палаткi. Сэйры Ўiлсан стаяла на каленях каля матраца, на якiм расцягнуўся на спiне дзед. Яго шырока расплюшчаныя вочы глядзелi ўгору, на твары гарэў румянец. Ён цяжка дыхаў.
Кейсi ўзяў яго кашчавае запясце ў пальцы.
- Крышачку стамiўся, дзед? - сказаў ён.
Шырока расплюшчаныя вочы пакасiлiся на голас i не знайшлi таго, хто гаварыў. Вусны заварушылiся, бязгучна вымаўляючы нейкiя словы. Кейсi памацаў дзеду пульс, адпусцiў яго руку i паклаў яму на лоб далонь. У целе старога iшло змаганне, ногi безупынна варушылiся, рукi не ведалi спакою. З вуснаў зрывалася неразборлiвае мармытанне, шчокi пад белай шчэццю налiлiся чырванню. Сэйры Ўiлсан цiха запыталася ў Кейсi:
- Вы ведаеце, што з iм?
Кейсi глянуў на яе маршчынiсты твар i агнiстыя вочы.
- А вы?
- Здаецца, ведаю.
- Што?
- Магчыма, я памыляюся. Не хочацца дарэмна гаварыць.
Кейсi азiрнуўся на старога, у якога ўвесь час паторгваўся твар.
- Думаеце... можа... апаплексiчны ўдар?
- Думаю, што так, - адказала Сэйры. - Мне тры ўжо разы даводзiлася бачыць такое.
А звонку даносiлiся гукi бiвачнага жыцця - секлi сухое голле, бразгалi посудам. Мацi ўсунула галаву мiж полкамi палаткi.
- Бабка хоча зайсцi. Можа, ёй не варта?
Прапаведнiк сказаў:
- Не пусцiш, яна разнервуецца.
- Як ён - нiчога?
Кейсi паволi пакруцiў галавой. Мацi кiнула хуткi позiрк на дзедаў налiты крывёю твар, якi скажалi пакутлiвыя грымасы. Яна адышла ад палаткi, i пачуўся яе голас:
- Яму лепш, бабка. Цяпер няхай крыху адпачне.
Але бабка зласлiва сказала:
- А я ўсё роўна гляну. Ён хiтры чорт. Ад яго праўды нiколi не дазнаешся, i хуценька прашмыгнула ў палатку. Яна спынiлася каля матраца i глянула ўнiз на дзеда. - Што з табой? - Дзед зноў павёў вачамi на голас, i губы яго скурчылiся. - Гэта ён ад злосцi, - сказала бабка. - Я ж гаварыла вам, ён хiтры, як чорт. Ранiцай надумаў уцячы, каб не ехаць. Але раптам бядро ў яго разбалелася, - з пагардай прамовiла бабка. - Гэта ён проста ад злосцi. З iм i раней такое бывала, калi ён не захоча нi з кiм размаўляць.
Кейсi далiкатна сказаў:
- Гэта не ад злосцi, бабка. Ён захварэў.
- А! - яна зноў глянула ўнiз на старога. - Цяжка захварэў, ты думаеш?
- Вельмi цяжка, бабка.
На хвiлiну яна завагалася.
- Ну дык чаго ты не молiшся? - таропка загаварыла яна. - Ты прапаведнiк цi не?
Моцныя пальцы Кейсi нерашуча пацягнулiся да дзедавага запясця i абхапiлi яго.