Рейтинговые книги
Читем онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 109

Старэйшы запытаўся:

- Паплаваць тут можна?

- Хто яго ведае, - адказаў Том. - Мы яшчэ не спрабавалi. А пасядзець у вадзе прыемна.

- I нам дазволiце?

- Рэчка не наша. Але так i быць, мы ўступiм вам кавалачак.

Прышлыя знялi штаны, сцягнулi з плячэй кашулi i ўвайшлi ў ваду. Ногi ў iх да калень былi ў пыле, ступнi бледныя, размоклыя ад поту. Яны вяла апусцiлiся ў ваду, ленавата апалоскваючы сабе жменямi бакi. Гэта былi бацька i сын, моцна прасмаленыя сонцам. Яны фыркалi i стагналi, плёскаючыся ў вадзе.

Бацька Джоўд далiкатна пацiкавiўся:

- На Захад кiруеце?

- Не. Вяртаемся адтуль. Дадому едзем. Там немагчыма на хлеб зарабiць.

- А дом ваш дзе? - запытаўся Том.

- Пэнхендл у Тэхаскiм выступе, непадалёк ад Пампы.

Запытаўся бацька:

- А дома што, пражыць можна?

- Дзе там! Толькi калi ўжо з голаду памiраць, дык хоць сярод сваiх. А галадаць i адчуваць нянавiсць да сябе мы не хочам.

Бацька сказаў:

- Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавiдзяць?

- Хто iх ведае, - адказаў чалавек, зачарпнуў далонямi ваду i пачаў мыць галаву i твар, крэхчучы i пырхаючы. З валасоў палiлася на шыю брудная вада.

- А ўсё ж цiкава было б паслухаць, - сказаў бацька.

- Нам таксама, - далучыўся Том. - Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавiсць адчуваюць да нас?

Мужчына пiльна паглядзеў на Тома.

- Вы на Захад едзеце?

- Туды.

- Нiколi яшчэ ў Калiфорнii не былi?

- Не, не даводзiлася.

- Дык што ж вам маё слова. Едзьце i самi ўбачыце.

- То так, - сказаў Том, - але ўсё ж такi хацелася б ведаць, на што едзем.

- Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу - я i сам распытваў людзей i нямала разважаў. Краiна цудоўная. Толькi яе даўно ўжо ўсю раскралi. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфiлд, i вакол яго такая мясцовасць прыгожая вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вiнаграднiкi. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей - мясцiны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў i ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты нi кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампанii. Не захочуць яе апрацоўваць, так i застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей якi ўчастачак кукурузай - у турму запратораць!

- Зямля добрая, кажаш? I нiчога на ёй не сеюць?

- Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаiць. Людзi глядзяць там такiмi вачамi - зiрнуць на цябе, а ў самiх на тварах нiбы напiсана: "Бачыць цябе не магу, сукiн ты сын!" А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя - яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробiш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары вiдаць, як ён цябе ненавiдзiць. I вось што я вам скажу: нянавiсць у iх ад страху. Бо ведаюць: калi ў галоднага няма чаго есцi, ён i на зладзейства пайсцi можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой - каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас нiхто яшчэ не абзываў "Окi"?

Том запытаўся:

- Окi? А што гэта значыць?

- Раней азначала аклахомца. А цяпер - проста "сволач". Окi - гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нiчога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хiба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такiх, як мы, туды трыста тысяч наехала... жывуць, як быдла, бо ў Калiфорнii ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. I нiчога не засталося. А людзi, якiя ўсiм гэтым валодаюць, так учапiлiся за сваё дабро, што забiць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх iх разбiрае, таму i кiпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самiм усё пачуць. Надзiва прыгожы край, а людзi нядобрыя, зласлiвыя. I так ужо iм страшна, што нават адзiн аднаго гатовыя з'есцi.

Том глядзеў у ваду i разграбаў пяткамi пясок.

- Ну, а калi знойдзеш працу i збярэш крыху грошай, можна ўсё-такi невялiкi ўчастак купiць?

Мужчына засмяяўся i глянуў на сына, i твар маўклiвага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў:

- Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабiць сабе на абед. I працаваць будзеце з людзьмi, якiя на вас коса глядзяць. А бавоўну збiраць будзеце, вам здасца, што вагi няправiльныя. Вагi бываюць i правiльныя i няправiльныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскiя, а як праверыш? I нiчога з гэтым не зробiш.

Бацька нерашуча запытаўся:

- Там што... там зусiм нiчога добрага няма?

- Чаму ж, ёсць, паглядзiш - вочы разбягаюцца, толькi вам з таго нiчога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаiць апельсiнавых дрэў з жоўтымi пладамi, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, i, як толькi дакранешся да апельсiна, ён цябе прыстрэлiць - такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзiн гаспадар, газетчык нейкi, дык у яго зямлi гэтай мiльён акраў...

Кейсi стрэльнуў у яго вачамi:

- Цэлы мiльён? Што ж ён робiць з мiльёнам акраў?

- Хто яго ведае. Валодае iмi, i ўсё. Трымае трохi жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнiкi, нiкога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабiвальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такi, друзлы, вочкi маленькiя, злосныя, а рот, як паддувала. Баiцца, каб не забiлi. У самога мiльён акраў зямлi, а ён смерцi баiцца.

Кейсi зноў запытаўся:

- На чорта яму мiльён акраў? Што ён з iмi рабiць будзе?

Мужчына развёў рукамi з пабялелымi, зморшчанымi ад вады далонямi, прыкусiў нiжнюю губу i нахiлiў набок галаву.

- А я ведаю? - адказаў ён. - Вiдаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. I на партрэце такi. З выгляду вар'ят. Вар'ят i зласлiвец.

- Смерцi, кажаш, баiцца? - сказаў Кейсi.

- Так ад людзей чуў.

- Баiцца, што да яго бог дабярэцца?

- Хто ведае. Баiцца, i ўсё.

- Што ж ён сабе думае? - сказаў бацька. - Не можа ж ён усё жыццё так пражыць - без нiякiх радасцей.

- А вось дзед наш нiкога не баяўся, - сказаў Том. - Яму самая радасць была, калi яго вось-вось маглi ўкакошыць. Раз уначы ўдваiх з прыяцелем яны пайшлi на iндзейцаў навахаў. Цудам жывымi засталiся, затое пацешылiся ўволю.

Кейсi сказаў:

- Так, вiдаць, заўсёды бывае. Калi чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласлiўцы, адзiнокiя, старыя i расчараваныя баяцца смерцi.

Бацька запытаўся:

- Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калi зямлi ў яго мiльён акраў?

Прапаведнiк усмiхнуўся, але ў вачах у яго мiльганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука.

- Калi чалавеку патрэбен мiльён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой нiякiя мiльёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён i расчараваўся - адчувае, што няма ў яго багацця... таго багацця, што было ў мiсiс Уiлсан, калi яна дала сваю палатку, як памiраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калi чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсiм расчаруецца. - Кейсi шырока ўсмiхнуўся: - Мiмаволi, здаецца, як пропаведзь атрымалася.

Сонца палiла ўжо немiласэрна.

Бацька сказаў:

- Лепей зусiм схавацца пад вадой. Так прыпякае - згарыш. - I ён адкiнуўся назад, i лёгкая плынь абняла яго шыю. - А калi цяжкай працы не баiшся, можна яе знайсцi? - запытаўся ён.

Чалавек прыўзняўся ў вадзе i павярнуўся да яго тварам:

- Бачыце, мiстэр, я не ўсё ведаю. Магчыма, прыедзеце туды i адразу знойдзеце сталую работу, i тады я акажуся брахуном. А магчыма, нiякай не знойдзеце i скажаце: ён нас папярэдзiў. Адно толькi ведаю: народ там большай часткай жыве ў бядоце. - Ён зноў апусцiўся ў ваду. - А ўсяго ведаць нельга.

Бацька павярнуў галаву i глянуў на дзядзьку Джона. Сказаў:

- Ты ў нас гаваркi нiколi не быў, а як паехалi з дому, я ад цябе i двух слоў не пачуў. Ну, што ты думаеш пра ўсё гэта?

Дзядзька Джон насупiўся:

- Анiчога не думаю. Мы едзем туды, так? I нiякiмi расказамi нас назад не павернеш. Прыедзем - пабачым. Знойдзем работу, будзем працаваць, а не, дык хвост падцiснем. Ад размоў гэтых толку мала.

Том адкiнуўся назад, набраў у рот вады, выпусцiў яе фантанам i засмяяўся:

- Дзядзька Джон гаворыць рэдка ды метка. Далiбог, разумна гаворыць. Ноччу далей паедзем, та?

- Што ж, можна. Хоць бы ўжо пустыню пераехаць.

- Тады я пайду ў кусты i трохi пасплю. - Том падняўся i пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накiнуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнiя пабрылi за iм.

Бацька i сын, застаўшыся ў вадзе, пазiралi ўслед Джоўдам, пакуль усе яны i прапаведнiк не знiклi ў вербалоззi. Хлопчык сказаў:

- Хацеў бы я паглядзець на iх праз якiя шэсць месяцаў. Ох, госпадзi!

Яго бацька працёр куткi вачэй указальным пальцам.

- Дарэмна я iм усё гэта нагаварыў, - сказаў ён. - Вось жа хочацца чалавеку паказаць, якi ён разумны, другiх вучыць.

- Ну што ты, та! Яны ж самi прасiлi.

- Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маiх слоў нiчога не перамянiлася, а iм ад iх толькi лiшняе засмучэнне паперад часу.

Том увайшоў у зараснiк вербалозу i лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за iм.

- Тут i пасплю, - сказаў Том.

- Том!

- Што табе?

- Я далей, Том, не паеду.

Том прыўзняўся i сеў.

- Што ты надумаў?

- Я каля гэтай рэчкi застануся, Том. Пайду па беразе ўнiз па цячэннi.

- Ты звар'яцеў!

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 109
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек бесплатно.

Оставить комментарий