Рейтинговые книги
Читем онлайн Да ўсходу сонца - Аляксей Кулакоўскі

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 13

Даведаўшыся, што Грыцко паехаў на падножцы грузавіка з кароваю і павінен хутка прыехаць назад, лагер крыху павесялеў, а кульгавы шафёр пачаў запэўняць, што ён даедзе на гэтым грузавіку хоць да самай Масквы i кожнага давязе, куды трэба. Папрасілі Машкіна (такое прозвішча насіў шчуплы камандзір аддзялення) пайсці на дарогу падзяжурыць, каб адразу-ж даць знаць, як толькі пад'едзе Грыцко.

Аднак праходзіла гадзіна, другая, а машыны ўсё не было. Ужо ўсё ў лагеры было падрыхтавана да хуткай пагрузкі, шафёр нават змайстраваў насілкі для пераноскі ляжачых хворых, а ад Машкіна ніякага сігналу. «Збег Грыцко, — пачалі падумваць некаторыя, — выкарыстаў зручны момант».

Ужо і Зіна стала хвалявацца, ужо і ў яе пачалі з'яўляцца трывожныя думкі наконт кавалерыста, але ў гэты час прыбег у лагер Машкін, сеў на снапку зялёнага жыта побач з Зінаю і, аддыхаўшыся, сказаў:

— Па-мойму, сябры, гэта немцы!

Усе, хто мог, паднялі галовы.

— Я доўга ляжаў у разоры,— працягваў камандзір аддзялення, — хацеў упэўніцца, Спачатку нраехалі матацыклісты. Цёмначы не разбярэш, я яшчэ сумняваўся. А потым пайшлі бронемашыны, і я ўбачьіў: тэхніка не наша, людзі не нашы. Значыцца, нас ужо абышлі.

— Будзем сядзець тут, пакуль цёпла і за шыю не лье,— паспрабаваў пусціць жарт шафёр. Але ніхто не падтрымаў яго жарту, ніхто нават не глянуў у яго бок. Многім успомнілася, што сапраўды з гадзіну таму назад быў нейкі злавесны перапынак на шашы: не чутно было гулу машын, людскога гоману, тарарахкання перасохлых калёс. Мабыць, апошнія з нашых адышлі, а ворагі яшчэ не прыйшлі.

Зіна тут ужо не ведала, што i сказаць, за што брацца, якімі пара­дам! падтрымаць хворых. Ёй так цяжка стала на душы, што цямнела ў вачах, яна неяк аж спалохалася, уявіўшы ўсё тое, што адбылося. Пакуль за спіною былі нашы часці, пакуль на граніцы,— яна ведала,— ішло гераічнае змаганне, пакуль той полк, у штабе якога яна служыла, быў яшчэ на сваім месцы i таксама вёў барацьбу з ворагам, жыла ў сэрцы нястрымная воля змагацца, перамагаць усялякія цяжкасці, смагнуць без вады, галадаць, стаяць пад кулямі і пад бомбамі, каб толькі хоць чым-небудзь дапамагчы фронту, тым байцам, якіх яна бачыла кожны дзень. А калі за спіною — страшна падумаць!—ужо нічога няма; калі вораг ступіў на нашу зямлю, заняў той цудоўны лясок каля таго горада, які за апошнія гады стаў яе родным, зайшоў у зялёныя вуліцы, забрудзіў пэўна той маленькі, абвіты плюшчам домік, дзе засталася яе матуляі Цяпер на момант здалося, што быццам знік увесь сэнс змагання, што рукі пачынаюць апускацца і язык не варочаецца, каб суцешыць тых бездапаможных людзей, якія моўчкі ляжаць перад вачамі. Святлана таксама адчула нешта горкае, незвычайнае і пачала яшчэ цясней туліцца да Зіны.

Цяжка застагнаў чарнявы баец, і Зіна кінулася да яго. У супакойванні хворага быццам-бы лягчэй ішоў час, аднак на душы мацнела адчуванне нейкай безвыходнасці: не дапаможаш параненаму байцу, як не дапаможаш ужо цяпер свайму гораду, сваёй роднай маці. Не хопіць сілы ў цябе на гэта, не хопіць вытрымкі, бо цяжкасці перад табою жудасныя і неадольныя. Шэптам Зіна пытала ў байца, што яму даць, як зрабіць палёгку. Па сутнасці-ж, яна нічога не магла зрабіць, але шаптанне гэтае давала нейкую магчымасць абдумваць становішча, пакуль усе лічылі, што яна вельмі занятая. Астатнія байцы таксама быццам-бы ўсё забылі з-за стогну чарнявага суседа. Адны трывожыліся, што гэтае стагнанне могуць пачуць немцы, другія проста спачувалі таварышу.

І кожны ў гэтыя хвіліны думаў: што-ж будзем рабіць, кал i гэты хло­пец перастане войкаць i перакочвацца з месца на месца, што скажа Зіна, ці знойдзе яна хоць які-небудзь паратунак?

Толькі Зіна адышлася ад хворага, як у жыце нешта зашамацела. Гэта яна пачула адразу, але не паверыла сабе. У такім душэўным стане можа і ў галаве зашумець. Глянула на байцоў, ажно-ж i тыя насцярожыліся. Машкін лёг, як лажацца для стральбы, i здаровай рукой выняў з кішэні нож. Пачалі варушыцца і шукаць нечага ў кішэнях i пазухах i некаторыя іншыя байцы. Шафёр выцягнуў з кірзавага галянішча ручную гранату,

— Што гэта, Зіначка?— пачала ціхенька плакаць Святлана. А Зіна i сама не магла нічога сказаць, толькі ў яе чамусьці зусім не было страху: няхай будзе, што будзе, абы хутчэй які канец.

Шалясценне ў жыце пачулася зусім блізка, i нехта да шэпту прыцішаным голасам спытаў:

— Дзе вы тут, братва?

Машкін усхапіўся на ногі.

— Hi д’ябла не бачу вас тут,— працягваў той-жа голас ужо крыху мацней.— Пахаваліся, начлежнікі бісавы.

— Грыцко! — ледзь не крыкнуў ад радасці Машкін і, сагнуўшыся, шуснуў у жыта яму насустрач.

Кавалерыст выйшаў на прагалачак, дзе ляжалі хворыя, сеў на снапок побач з Зінай і выняў з кішэні свой бінт.

— Прашу прабачэння, доктар,— звярнуўся ён шэптам да дзяўчыны,— прымайструйце мне гэтую павязку зноў.

— А нашто-ж вы яе знялі? — сапраўды як доктар спытала Зіна.

— Замінала яна мне, лоб Гітлеру паказвала ў цемнаце.

Зіна ўзяла са свайго невялічкага запасу чысты бінт і калі стала перавязваць Грыцко, заўважыла, што твар у яго вельмі змрочны і разгублены. «Чаму-ж у голасе гэтага не чуваць? — міжвольна падумала яна.— Не хоча хлапец расхрыстваць сваю душу перад хворымі людзьмі? Можа, гэта і правільна. Так, мабыць, трэба рабіць моцнаму чалавеку».

— Чаму-ж ты без машыны? — спытаў шафёр i, як здалося Зіне, спытаў занадта патрабавальна, нават грозна.

Тут трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Але ў шафёра была, відаць, свая логіка. У больш тонкія пачуцці ён не ўваходзіў, а ведаў адно: узяў баец даручэнне, цавінен выканаць. Гэта, па сутнасці, быў загад. I не аднаго чалавека, скажам, камандзіра аддзялення, а вось і Зіны, i Свят­ланы, і ўсіх тых, што ляжаць тут і маўкліва паглядваюць, як Зіна перавязвае Грыцку лоб.

— I вочы мне завяжыце, i вочы! — настойліва зашаптаў Грыцко замест гаго, каб адказаць шаферу.

— Навошта-ж гэта? — безуважна сказала Зіна, не перапыняючы сваю справу.

— Каб не бачыць мне, што робіцца навакол, — зусім ціха прамовіў Грыцко. I Зіна адчула, што ні кропелькі жарту не было ў гэтых словах i што яны былі сказаны толькі для яе адной.

Затым хлапец пачаў гаварыць ужо для шафёра і іншых байцоў:

— Пакуль высадзіў я там з кузава гэтую карову, пакуль адбіў атаку гаспадара і асабліва гаспадыні, дык i немцы на вуліцы. Бачу — бяда. Гаспадар спужаўся, пачуўшы пра немцаў, а гаспадыня зусім звар’яцела; крычыць немым гол асам на ўсю вуліцу i гатова горла мне перагрызці за карову. Бачачы, што машыны цяпер ужо не ўзяць, я пачаў націскаць на шафёра, каб ён кінуў усё і пайшоў са мной. Ён чалавек мясцовы, падумаў я, ведае тут усё навакол. Спатрэбіцца нам такі ча­лавек. Хлапец вылез ужо з кабіны, а тут гаспадынька як кінецца з лямантам на мяне ды аберуч за мой бінт. Сцяміў я тут, што справы мае слізкія; кабетка гэта я хоча i карову сваю даіць i мяне ўпячы Гітлеру ў лапы. Давялося пайсці на грэх: тузануў я яе за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што засталіся у руцэ, і падаўся ў вішняк. Пакуль яна там галасіла, я ўжо на загуменнях быў. Праскочыў на чацвярых у жыта і іду сабе ціхом паўз дарогу. Жыта добрае тут, мне, як чалавеку нізкаросламу, дык і прыгінацца асабліва не трэба было. 1ду, а па шашы Гітлер прэ. Ён, нечысць, туды, а я назад, насустрач яму. I радасна мне на душы, што не ўцякаю ад яго, і страшнавата трохі.

Шафёр больш не задаваў Грыцку пытанняў, ды не было патрэбы яшчэ пра што пытацца. Зварот кавалерыста ў лагер вельмі крануў усіх байцоў. Хоць канкрэтна ён нічым не дапамог лагеру, хоць i цяпер яшчэ не было вядома, што рабіць, як ратавацца, але ў кожнага на душы з’явілася нейкае прасвятленне. Грыцко дапамог ужо тым, што прыйшоў сам.

— Дарэмна, выходзіць, я насілкі майстраваў,-— толькі і сказаў шафёр.

— Насілкі якраз спатрэбяцца,— задумліва прамовіў Машкін.—Баюся, што мала будзе адных.

Нейкую хвіліну ў лагеры панавала цішыня, быццам кожны абдумваў сваю важную прапанову. Ніхто пакуль што не мог сказаць нічога пэўнага, аднак усім было ясна, што перш за ўсё трэба адысці ад дарогі, бо да раніцы на гэтым месцы заставацца нельга.

— Пайсці нам са Святланай у вёску,— нібы сама з сабою пачала разважаць Зіна.— Паспрабаваць там знайсці людзей, каб пусцілі ў якую пуню, дапамаглі перанесціся? Але-ж дваццаць чалавек... Хто гэта пусціць?

— I Птлер у вёсцы,— дадаў Грыцко.

— У вёску наўрад ці можна,— усумніўся Машкін, і яго падтрымалі амаль усе байцы.

— Тады трэба выбіраць месца пакуль што тут,— сказала Зіна і неяк асабліва ўважліва паглядзела на Грыцка. Ёй было няёмка перад гэтым байцом. Хлопец можа нават малодшы за яе, нізкарослы, несамавіты на выгляд, а вытрымка ў яго такая, што кожны можа пазайздросціць. Дзяўчыне падумалася, што яна ўжо больш ніколі не гляне на свет так, як па­глядзела некалькі хвілін таму назад.

Машкін устаў.

— Пайшлі!—сказаў ён шафёру, мабыць не жадаючы турбаваць Грыцка, як чалавека, напэўна, стомленага. Але Грыцко ўстаў хутчэй за шафёра, і ўтрох яны пайшлі выбіраць больш зручнае месца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 13
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Да ўсходу сонца - Аляксей Кулакоўскі бесплатно.

Оставить комментарий