Рейтинговые книги
Читем онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 84 85 86 87 88 89 90 91 92 ... 109

- Пастараемся, ма.

- Больш я даймаць цябе не буду.

- Зробiм, ма.

- Мне проста iншы раз страшна робiцца. Усю храбрасць сваю губляю.

- Нешта не бачыў я, каб ты яе калi-небудзь згубiла.

- Начамi бывае.

Недзе наперадзе пачулася рэзкае шыпенне. Том моцна абхапiў рукамi абаранак руля i да канца нацiснуў на тормаз. Грузавiк здрыгануўся i стаў.

- Ну вось i ўсё, - уздыхнуў Том i адкiнуўся на спiнку сядзення.

Эл выскачыў з кабiны i падбег да пярэдняга правага кола.

- Цвiк! I якi вялiкi!

- Чым залатаць ёсць?

- Няма, - адказаў Эл. - Усё чыста ў ход пусцiлi. Гума дык ёсць, а клею няма.

Том глянуў на мацi i сумна ўсмiхнуўся:

- Не трэба было табе пра свой даляр гаварыць. Мы як-небудзь i без яго адрамантавалi б. - Ён вылез з машыны i падышоў да спушчанага кола.

Эл паказаў на доўгi тоўсты цвiк, што тырчаў у сплюшчанай пакрышцы.

- Вунь якi!

- Калi ва ўсiм наваколлi ёсць хоць адзiн-адзiнюткi цвiк, мы абавязкова напорамся на яго, - сказаў Том.

- Што-небудзь сур'ёзнае? - крыкнула iм мацi.

- Не, не вельмi, а ўсё ж рамонт.

Усе саскочылi з паклажы на дарогу.

- Пракол? - запытаўся бацька, убачыў спушчаную шыну i замаўчаў.

Том папрасiў мацi падняцца i дастаў з-пад сядзення бляшанку з гумай для латання камер. Ён разгарнуў палоску гумы, узяў цюбiк з клеем i лёгенька сцiснуў яго пальцамi.

- Амаль зусiм пусты, - сказаў ён. - Можа, i хопiць. Ну добра, Эл, падкладзi што-небудзь пад заднiя колы. Будзем падымаць дамкратам.

Том i Эл працавалi дружна. Падклалi камянi пад заднiя колы, падставiлi дамкрат пад пярэднюю вось, паднялi правае кола i знялi з яго праколатую шыну. Потым знайшлi дзiрку на камеры, намачылi ў бензабаку анучку i працёрлi камеру на месцы праколу. Эл туга расцягнуў камеру на каленях, Том разарваў цюбiк напалам, сцiзорыкам наклаў на гуму тонкi слой клею i старанна размазаў яго вакол дзiркi.

- Цяпер няхай падсохне, а я пакуль што латку выражу. - Том падраўняў краi i скасiў кант сiняй латкi. Эл зноў расцягнуў камеру, i Том асцярожна паставiў латку. - Вось так. Цяпер пакладзi яе на падножку, а я прыпляскаю. - Ён нямоцна ўдарыў некалькi разоў малатком, потым расправiў камеру i ўважлiва агледзеў краi латкi. - Ну вось! Па-мойму, вытрымае. Надзявай на вобад, мы яе напампуем. Твой даляр, ма, здаецца, уцалее.

Эл сказаў:

- Вось каб была ў нас запаска! Трэба мець запасную камеру, Том, i каб яна была ўжо на вобадзе i надзьмутая. Тады нiякi пракол i ноччу не страшны.

- Калi ў нас будзе столькi грошай, што хопiць на запасны скат, мы купiм на iх кавы i мяса, - сказаў Том.

Рэдкiя ў гэты раннi час машыны шпарка праносiлiся па шашы, сонца ярчэла i пачынала мацней прыграваць. З паўднёвага захаду лёгкiмi, як дыханне, павевамi дзьмуў пяшчотны ветрык, i горы абапал шырокай далiны ледзь праступалi праз перламутравы туман.

Том пампаваў камеру, калi на другiм баку дарогi раптам спынiлася легкавая машына, што iшла з поўначы. З яе вылез чалавек у светла-шэрым касцюме i пайшоў цераз шашу да грузавiка. Капелюша на iм не было. Загарэлы твар яго расплыўся ў белазубай усмешцы. На безыменным пальцы левай рукi блiшчаў масiўны залаты пярсцёнак. На тонкiм ланцужку, прычэпленым да камiзэлькi, матляўся маленькi залаты шарык у выглядзе футбольнага мяча.

- Добрай ранiцы, - ветлiва павiтаўся чалавек.

Том адарваў вочы ад ручной помпы, падняў галаву.

- Добрай ранiцы, - адказаў ён.

Чалавек правёў пальцамi па падстрыжаных "пад вожык" крыху ўжо пасiвелых валасах.

- Вы, можа, работу шукаеце?

- Канешне, шукаем, мiстэр. Пад усе маснiцы зазiраем.

- Персiкi збiраць умееце?

- Нiколi яшчэ не збiралi, - адказаў бацька.

- Мы ўсё ўмеем, - паспешлiва прагаварыў Том. - Усё, што толькi ёсць, умеем збiраць.

Чалавек пакратаў пальцам залаты мячык на ланцужку.

- Дык вось, мiль за сорак адсюль на поўнач колькi хочаце работы.

- Мы б з ахвотай папрацавалi, - сказаў Том. - Растлумачце, як туды дабрацца, i мы наўскач панясёмся.

- Кiруйце да Пiкслi - гэта трыццаць пяць цi трыццаць шэсць мiль адсюль, там павернеце на ўсход. Праедзеце мiль шэсць i спытаеце ферму Гупера. Працы там хоць адбаўляй.

- Так i зробiм.

- Можа, вы ведаеце, дзе яшчэ ёсць людзi, што шукаюць працу?

- Канешне, ведаем, - адказаў Том. - У лагеры каля Ўiдпэтча такiх шмат знойдзецца.

- Пад'еду туды. Набраць многа можам. Дык не забудзьцеся - ад Пiкслi на ўсход i так трымаць да самай фермы Гупера.

- Так i зробiм, - паўтарыў Том. - Вялiкi вам дзякуй, мiстэр. Нам праца да зарэзу патрэбна.

- Добра. Едзьце i не марудзьце. -Чалавек перайшоў дарогу, сеў у сваю машыну i пакiраваў на поўдзень. Том налёг на ручку помпы.

- Па дваццаць разоў будзем, - сказаў ён. - Раз, два, тры, чатыры... Пасля дваццацi за помпу ўзяўся Эл, за iм бацька, потым дзядзька Джон. Пакрышка разадзьмулася, стала пухлай i гладкай. Кожны браўся за помпу па тры разы. Цяпер давайце апусцiм, глянем.

Эл аслабiў дамкрат, пярэдняя вось апусцiлася.

- Добра надзьмулi, - сказаў ён. - Можа, нават i залiшне.

Яны пакiдалi iнструмент у кабiну.

- Ну, усе па месцах, паехалi, - крыкнуў Том. - Нарэшце работа ў нас будзе.

Мацi зноў села пасярэдзiне. За руль цяпер узяўся Эл.

- Лягчэй, Эл. Не перагрэй матора.

Яны ехалi ўсцяж залiтых ранiшнiм сонцам палёў. Туман падняўся ўжо над вяршынямi ўзгоркаў, i яны вiднелiся цяпер выразна - бурыя, з цёмна-лiловымi складкамi. Дзiкiя галубы ўзляталi з агароджаў пры наблiжэннi грузавiка. Эл мiмаволi павялiчыў скорасць.

- Не ганi, - перасцярог яго Том. - Будзеш нацiскаць на газ, латка не вытрымае. Нам абы даехаць. Магчыма, ужо сёння пойдзем працаваць.

Мацi ўсхвалявана загаварыла:

- Калi вы ўсе чацвёра сёння ўладкуецеся, магчыма, крама адразу дасць мне ў доўг. Перш-наперш вазьму кавы, бо вы ўжо згаладалiся па ёй, тады мукi, соды i мяса. Без костак браць не буду. Гэта як-небудзь потым. Можа, у суботу. I мыла. Мыла абавязкова. Не ведаю яшчэ, дзе паселiмся. - Яна гаварыла, не сцiхаючы. I малака. Абавязкова вазьму малака Разашарне, ёй яно вельмi неабходна. Медыцынская сястра ў лагеры казала.

Перад машынай па нагрэтым сонцам бетоне шашы паўзла змяя. Эл крута павярнуў, пераехаў яе i зноў вярнуўся на сваю паласу.

- Земляная, - сказаў Том. - Дарэмна ты яе раздушыў.

- Цярпець iх не магу, - сказаў Эл. - Усялякiх. Ад аднаго iх выгляду мяне нудзiць.

Да поўдня рух на шашы зрабiўся больш iнтэнсiўны - блiскучыя лiмузiны комiваяжораў з маркамi кампанiй на дзверцах; чырвона-белыя бензавозы з бразгатлiвымi ланцугамi, якiя цягнулiся ззаду: вялiзныя, з квадратнымi дзверцамi, фургоны аптовых бакалейшчыкаў, што развозiлi тавар. Мясцовасць абапал дарогi здзiўляла сваiм багаццем. Фруктовыя сады ў густой лiстоце, вiнаграднiкi, у мiжраддзi якiх доўгiя атожылкi лоз густым зялёным дываном усцiлалi зямлю. Градкi з дынямi, збожжавыя палi. Сярод зеленi бялелi дамкi, аплеценыя ружамi. I залатое, цёплае сонца над усiм гэтым.

Мацi, Том i Эл, седзячы ў кабiне, не памяталi сябе ад шчасця.

- Даўно ўжо я так не радавалася, - сказала мацi. - Калi збяром многа персiкаў, мы, можа, i дом сабе займеем, ну хоць ноймем месяцы на два. Без дома нам нiяк нельга.

Эл сказаў:

- Я буду грошы адкладваць. Збяру трохi, перабяруся ў горад i ўладкуюся ў якiм-небудзь гаражы. Буду жыць на кватэры, есцi ў рэстаранах. У кiно кожны вечар хадзiць. Бiлеты недарагiя. На каўбойскiя фiльмы. - Рукi яго мацней абхапiлi абаранак руля.

Вада ў радыятары забурлiла, з яго з шыпеннем пачала вырывацца пара.

- Ты залiў радыятар вадой? - запытаўся Том.

- Залiў. Вецер у спiну, таму i кiпiць.

- Цудоўны сёння дзянёк, - сказаў Том. - У Макалестары, бывала, працуеш, а ў думках толькi адно: як я зажыву там, на волi. Ад жыцця ўсё вазьму, хай хоць зямля гарыць пад нагамi, нi перад чым не спынюся. Як даўно, здаецца, гэта было! Быццам шмат гадоў з тае пары мiнула. Там адзiн наглядчык усё прыдзiраўся. У мяне рукi на яго свярбелi. Таму я, пэўна, такую злосць вялiкую на гэтых фараонаў маю. Усе яны быццам на адзiн твар. А ў таго морда была чырвоная. Парсюк парсюком. У яго, казалi, брат жыве недзе тут, на Захадзе. Каго выпусцяць з падпiскай, ён накiроўвае яго да брата, i яны там занiшто на яго працуюць. А заўпарцiцца хто, яго хоп! - i назад у турму за парушэнне падпiскi. Так расказвалi.

- А ты не думай пра гэта, - мякка сказала мацi. - Вось накупляю я ўсякай яды - мукi, топленага сала...

- Само думаецца. Адганяеш такiя думкi, а яны ўсё роўна лезуць у галаву. Там быў адзiн прыдурак. Я вам пра яго яшчэ не расказваў. Крыху хулiганiсты такi. Але бяскрыўдны. Усё задумляў уцёкi. Яму мянушку далi - Хулiган, - Том цiха засмяяўся.

- Выкiнь з галавы, - зноў папрасiла мацi.

- Давай далей, - сказаў Эл. - Раскажы пра яго.

- А тут нiчога такога няма, мама, - сказаў Том. - Ён увесь час рыхтаваўся да ўцёкаў. Бывала, план складзе, а маўчаць пра яго не можа, i неўзабаве ўсiм ужо ўсё вядома, нават начальнiку турмы. Толькi ён пачне ажыццяўляць свой план, а яго за ручкi i назад у камеру. I вось неяк раз ён намаляваў на паперы месца, дзе пералезцi збiраўся. Вядома ж, паказаў нам усiм, а мы - маўчок. Пасля прагулкi ён не вярнуўся, а мы маўчым. Аказваецца, ён дастаў недзе вяроўку i пералез цераз сцяну. А ўнiзе шэсць ахоўнiкаў - стаяць з вялiзным мехам напагатове. Хулiган спакойненька сабе спускаецца i трапляе проста ў раскрыты мех. Завязалi яго з галавой i так, у мяху, прывалаклi ў камеру. Усе ледзь з рогату не памерлi. А ён пасля гэтага захандрыў. Плача ўсё i плача, зусiм духам упаў i страшэнна затужыў. Вялiкая яго крыўда ўзяла. Неўзабаве шпiлькай успароў сабе вены i крывёю сцёк. Не перанёс крыўды. А сам нiкому зла не зрабiў. Якiх толькi вар'ятаў там не стрэнеш.

1 ... 84 85 86 87 88 89 90 91 92 ... 109
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек бесплатно.

Оставить комментарий