- Часам вам здавалася, - сказаў О'Браэн, - што мой твар - твар сябры Ўнутранай Партыi - выглядае старым i змардаваным. А што вы скажаце пра свой твар?
Ён схапiў Ўiнстана за плячо i павярнуў, каб той стаў да яго тварам.
- Паглядзiце, якiя вы сталi! - сказаў ён. - Паглядзiце на гэтае паскудства па ўсiм целе. Паглядзiце на бруд мiж пальцаў на нагах. Паглядзiце на гэтую агiдную цякучую рану на назе. Вы ведаеце, што ад вас смярдзiць, як ад казла? Можа, вы ўжо гэтага не заўважаеце. Паглядзiце, як вы здыхлелi. Бачыце? Я магу двума пальцамi абхапiць ваш бiцэпс. Я мог бы перагрызцi вам шыю, як морквiну. Цi ведаеце вы, што вы страцiлi дваццаць пяць кiлаграмаў з таго часу, як вы ў нашых руках? Нават валасы ў вас выпадаюць пасмамi. Паглядзiце! - ён пацягнуў Ўiнстана за валасы i вырваў цэлую жменю. - Раскрыйце рот. Засталося дзевяць, дзесяць... адзiнаццаць зубоў. А колькi ў вас было, калi вас сюды прывезлi? Дый тыя, што засталiся, ужо выпадаюць. Глядзiце!
Ён схапiў сваiмi магутнымi вялiкiм i ўказальным пальцамi адзiн з ацалелых Ўiнстанавых пярэднiх зубоў. Рэзкi боль працяў Ўiнстанаву скiвiцу. О'Браэн вырваў расхiстаны зуб з коранем i шпурнуў яго ў канец камеры.
- Вы гнiеце жыўцом, - сказаў ён, - вы развальваецеся на кавалкi. Што вы ёсць? Мех бруду. А цяпер павярнiцеся i гляньце яшчэ раз у люстэрка. Бачыце вось гэта, што стаiць перад вамi? Гэта - апошнi чалавек. Калi вы - чалавек, дык гэта - чалавецтва. А цяпер адзеньцеся.
Ўiнстан пачаў адзявацца павольнымi няўмелымi рухамi. Дагэтуль ён, здаецца, не заўважаў, якi ён быў схуднелы i слабы. Толькi адна думка круцiлася ў яго ў галаве: ён прабыў тут значна болей, чым сабе ўяўляў. I тады раптам, калi ён заўважыў на сабе ўбогiя лахманы, яго ахапiла пачуццё жалю за сваё зруйнаванае цела. Не паспеўшы зразумець, што ён робiць, ён звалiўся на невялiчкi зэдлiк, што стаяў побач з ложкам, i залiўся слязьмi. Ён разумеў, што гэта брыдка, агiдна - убогi касцяк у бруднай сподняй бялiзне сядзiць i румзае пад рэзкiм белым святлом, - але не мог спынiцца. О'Браэн амаль прыязна паклаў яму руку на плячо.
- Гэта не будзе цягнуцца вечна, - сказаў ён. - Вы можаце вызвалiцца, калi толькi захочаце. Усё залежыць ад вас.
- Гэта вы зрабiлi! - хлiпнуў Ўiнстан. - Вы давялi мяне да гэткага стану.
- Не, Ўiнстан, вы самi давялi сябе да такога. Вы пагадзiлiся на гэта, калi паўсталi супраць Партыi. У гэты першы ўчынак уключалася ўсё наступнае. Не адбылося нiчога, што не было б прадбачна.
Ён спынiўся, пасля працягваў далей:
- Мы бiлi вас, Ўiнстан. Мы зламалi вас. Вы бачылi, да чаго падобнае цяпер ваша цела. Ваш розум у такiм самым стане. Не думаю, што ў вас яшчэ засталося шмат колiшняй ганарыстасцi. Вас бiлi нагамi, лупцавалi бiзуном, зневажалi, вы крычалi ад болю, вы качалiся па падлозе ў крывi i ванiтах. Вы малiлi аб лiтасцi, вы здрадзiлi ўсiм i ўсяму. Цi ёсць яшчэ якая ганьба, да якой бы вы не апусцiлiся?
Ўiнстан перастаў плакаць, хоць слёзы ўсё яшчэ кацiлiся па шчоках. Ён паглядзеў на О'Браэна.
- Я не здрадзiў Джулii, - сказаў ён.
О'Браэн задумлiва паглядзеў на яго.
- Так, - згадзiўся ён, - так, гэта праўда. Вы не здрадзiлi Джулii.
Асаблiвая павага да О'Браэна, якую, як здавалася, нiчога не магло пахiснуць, зноў напоўнiла Ўiнстанава сэрца. "Якi ён разумны, - думалася яму, якi разумны". О'Браэн заўсёды разумеў усё, што яму нi казалi. Любы iншы адразу адказаў бы яму, што ён усё ж здрадзiў Джулii. Бо чаго толькi яны не выцiснулi з яго пад час катаванняў. Ён сказаў iм усё, што ведаў пра яе, яе звычкi, яе характар, яе мiнулае жыццё; ён выдаў у самых найменшых дэталях усё, што адбывалася пад час iх сустрэч, усё, што ён казаў ёй, а яна яму, iх ежу з чорнага рынку, iх пахацiмства, iх невыразныя планы змовы супраць Партыi - усё. I ўсё ж у тым сэнсе, як ён разумеў гэтае слова, ён ёй не здрадзiў. Ён не перастаў яе кахаць, яго пачуццi да яе засталiся тыя самыя. О'Браэн зразумеў, што ён хацеў сказаць, i не патрабаваў нiякiх тлумачэнняў.
- Скажыце мне, цi хутка мяне расстраляюць? - спытаўся ён.
- Можа, прыйдзецца i пачакаць, - адказаў О'Браэн. - У вас цяжкi выпадак. Але не губляйце надзеi. Усе раней цi пазней вылечваюцца. А пасля ўсяго мы вас расстраляем.
4
Яму было значна лепей. Ён дужэў i гладчэў з кожным днём, калi можна было гаварыць пра днi.
Белае святло i няспыннае гудзенне былi тыя самыя, што i раней, але камера была трошкi больш утульная за ранейшыя. На дашчаным ложку быў матрас i падушка, побач быў зэдлiк, каб пасядзець. Яго адмылi i дазволiлi даволi часта ўмывацца ў бляшанай умывальнi. Яму нават давалi мыцца цёплай вадой. Яму выдалi новую бялiзну i чысты камбiнезон. Яго варыкозную язву змазалi заспакойлiвай маззю. Яму вырвалi рэшткi зубоў i ўставiлi новы зубны пратэз.
Прайшлi тыднi, а можа, i месяцы. Цяпер ён ужо мог бы вымяраць час, калi б гэта хоць трошкi яго цiкавiла, бо яго кармiлi праз рэгулярныя iнтэрвалы. Ён еў, як ён мог меркаваць, тры разы на суткi; часам ён пытаўся ў сябе, калi яго кармiлi - удзень цi ўначы? Ежа была надзiва смачная, праз кожныя два разы давалi мяса. А аднойчы прынеслi нават пачак цыгарэт. У яго не было запалак, але маўклiвы ахоўнiк, што прыносiў яму ежу, даваў яму запалiць. Калi ён першы раз паспрабаваў запалiць, яму зрабiлася млосна, але ён упарта працягваў спробы i расцягнуў пачак на доўгi час, выкурваючы па паўцыгарэты кожны раз пасля ежы.
Яму далi белую дошчачку з агрызкам алоўка, прывязаным за рычажок. Спачатку ён нiчога з ёй не рабiў. Нават калi ён не спаў, ён быў цалкам адключаны. Часта ён ляжаў ад аднаго кармлення да другога амаль нерухома, часам спаў, а часам блукаў у няясных мроеннях, сярод якiх расплюшчыць вочы было занадта цяжка. Ён даўно прызвычаiўся спаць са святлом, што сляпуча бiла ў твар. Здавалася, гэта яму не шкодзiла, адно што сны яго зрабiлiся больш звязныя. За ўвесь гэты час ён часта бачыў сны, i сны гэтыя заўсёды былi шчаслiвыя. Ён быў у Залатой Краiне або сядзеў сярод велiчных, урачыстых, залiтых сонцам руiн са сваёю мацi, з Джулiяй, з О'Браэнам - i нiчога не рабiў, проста сядзеў на ўгрэве i гаварыў пра нешта спакойнае. I прачнуўшыся, ён часцей за ўсё думаў пра тое, што прыснiў. Здаецца, ён страцiў здольнасць напружваць розум, цяпер, калi яму ўжо не пагражалi болем. Ён не нудзiўся, яму не хацелася размаўляць або забаўляцца. Проста быць аднаму, каб нiхто не бiў i не дапытваў, каб давалi ўдосыць есцi, дазвалялi мыцца - больш яму нiчога не было патрэбна.
Паступова ён стаў меней часу трацiць на сон, але ўсё яшчэ не адчуваў нiякай ахвоты ўстаць з ложка. Яму хацелася толькi ляжаць спакойна i адчуваць, як цела ўбiраецца ў сiлу. Часам ён абмацваў сябе то тут, то там, каб упэўнiцца, што сапраўды мускулы ў яго робяцца круглейшыя, а скура пругчэйшая. Урэшце ён без нiякiх сумненняў зазначыў, што паступова гладчэе. У клубах ён цяпер быў шырэйшы, чым у каленях. I, спачатку з цяжкасцю, Ўiнстан пачаў рэгулярна рабiць фiзiчныя практыкаваннi. Неўзабаве ён ужо мог прайсцi тры кiламетры, мераючы крокам камеру, яго ўгнутыя плечы паступова выпрасталiся. Ён паспрабаваў рабiць больш складаныя практыкаваннi i са здзiўленнем i сорамам заўважыў, што не ўсё ў яго атрымлiваецца. Ён не мог прыспешыць хаду, ён не мог трымаць зэдлiк у выцягнутай руцэ, ён не мог пастаяць на адной назе не ўпаўшы. Ён сеў на кукiшкi i здолеў устаць, толькi перасiлiўшы нясцерпны боль у клубах i лытках. Ён лёг на жывот i паспрабаваў прыўзняць цела на руках. Марна, ён не здолеў прыўзняцца нi на сантыметр. Але мiнула яшчэ некалькi дзён - некалькi кармленняў, - i ён зрабiў гэты подзвiг. А яшчэ праз нейкi час ён ужо змог зрабiць гэта шэсць разоў запар. Ён пачаў ганарыцца сваiм целам i пеставаць кволую надзею, што яго твар таксама паступова набывае нармальны выгляд. I толькi калi ён часам выпадкова дакранаўся рукой да свайго лысага чэрапа, яму прыгадваўся зморшчаны змардаваны твар, што глядзеў на яго з люстэрка.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});