Рейтинговые книги
Читем онлайн 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 81

Ён павярнуўся ад ложка i зноў пачаў хадзiць сюды-туды, засунуўшы адну руку ў кiшэню.

- Мы - святары ўлады, - сказаў ён. - Наш бог - улада. Але пакуль што ўлада - гэта толькi слова, наколькi гэта вас датычыць. Настаў час, каб вы хоць трошкi ўявiлi сабе, што значыць улада. Першае, што вы павiнны зразумець, улада заўсёды калектыўная. Iндывiд мае ўладу толькi тады, калi ён перастае быць iндывiдам. Вы ведаеце партыйны лозунг: "Свабода - гэта рабства". Цi прыходзiла вам калi ў галаву, што гэты лозунг можна перавярнуць? Рабства гэта свабода. Адзiн - свабодны - чалавек заўсёды церпiць паражэнне. Так павiнна быць, бо кожнаму чалавеку наканавана памерцi, а смерць - найбольшае з усiх паражэнняў. Але калi ён поўнасцю, дарэшты падпарадкуецца, калi ён уцячэ ад сваёй асабовасцi, калi ён здолее злiцца з Партыяй так, што сам станецца Партыяй, тады ён будзе ўсемагутны i бессмяротны. Другое, што вы павiнны зразумець: улада - гэта ўлада над людзьмi. Над целам, а галоўнае - над розумам. Улада над матэрыяй - знешняй рэчаiснасцю, як бы вы яе назвалi, - не мае значэння. Наш кантроль над матэрыяй ужо i так абсалютны.

На хвiлiну Ўiнстан забыўся пра шкалу. Ён зрабiў адчайнае намаганне, каб сесцi, але толькi балюча звярэдзiўся.

- Але як вы можаце кантраляваць матэрыю? - выбухнуў ён. - Вам непадуладныя нават надвор'е цi закон прыцягнення. А яшчэ ж ёсць хваробы, боль, смерць...

О'Браэн супакоiў яго рухам рукi.

- Мы кантралюем матэрыю, бо мы кантралюем розум. Рэчаiснасць iснуе ў галаве. Паступова вы пераканаецеся, Ўiнстан. Мы можам усё. Нябачнасць, левiтацыя - усё. Я мог бы ўзняцца ў паветра над падлогай, як мыльная бурбалка, калi б захацеў. Але я не хачу, бо Партыя гэтага не хоча. Вы мусiце пазбавiцца гэтых iдэй дзевятнаццатага стагоддзя пра законы прыроды. Мы самi ўсталёўваем законы прыроды.

- Не! Вы нават не гаспадары на гэтай планеце. Што вы скажаце пра Эўразiю i Ўсходазiю? Вы ж iх яшчэ не зваявалi.

- Не iстотна. Мы зваюем iх, калi нам будзе трэба. А калi не, дык што ж з таго? Мы можам зрабiць так, што яны не будуць iснаваць. Акiянiя - гэта свет.

- Але ж сам свет - гэта толькi драбочак пылу. А чалавек - мiзэрны i бездапаможны! Цi даўно iснуюць людзi? Мiльёны гадоў Зямля была незаселеная.

- Лухта. Зямля не старэйшая за нас. Як яна можа быць старэйшая? Усё iснуе толькi праз чалавечую свядомасць.

- Але ж у скалах знаходзяць безлiч костак вымерлых жывёлiн - мамантаў, i мастадонтаў, i вялiзных рэптылiй, якiя ўжо даўно iснавалi, тады, калi пра чалавека было яшчэ i не чуваць.

- Цi бачылi вы калi тыя косткi, Ўiнстан? Вядома ж, не. Iх прыдумалi бiёлагi дзевятнаццатага стагоддзя. Да чалавека не было нiчога. Пасля чалавека, калi яму прыйдзе канец, таксама не будзе нiчога. Няма нiчога па-за чалавекам.

- Але па-за намi цэлы сусвет. Паглядзiце на зоркi! Некаторыя з iх аддалены на мiльёны светлавых гадоў ад нас. Яны назаўсёды недасягальныя для нас.

- Што такое зоркi? - безуважна сказаў О'Браэн. - Агеньчыкi за пару кiламетраў ад нас. Мы маглi б iх дастаць, калi б захацелi. Або маглi б проста знiшчыць. Зямля - цэнтр сусвету. Сонца i зоркi абарачаюцца вакол яе.

Ўiнстан зноў пакутлiва таргануўся. Гэтым разам ён нiчога не сказаў. О'Браэн працягваў, быццам адказваючы на выказанае пярэчанне.

- У некаторых выпадках, вядома ж, гэта не так. Калi мы плаваем у акiяне або калi прадказваем зацьменне, мы лiчым дарэчным дапусцiць, што Зямля абарачаецца вакол сонца i што зоркi знаходзяцца за мiльён кiламетраў ад нас. Ну i што з таго? Вы думаеце, што мы не можам выпрацаваць дуалiстычную сiстэму ў астраномii? Зоркi могуць быць блiзка або далёка, адпаведна з нашымi патрэбамi. Вы думаеце, нашыя матэматыкi на гэта не здольныя? Вы забылiся пра двухдумства?

Ўiнстан зноў скурчыўся ў ложку. Што б ён нi сказаў, iмгненны адказ забiваў яго нiбы дубiнай. I ўсё ж ён ведаў, ён ведаў, што мае рацыю. Вера ў тое, што нiчога не iснуе па-за свядомасцю, - напэўна можна ж неяк давесцi, што гэта не так? Хiба не было ўжо даўно даказана, што гэта памылка? Гэта нават неяк называлася, ён ужо забыўся як. Ражкi вуснаў О'Браэна дрыгнулi лёгкай усмешкай, калi ён паглядзеў унiз на Ўiнстана.

- Я ўжо казаў вам, Ўiнстан, што вы не надта дасведчаныя ў метафiзiцы. Слова, якое вы спрабуеце прыгадаць - салiпсiзм. Але вы памыляецеся. Гэта не салiпсiзм. Гэта, калi хочаце, калектыўны салiпсiзм. А гэта ўжо зусiм iншае; гэта ўжо супрацьлегласць салiпсiзму. Але мы адхiлiлiся ад нашай тэмы, - дадаў ён ужо iншым тонам. - Сапраўдная ўлада, улада, за якую мы мусiм змагацца ўдзень i ўначы - гэта ўлада не над рэчамi, а над людзьмi.

Ён спынiўся i на хвiлiну зноў зрабiўся падобны да настаўнiка, якi апытвае здольнага вучня.

- Як чалавек выяўляе сваю ўладу над iншым чалавекам, Ўiнстан?

- Ён прымушае яго пакутаваць, - падумаўшы, адказаў той.

- Слушна. Ён прымушае яго пакутаваць. Адной паслухмянасцi недастаткова. Калi ён не пакутуе, як тады быць пэўным, што ён падпарадкоўваецца вашай волi, а не сваёй? Улада палягае ў тым, каб спрычыняць боль i прынiжэнне. Улада ў тым, каб разарваць розум чалавека на кавалкi i скласцi iх нанова, так, як вам хочацца. Ну што, цяпер вы пачынаеце разумець, якi свет мы ствараем? Гэта дакладная супрацьлегласць бязглуздым геданiчным утопiям старых рэфарматараў. Гэта будзе свет страху, здрадлiвасцi i пакутаў, свет прыгнятальнiкаў i прыгнечаных, свет, якi ў працэсе ўдасканальвання будзе рабiцца не меней, а болей бязлiтасным. Прагрэс у нашым свеце будзе прагрэсам да большых пакут. Старыя цывiлiзацыi абвяшчалi, што яны засноўваюцца на любовi i справядлiвасцi. Наша будзе заснавана на нянавiсцi. У нашым свеце не будзе iншых пачуццяў, акрамя страху, лютасцi, злараднасцi i самапрынiжэння. Усё астатняе мы знiшчым - усё. Мы ўжо цяпер знiшчаем разумовыя звычкi, што засталiся з дарэвалюцыйных часоў. Мы абарвалi сувязi памiж бацькамi i дзецьмi, памiж чалавекам i чалавекам, памiж мужчынам i жанчынай. Нiхто ўжо болей не наважваецца даверыцца жонцы, дзiцяцi або сябру. Але ў будучынi не будзе нi жонак, нi сяброў. Дзецi будуць адлучацца ад мацi адразу па нараджэннi, як яйкi, што забiраюцца ў курэй. Палавы iнстынкт будзе выкаранены. Апладненне станецца штогадовай фармальнасцю, як рэгiстрацыя прадуктовай карткi. Мы адменiм аргазм. Нашы неўролагi ўжо цяпер працуюць над гэтым. Не будзе болей вернасцi, апроч вернасцi Партыi. Не будзе болей любовi, апроч любовi да Вялiкага Брата. Не будзе болей смеху, апроч злараднага смеху з пераможанага ворага. Не будзе болей нi мастацтва, нi лiтаратуры, нi навукi. Калi мы зробiмся ўсемагутнымi, нам болей не спатрэбiцца навука. Не будзе болей адрозненняў памiж прыгожым i брыдкiм. Не будзе болей дапытлiвасцi, не будзе радасцi жыцця. Але заўсёды - не забывайцеся, Ўiнстан - заўсёды будзе ап'яненне ўладай, яно будзе ўвесь час расцi i рабiцца ўсё болей вытанчаным. Заўсёды, у кожную хвiлiну, будзе ап'яненне перамогай, радасць дратавання бездапаможнага ворага. Калi хочаце абразок будучынi, уявiце сабе, як бот наступае на чалавечы твар - назаўсёды.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 81
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл бесплатно.
Похожие на 1984 (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл книги

Оставить комментарий