Аляксей КУЛАКОЎСКІ
ДА ЎСХОДУ СОНЦА
Аповесць
С. Б. Такарэўскай прысвячаю
Кожнаму сваё. Іншыя дзяўчынкі ў летнюю нядзелю выбіраліся ў недалёкі лясок, шукалі таім ранніх грыбоў, рвалі кветкі. Іншыя не адступаліся ад сваіх старэйшых і наведвалі разам з імі парк, стадыён, звярынец ці яшчэ што-небудзь блізкае ад дому. А Святлана ледзь не кожную нядзельку бегала ў вайсковы гарадок. Там ёй было весела, там у яе был i свае сябры. Хто-б ні стаяў вартавым ля прахадной будкі, усякі прапускаў Святлану ў вайсковы двор. Бывала часам i так, што амаль ля самых варот яе сустракаў лейтэнант Бандарэнка. Ішлі яны тады ўдваіх па брукаванай дарожцы, абсаджанай маладымі таполямі, і ўсе стрэчныя байцы віталі лейтэнанта з асаблівай павагай. Ішлі яны на канюшню, бо там іх чакаў «Люты», самы лепшы скакун ва ўсім палку. Хоць гэтага гнядога, у белых панчошках каня звалі «Лютым», аднак-жа ён быў вельмі рахманы, любіў пяшчоты свайго гаспадара Бандарэнкі і яшчэ больш — святланін цукар. Калі дзяўчынка падыходзіла бліжэй, ён туліўся да яе, ласкава хмыліўся і лавіў мяккімі сухімі губамі яе рукі.
У тую нядзелю, з якой мы хочам пачаць наш расказ, Святлана прыйшла ў вайсковы гарадок ледзь не з самага ранку. Пачаставаўшы цукрам «Лютага», дзяўчынка зайшла ў кабінет да свайго бацькі, бо ў тэты дзень яна яго яшчэ нават не бачыла. Хадзіў, здаралася, i раней бацька па выхадных днях у штаб, але сёння ён пайшоў чамусьці вельмі рана. Святлана ў тэты час яшчэ спала.
У пакоях штаба трохі папахвала конскім потам, але дзяўчынка нават i не заўважыла гэтага. У іх кватэры ў горадзе ўвесь час гэтак-жа папахвае, як тата ні стараецца, як ні прасушвае сваю вопратку. У прыёмнай кабінета дробненька стукала машынка. Святлана прыпынілася каля дзвярэй. Ёй не хацелася бачыць машыністку, хоць для гэтага не было ніякіх прычын.
Святлана нерашуча пастукала ў дзверы, нібы ішла да свайго дырзктара школы. Ніхто не азваўся, бо машынка стукала мацней, як Святлана. Тады яна зайшла без стуку. Машыністка аглянулася, кіўнула ветліва, i зноў яе пальцы спрытна заскакалі па літарах. Яна заўсёды сустракаладзяўчынку ветліва. А бацька чамусьці нахмурыўся, :калі ўбачыў дачку. Нахмурыўся і не надта ветліва сказаў, паказваючы на дзверы кабінета:
— Пабудзь там Света, пакуль я вось... Пачытай што-небудзь.
Дзяўчынка пайшла ў кабінет, і хоць на стале ляжалі ўсялякія часопісы і кнігі, не ўзяла ў рукі нічога. Яна села ў кутку на мяккую канапку, падагнула загарэлыя каленкі і ледзь не заплакала ад крыўды. Ёй так хацелася пагуляць сёння з таткам, схадзіць з ім на палігон, а можа і праехацца разам: ён на сваім «Віхры», сівым, у яблыкі, а яна на бандарэнкавым «Лютым». I чаму тэта сёння бадька на рабоце, чаму ён усё нешта дыктуе і дыктуе машыністцы? Магла-б яна, гэтая машыністка, і не прыходзіць сёння. Ніколі ў выхадныя дні яна не прыходзіла. Крыўда ўпала і на машыністку: нездарма-ж так не хацелася яе тут бачыць. Каб яна не прыйшла, то напэўна можна было-б пайсці з татам на палігон.
Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што бацька дыктуе. Дзверы былі прычыненымі; у перапынках, калі машынка не стукала, чутно было, як бацька ходзіць сюды-туды па пакоі, як хораша i звычна падзынькваюць яго шпоры. А слоў нельга было разабраць: бацька гаварыў вельмі ціха, i друкаванне заглушала яго голас. Ці хутка ён скончыць дыктаваць, ці хутка пойдзе адсюль гэтая зусім непатрэбная дзяўчына?
Марудна і сумна цягнуліся хвіліны. Вядома, у двары было-б весялей: там зноў падышоў-бы лейтэнант Бандарэнка, ён прыдумаў-бы што-небудзь цікавае, вясёлае. Там можна было-б пайсці да кулямётчыкаў i пакатацца ў тачанцы. Але не цягнула Святлану нікуды, нават Бандарэнку не хацелася бачыць. Яна ўсё слухала, як стукае за дзвярыма машынка, як гучыць неразборлівы бацькаў голас. Слухала, чакала i сама не заўважыла, як у гэтым чаканні заснула. Можа душны дзень быў у гэтым вінаваты, а можа і тое, што ноччу дзяўчынка сніла страшныя сны i часта прачыналася.
Колькі часу праспала тады Святлана, ніхто не ведае, як не памятае гэтага i яна сама. У памяці часта ўзнікае толькі тое, як яна прачнулася. Бацька аб нечым моцна крычаў па тэлефоне, машыністка, хапаючы нейкія паперы, перакуліла столік з машынкаю. На двары нешта страшэнна грымела, ляскала, у вокнах бліскаў агонь. Нельга было зразумець, сон гэта ці незвычайнае, жудаснае няшчасце. Нібы ў гэтым-жа неадольным сне і спалоху перад самымі вачыма мільгануў дарагі, страшэнна заклапочаны твар бацькі, потым аднекуль, быццам з густога дыму, з полымя выскачыў Бандарэнка. Святлана адчула пад сабою нечыя цвёрдыя рукі. Можа яго, а можа бацькавы. Усё загойдалася, затраслося ў вачах, загуло над галавою. Дзяўчынка адчула, што яна некуды едзе, расплюшчыла на момант вочы і ўбачыла перад сабою шафёра з бледнай стрыжанай патыліцай, а поруч з ім — байца ў пілотцы, надзетай бліскучай зоркаю назад. Уціснулася галавою ў жорсткі куток машыны, прыжмурыла вочы, каб успомніць, уявіць, што адбылося, чаму так доўга не праходзіць гэты страшны сон? I зноў акунулася ў нейкую дзівосную, кіпучую хвалю, зноў знікла ўсё з вачэй, патанула ў бездані...
Цяпер ужо вочы расплюшчыліся, мабыць толькі ад таго, што неўзабаве выплыла з-за хмаркі жыватворнае летняе сонейка і пачало пранізваць павекі. I калі дзяўчынка глянула на сонца, якое спускалася ўжо на захад, калі ўбачыла над сабою чыстае, спакойнае неба, тады паверыла, што цяпер ужо сапраўды мінуўся гэты жудасны сон. На хвіліну ёй нават уявілася, што яна недзе дома: нібы каля таго ляска за горадам, куды часта бегалі яе сяброўкі, нібы на мураўцы палігона, дзе ў вольную хвіліну любяць адпачываць і нюхаць малады чабрэц коннікі. Вось і жаваранак узняўся над галавою, затрапятаў крыльцамі, зазвінеў. Калі гэта палігон, дык тут і рэчка недалёка. Хутка прыйдзе тата, і пабяжым тады разам на рэчку. Напіцца-б халодненькай вады, памачыць свежым струменьчыкам галаву... Баліць нешта галава...
Непадалёку нехта застагнаў, і адразу-ж знікла песня жаваранка. Святлана ўзнялася на локаць. Перад ёю ляжаў коламі ўверх перадок газіка. У першы момант дзяўчынды здалося, што гэтыя колы яшчэ круцяцца. Кроках у дзесяці збоку намагалася ўстадь нейкая дзяўчына: узмахвала рукамі, упіралася ў зямлю.
— Пачакайце трошачкі! — сказала Святлана,— я вам памагу.
Яна ўскочыла на ногі, але мяккая трава нібы правалілася пад ёю, i дзяўчынка ўпала. На руках і каленках падпаўзла яна потым да той дзяўчыны, што адзін раз застагнала, і пачала пасабляць ёй сесці. Узяла яе за шыю, колькі было сілы пацягнула да сябе. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка.
— Дзе гэта мы? — запытала дзяўчына. А Святлана глядзела на яе i не ведала, што адказаць. Ёй толькі хацелася хутчэй стаць карыснай у бядзе, даламагчы машыністцы, дапамагчы ўсім, калі гэта трэба.
— Што з вамі? — хацела яна спытаць у машыністкі, але тая перахапіла яе словы i спытала сама:
— Табе не баліць, Светачка?
Дзяўчынка ўзялася рукою за галаву, i яе вочы наліліся слязамі.
А машыністка тым часам разарвала крэмавую блузку проста на сабе:
— Дай я цябе перавяжу, Светачка.
Пакуль перавязвала, прыйшла ў поўную свядомасць, зразумела, што сама не паранена, i трывога брала толькі за Святлану. У дзяўчынкі была цляма /вышэй ілба. Можа гэта толькі шкрабінка, а можа і горш. Ці няма яшчэ дзе ран?
У машыністкі калоціцца сэрца, калі яна саджае дзяўчынку сабе на калені, аднак яна гаворыць зусім спакойным гол асам:
— Маленечкая ранка ў цябе, Света, амаль што i не відаць. Мабыць, валасамі за нешта зачапілася, калі ляцела з машыны.
— А што гэта здарылася? — абняўшы машыністку за шыю, спытала дзяўчынка.— Дзе мой тата, дзе Бандарэнка?
— Вайна, Светачка,— ледзь стрымліваючы слёзы, сказала машыністка.— Здарылася вайна.
Адсунуўшы з вачэй не надта ўмелую павязку, Святлана яшчэ раз глянула на газікаўскі перадок з вісячымі нібы для забавы калёсамі; убачыла там паблізу вялікую, круглую яму, акаймаваную свежым чарназёмам, i тую пілотку, што нядаўна паблісквала начышчанай зоркай. Больш не было пра што пытацца.
***
Першыя гадзіны яны беглі па гэтай дарозе амаль што адны. Зрэдку праходзіла машына, зрэдку праносілася група коннікаў. Стрэчныя людзі часам нават i не ведалі, што заварылася там, на граніцы, і глядзелі на Святлану і машыністку здзіўлена, а то i падазрона. Выгляд гэтых дзяўчат сапраўды выклікаў здзіўленне. Святлана была ў крэмавай павязцы, нібы ў чалме, а на плячах у машыністкі была толькі палавіна блузкі. Памяталася дзяўчыне, што брала яна з сабою касынку, калі выбягала са штаба, але знікла гэтая касынка, як знік шафёр, як знік той баец, што сядзеў у машыне поруч з шафёрам. Гарачае летняе сонца можа выпаліць прыгожыя, блізкія да кучаравасці валасы, зрабіць іх выцвілымі. Але бог з імі, з валасамі. Толькі для таго, каб не было вобмараку ад спёкі, дзяўчына падняла ў адной канаўцы парыжэлы, выдзьмуты ветрам газетны ліст, згарнула яго караблікам і надзела на галаву.