Рейтинговые книги
Читем онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 109

Таго дня, калi людзi паехалi, як толькi звечарэла, каты прыцягнулiся з ловаў у палях i з мяўканнем забралiся на ганак. Але нiхто з дому не выйшаў, i яны шмыгнулi праз адчыненыя дзверы i, мяўкаючы, пачалi снаваць па апусцелых пакоях. А потым вярнулiся ў палi i неўзабаве здзiчэлi i кармiлiся суслiкамi i палявымi мышамi, удзень спалi ў канавах. Калi апусцiлася ноч, кажаны, якiя раней не адважвалiся сунуцца далей за дзверы, бо баялiся святла, цяпер уляцелi ў дамы i пачалi кружыцца па пустых пакоях, а праз некалькi дзён яны ўжо забiралiся на дзень у самыя цёмныя куты, складалi крылы i павiсалi ўнiз галавой на бэльках, i ў бязлюдных пакоях смярдзела iхнiм памётам.

Мышы таксама панабiвалiся ў дамы i нарабiлi складаў зерня ў кутках, у скрынках, за шуфлядамi кухонных шафаў. За iмi паявiлiся ласкi - прыйшлi паляваць на мышэй, а совы то заляталi з вухканнем у вокны, то выляталi.

Прайшоў спорны дожджык. Перад ганкам, там, дзе раней яму расцi не належала, зазелянела пустазелле, мiж дошак, скрозь шчылiны, прараслi былiнкi. Хацiны былi пустыя, а пустыя жытлы развальваюцца хутка. Абшыўка пайшла трэшчынамi, пачынаючы з iржавых цвiкоў. На падлозе густа ляжаў пыл, i на iм вiднелiся толькi сляды мышэй, ласак i кошак.

Неяк ноччу вецер ададраў з даху гонту i шпурнуў яе на зямлю. Другi раз вецер прабраўся ў гэтую дзiрку i сарваў яшчэ тры гонты, а потым адразу больш за дзесятак. Здзiчэлыя каты падбiралiся да дома, але ўжо не мяўкалi каля ганка. Ледзь прыкметныя, як ценi хмарак, што засцiлi месяц, яны пракрадалiся ў пакоi, каб папаляваць на мышэй. Ветранымi начамi дзверы дамоў ляпалi i бразгалi, i ў вокнах з разбiтымi шыбамi трапяталiся падраныя фiранкi.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Шаша No 66 - аўтастрада, па якой ехалi перасяленцы. Шаша No 66 - гэта доўгая бетанаваная магiстраль, што бяжыць па краiне, мякка вiючыся на карце ад Мiсiсiпi да Бейкерсфiлда; яна iдзе праз чырвоныя i шэрыя землi, ушрубоўваючыся ў горы, перасякае Вялiкi водападзел, збягае ўнiз, у страшную сляпучую пустыню, цягнецца па ёй, зноў падымаецца ў горы i нарэшце выходзiць у раскошныя далiны Калiфорнii. Шаша No 66 - гэта дарога ўцекачоў, бежанцаў - тых, хто ратуецца ад пылу i высахлай, згалелай зямлi, ад грымотнага грукату трактароў i ўласнага згалення, ад паступовага наступу пустынi на поўнач, ад вiхравых вятроў, што з выццём налятаюць з Тэхаса, ад разводдзяў, якiя не робяць глебу багацейшай, а толькi крадуць апошнiя рэшткi яе скарбу. Ад усяго гэтага людзi ўцякаюць, i на аўтастраду iх выносяць бакавыя шашэйныя прытокi, палявыя дарогi, прарэзаныя ў грунце коламi павозак i грузавiкоў. Шаша No 66 - гэта галоўны шлях уцекачоў.

Кларксвiл i Озарк, Вэн-Б'юран i Форт-Смiт - гэта на шашы No 64, i тут канчаецца Арканзас. Дарогi сходзяцца да Аклахома-Сiцi, No 66 з Талсы, No 270 з Макалестара, No 81з Уiчыта-Фолс - з поўдня, i Iнiд - з поўначы, i яшчэ з Эдманда, Маклаўда i Парсела. Шаша No 66 выходзiць з Аклахома-Сiцi; Эл-Рына i Клiнтан застаюцца на захадзе. Гайдра, Элк-Сiцi i Тэксала, i тут канчаецца штат Аклахома, i аўтастрада No 66 пераразае Тэхаскi выступ, так званую Ручку рондаля. Шэмрак i Маклiн, Конуэй i жоўты Амарыльё, Уiлдарада, Вега i Бойс - i тут канчаецца Тэхас. Тукумкары, Санта-Роса, потым з Санта-Фэ ўнiз, праз ньюмексiканскiя горы да Альбукерка. А там удоўж цяснiн ракi Рыо-Грандэ да Лос-Лунаса i зноў на захад па шашы No 66 да Гэлапа, што на мяжы штата Нью-Мексiка.

Тут пачынаюцца высокiя горы. Холбрук, i Ўiнслаў, i Флагстаф у высакагор'i Арызоны. Потым шырокае плато з хвалiстымi лiнiямi ўзгоркаў. Эфарк i Кiнгмэн, i зноў камянiстыя горы, куды ваду завозяць з iншых мясцiн i гандлююць ёю. Пасля вызубленых, выпаленых сонцам гор Арызоны - да ракi Каларада з зялёнымi зараснiкамi трыснягу па берагах. Тут канчаецца штат Арызона. Адразу за ракой Калiфорнiя, i пачынаецца яна з вельмi прыгожага гарадка - Нiдлс, якi стаiць на самым беразе. Але рака здаецца чужанiцай у гэтых краях: ад Нiдлса ўверх i за абпаленым сонцам хрыбтом пачынаецца пустыня. Там шаша No 66 бяжыць па страшэннай пустыннай мясцовасцi, паветра трымцiць ад спёкi, а высокiя чорныя горы, што маячаць наперадзе, нясцерпна томяць душу. I вось ужо Барстаў, але за iм усё тая ж пустыня, пакуль наперадзе зноў не паўстаюць горы, прыгожыя горы, i аўтастрада пятляе сярод iх. I раптам вузкi праход, i ўнiзе разлягаецца цудоўная далiна, унiзе сады, вiнаграднiкi i маленькiя катэджы, а ўдалечынi горад. О госпадзi, нарэшце ўсё скончылася!

Людзей, што кiнулiся ўцякаць, выносiла на аўтастраду No 66; машыны iшлi то па адной, то цэлымi караванамi. Удзень яны паволi кацiлiся па дарозе, а ноччу спынялiся каля вады. З лядашчых, дзiравых радыятараў валiла пара, шатуны бразгаталi i ляскалi. I людзi, што сядзелi за рулём грузавiкоў i перагружаных легкавушак, апаслiва ўслухоўвалiся. Колькi яшчэ да горада? Пакуль едзеш ад аднаго да другога, нацерпiшся страху. Калi што-небудзь паламаецца... што ж, калi паламаецца, зробiм прывал, а Джым збегае ў горад, раздабудзе патрэбную дэталь i вернецца... А колькi яшчэ харчу засталося?

Услухоўвайся ў матор. Прыслухоўвайся да колаў. I вухам, i рукой прыслухоўвайся да абаранка руля, далонню да рычага пераключэння скорасцей, нагамi - да дошак насцiлу. Усiмi пяццю пачуццямi прыслухоўвайся да тарахцення гэтага старога драндулета, бо змена тону, перамены рытму могуць азначаць... тыдзень вымушанай стаянкi. Во стукае! Гэта клапаны. Клапаны - не страшна. Няхай стукаюць сабе хоць да другога прышэсця - не бяда. А вось гэты глухi шум на хаду... яго амаль не чуеш, хутчэй адчуваеш. Можа, масла куды-небудзь не даходзiць? Можа, падшыпнiк якi-небудзь пачынае рассыпацца? Госпадзi, калi падшыпнiк, што ж тады рабiць? Грошы цякуць, як вада.

I чаго гэта радыятар, чорт на яго, так разагрэўся? Не на пад'ёме ж. Дай гляну. А божачкi, рэмень радыятара паляцеў! Што ж, замест рэменя вяроўку паставiм, вось гэту. Давай прымер, во-во, якраз. Канцы я звяжу. Цяпер паволi, зусiм павольненька, пакуль да гарадка якога не даедзем. Вяроўка доўга не пакруцiцца.

Толькi каб дабрацца да Калiфорнii, дзе апельсiны растуць, перш чым рассыплецца гэтая старая калымага. Толькi каб дабрацца!

А пакрышкi - пратэктар зусiм знасiўся, аж да драцяной аплёткi. Каб не наляцелi на той камень, мы, можа, яшчэ мiль сто выцiснулi б. Што лепш - лiшняя сотня мiль або спушчаная камера? Што лепш? Вядома, сотня мiль. Ну, не ведаю, тут ёсць пра што падумаць. Латаць у нас ёсць чым. Можа, толькi крышачку спусцiць? А што, калi манжэтку зрабiць? Мiль пяцьсот яшчэ маглi б выцiснуць. Паехалi. Калi лопне, тады i станем.

Трэба было б шыну купiць, ды вельмi ж дорага просяць, нават за старую. Позiркам наскрозь працiнаюць. Разумеюць, што чалавеку пазарэз трэба. Ведаюць, што яму часу няма стаяць. I цану набiваюць.

Не хочаш - не трэба. Я не здароўе тут папраўляю, а шынамi гандлюю. Задарма не раздаю. Якая мне справа, што там у вас? Сваiх клопатаў хапае.

А далёка да блiжэйшага гарадка?

Учора я сорак дзве машыны налiчыў з такiмi самымi пасажырамi. Адкуль вы ўсе едзеце? Куды вас нясе?

О, Калiфорнiя штат вялiкi!

Не такi ўжо i вялiкi. I ўсе Злучаныя Штаты разам - не такая ўжо вялiкая краiна. Зусiм не вялiкая. Нам цесна ўсiм разам - i табе, i мне, i такiм, як ты, i такiм, як я, багатым i бедным - усiм месца не хапае, i жуллю, i сумленным людзям. Галодным i сытым. Можа, ты лепш назад павярнуў бы?

Мы жывём у свабоднай краiне. Чалавек вольны ехаць, куды захоча.

Гэта ты так думаеш. Калi-небудзь чуў пра патрулi на калiфарнiйскай гранiцы? Палiцэйскiя з Лос-Анжэлеса спыняюць вось такiх, як ты, назад заварочваюць. Кажуць: хто не можа купiць нерухомасць, той нам не патрэбен. Пытаюцца: шафёрскiя правы ёсць? Ты iм: парвалiся. А яны: без шафёрскiх правоў уезд забаронены. Мы ў свабоднай краiне жывём. Што ж, пайдзi пашукай яе, свабоду. Мне адзiн гаварыў: свабоды ў цябе столькi, колькi ты яе можаш купiць.

У Калiфорнii добра плацяць. Вось у мяне лiсток, там пра гэта сказана.

Мана! Адтуль уцякаюць - я сам такiх бачыў. Вас абдурваюць: камусьцi так трэба. Ну дык што, бярэш шыну цi не?

Давядзецца браць, але ж, далiбог, мiстэр, гэта моцна б'е нас па кiшэнi! Грошай зусiм мала засталося.

Дык я ж дабрачыннасцю не займаюся. Трэба, бяры.

Што зробiш, вазьму. Давай глянем. Раскрый яе. Глянь, якая камера! Ах ты шэльма, а казаў, камера добрая. Якая ж гэта камера, адны дзiркi.

Што вярзеш? Чорт... праўда! Як гэта я не ўбачыў?

Ты ўсё, сукiн сын, бачыў. За рвань чатыры даляры захацеў. У зубы табе за гэта даць!

Ты не гарачыся, цiшэй. Кажу, не бачыў. Ну добра, аддаю за тры пяцьдзесят.

Ага, падстаўляй кiшэню! Як-небудзь да горада даедзем.

Думаеш, з такой камерай даедзем?

Трэба. На вобадзе паеду, а нi цэнта гэтай сволачы не дам.

А якiм ты ўяўляеш сабе камерсанта? I праўда ж, не здароўе ён сюды прыйшоў папраўляць. Такая ўжо гэта справа - камерцыя. А ты думаў - што? Чалавек хоча... Бачыш - шчыт пры дарозе? "Клуб абслугоўвання. Па аўторках - урачыстае снеданне. Гатэль "Калмада". Шчыра вiтаю, браток! Клуб абслугоўвання... Мне адзiн неяк расказваў. Прыйшоў ён на сход розных там дзялкоў i паднёс iм такую гiсторыю. Калi я, кажа, быў яшчэ хлапчуком, бацька аднойчы вывеў на вяроўцы цялушку i загадвае: завядзi яе да быка, яе трэба абслужыць. Я i завёў, кажа. I з таго дня, як пачую, што якi-небудзь дзялок гаворыць пра абслугоўванне, не магу ўцямiць - хто ж тут каго?.. У гандляроў адзiн клопат - ашукаць i абдурыць, але называецца гэта ў iх iнакш. У тым вось i справа. Калi ўкрадзеш шыну, ты злодзей, а калi ён хоча ўкрасцi ў цябе чатыры даляры - гэта нiчога, гэта можна. У iх гэта называецца камерцыя.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 109
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек бесплатно.

Оставить комментарий