Рейтинговые книги
Читем онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 109

- Не кажы так пра людзей, - сказала мацi. - Вось я памятаю Прыгажунчыка Флойда, я мацi яго ведала. Нiчога ў iм благога не было. Проста жыццё загнала яго ў кут.

Сонца наблiжалася да зенiту, i цень ад грузавiка змiзарнеў i бег пад коламi.

- Вунь ужо, вiдаць, i Пiкслi, - сказаў Эл. - Толькi што праехалi ўказальнiк з надпiсам.

Яны праехалi гарадок i павярнулi на ўсход па вузейшай дарозе. Фруктовыя сады абапал шашы ператварылi яе ў калiдор.

- Думаю, ферму знойдзем лёгка, - сказаў Том.

Мацi сказала:

- Ён гаварыў, што ферма належыць Гуперу i што кожны пакажа дарогу. Вiдаць, там i крама паблiзу ёсць. Магчыма, у доўг дадуць - усё ж чацвёра працуюць. Я згатавала б добрую вячэру, толькi каб у доўг далi. Можа, нават i мяса ўволю стушу...

- I кавы вазьмi, - сказаў Том. - I, можа, нават пачак "Дэрэма". Свайго тытуню я ўжо век, здаецца, не палiў.

Далёка наперадзе дарога была блакiравана скопiшчам машын, а ўздоўж абочын ланцугом стаялi белыя матацыклы.

- Няйначай, аварыя, - вырашыў Том.

Калi яны наблiжалiся да хваставой машыны, з-за яе выйшаў палiсмен у высокiх шнураваных чаравiках i з афiцэрскай партупеяй. Ён падняў руку, i Эл спынiў грузавiк. Палiсмен спакойна прынiк да акенца кабiны:

- Куды едзеце?

- Нам казалi, што недзе тут блiзка збiраюць персiкi, - адказаў Эл.

- На працу хочаце ўладкавацца?

- Ага, хочам, - адказаў Том.

- Добра. Пачакайце хвiлiнку. - Палiсмен падышоў да краю дарогi i крыкнуў камусьцi наперадзе:- Яшчэ адна машына! Цяпер усяго шэсць. Прапусцiм усю калону.

Том крыкнуў яму:

- Гэй! Што тут такое?

Патрульны, не спяшаючыся, вярнуўся.

- Там нейкая затрымка. Вы не хвалюйцеся - праедзеце. Толькi без абгону.

Застракаталi матацыклетныя маторы. Машыны рушылi наперад, грузавiк Джоўдаў iшоў апошнi. Двое матацыклiстаў ехалi наперадзе, двое ззаду.

Том затрывожыўся:

- Не разумею, у чым справа.

- Можа, аб'езд, - выказаў здагадку Эл.

- Дык навошта тады гэтыя матацыклiсты? Не падабаецца нешта мне гэта.

Пярэднiя матацыклы прыбавiлi скорасць. Калона старых машын таксама пайшла шпарчэй. Эл стараўся не адстаць.

- У гэтых машынах такiя ж людзi, як мы, - сказаў Том. - Не па нутры мне гэта.

Раптам матацыклы ў галаве калоны збочылi з шашы на пасыпаную жвiрам пад'язную дарогу. Машыны павярнулi за iмi. Матацыклы iмчалiся з аглушальным трэскам. Уздоўж дарогi, у кювеце, Том убачыў людзей - усе мужчыны, убачыў iх раскрытыя раты - вiдаць, яны нешта крычалi, убачыў iх сцiснутыя кулакi i гнеўныя твары. Нейкая тоўстая жанчына кiнулася да машын, але адзiн з матацыклiстаў перарэзаў ёй дарогу. Высокiя сеткаватыя вароты расчынiлiся, усе шэсць машын заехалi ў iх, i вароты зачынiлiся. Матацыклы развярнулiся i на вялiкай хуткасцi панеслiся назад. Цяпер, калi грукат матацыклетных матораў сцiх, сталi чутны крыкi людзей, што тоўпiлiся ў прыдарожнай канаве. За варотамi, на ўсыпанай жвiрам дарозе, былi двое з драбавiкамi. Адзiн з iх закрычаў:

- Далей, далей, давайце далей! Чаго сталi?

Машыны паехалi наперад, потым усе шэсць павярнулi налева i апынулiся ў лагеры для зборшчыкаў фруктаў. У iм было пяцьдзесят маленькiх домiкаў, падобных да скрынь - пляскаты дах, адно акенца i дзверы. Гэтыя домiкi-скрынi стаялi правiльным прамавугольнiкам. У канцы лагера ўзвышалася цыстэрна з вадой. З другога боку была маленькая бакалейная крамка. Уздоўж кожнага рада домiкаў па двое расхаджвалi людзi з драбавiкамi; на кашулях у iх былi вялiкiя сярэбраныя зоркi.

Машыны спынiлiся. Двое канторшчыкаў абышлi ўсе шэсць па чарзе.

- На працу хочаце наняцца?

- Вядома, хочам. Але што тут такое робiцца?

- Вас гэта не датычыцца. Праца вам патрэбна?

- Ну я ж сказаў.

- Прозвiшча?

- Джоўд.

- Мужчын колькi?

- Чацвёра.

- Жанчын?

- Дзве.

- Дзяцей?

- Двое.

- Працаваць усе могуць?

- Думаю, усе.

- Добра. Знайдзiце домiк нумар шэсцьдзесят тры. Плата - пяць цэнтаў за скрыню. Пабiтыя фрукты не прымаем. Ну едзьце. Адразу ж выходзьце на працу.

Машыны паехалi далей. На дзвярах кожнага домiка, афарбаванага ў чырвоны колер, быў намаляваны нумар.

- Шэсцьдзесят. Тут шасцiдзесяты, - сказаў Том. - Значыць, крыху далей. Шэсцьдзесят адзiн, шэсцьдзесят два... Вось i наш.

Эл падвёў грузавiк да самых дзвярэй домiка. Верхнiя пасажыры саскочылi з машыны i пачалi разгублена азiрацца па баках. Да домiка падышлi двое шэрыфавых памагатых. Яны пiльна ўглядалiся кожнаму мужчыну ў твар.

- Прозвiшча?

- Джоўд, - нецярплiва адказаў Том. - Скажыце, што тут у вас адбываецца?

Адзiн палiсмен выняў з кiшэнi доўгi спiс.

- У мяне такое не значыцца. Табе яно нiколi на вочы не траплялася? Правер па нумары машыны.

- Не, такога ў мяне няма. Як быццам усё ў парадку.

- Цяпер слухайце. Не рабiце нам нiякiх непрыемнасцей. Займайцеся сваёй справай, не лезьце, куды вас не просяць, i ўсё будзе добра. - Абодва палiсмены крута павярнулiся i пайшлi. У канцы пясчанай вулачкi яны селi на скрынi, адкуль маглi назiраць за ўсiм радам домiкаў.

Том доўга глядзеў на iх.

- Гэта каб мы адчувалi сябе як дома.

Мацi адчынiла дзверы i ўвайшла ў домiк. Падлога заплюхана салам. У адзiным пакоiку стаяла ржавая жалезная печка - i больш нiчога. Ножкамi ёй служылi дзве цаглiны, iржавы бляшаны комiн быў прасунуты праз дзiрку ў столi-даху. У пакоi моцна пахла падгарэлым салам i потам. Ружа Сарона стала каля мацi.

- I тут мы будзем жыць?

Памаўчаўшы трохi, мацi адказала:

- Ну а дзе ж? Памыем, i не так ужо i кепска будзе. Трэба тут добра паскрэбцi.

- У палатцы лепш, - сказала Ружа Сарона.

- Тут падлога ёсць, - нагадала ёй мацi. - А ў дождж працякаць не будзе. Яна павярнулася да дзвярэй. - Разгружацца трэба.

Мужчыны моўчкi знiмалi паклажу з грузавiка. Нейкае трывожнае пачуццё авалодала iмi. Вялiкi прамавугольнiк домiкаў-скрынь маўчаў. Па вулачцы прайшла жанчына, але нават не зiрнула на прыезджых. Галава ў яе была апушчаная, падол бруднай сарпiнкавай сукенкi абтрапаўся i вiсеў шматкамi.

Агульная паныласць перадалася Руцi i Ўiнфiлду. Яны не кiнулiся разведваць новае месца - стаялi каля самага грузавiка, каля дарослых, i тужлiва паглядалi на пыльную вулачку - то ў адзiн бок глянуць, то ў другi. Уiнфiлд падабраў з зямлi кавалак пакавальнага дроту, перагнуў яго некалькi разоў i зламаў. Тады загнуў кароткi абломак каленцам i пачаў круцiць яго ў руцэ.

Калi Том з бацькам пачалi пераносiць матрацы ў дом, да грузавiка падышоў канторшчык у зелянковых штанах i ў сiняй кашулi з чорным гальштукам. Праз тоўстыя шкельцы акуляраў у сярэбранай аправе вызiралi блiзарукiя, пачырванелыя вочы, зрэнкi iх глядзелi пiльна, ва ўпор, як агеньчыкi начных лiхтароў. Канторшчык выцягнуў шыю, разглядаючы Тома.

- Трэба ўнесцi вас у спiс, - сказаў ён. - Колькi чалавек пойдзе працаваць?

- Нас чацвёра мужчын, - адказаў Том. - А праца цяжкая?

- Збор персiкаў. Аплата здзельная. Пяць цэнтаў за скрыню.

- Можна i дзецям збiраць?

- Чаму ж не. Толькi каб акуратна.

У дзвярах паказалася мацi.

- Вось прыбяру i таксама пайду памагу. Нам няма чаго есцi, мiстэр. Нам заплацяць адразу?

- Не, грошай адразу не дадуць. Але можна браць у крэдыт у краме на тое, што вам налiчаць.

- Дык хадзем, чаго марудзiць, - сказаў Том. - Я сёння да ночы хачу мяса з хлебам паесцi. Куды нам iсцi, мiстэр?

- Я сам iду туды. Iдзiце са мной.

Том, бацька, Эл i дзядзька Джон пакрочылi следам за канторшчыкам па пясчанай вулачцы, увайшлi ў сад i апынулiся сярод персiкавых дрэў. Вузкае лiсце ўжо зажаўцелася. Персiкi абсыпалi галiны маленькiмi залацiста-чырвонымi шарыкамi. Сярод дрэў узвышалiся пiрамiды пустых скрынь. Людзi снавалi па садзе - рвалi персiкi ў вёдры, з вёдраў перакладалi ў скрынi, адносiлi поўныя скрынi на прыёмачны пункт, а там, каля грузавiкоў, iх чакалi прыёмшчыкi, якiя ставiлi адзнакi супраць прозвiшча зборшчыка.

- Яшчэ чацвярых прывёў, - сказаў канторшчык у акулярах.

- Добра. Раней калi-небудзь збiралi?

- Не, нiколi, - адказаў Том.

- Рабiце ўсё акуратна. Каб не было нi пабiтых, нi ападу. А самi паб'яце не прымем. Вунь вёдры, бярыце.

Том падняў трохгалонавае вядро i агледзеў яго.

- Усё дно дзiравае.

- Правiльна, - сказаў блiзарукi канторшчык. - Гэта каб не кралi. Ну, вунь ваш рад, пачынайце.

Чацвёра Джоўдаў узялi па вядру i пайшлi да персiкавых дрэў.

- Яны тут марна час не трацяць, - сказаў Том.

- Прасвяты божа! - прастагнаў Эл. - Я лепш у гаражы працаваў бы.

Бацька пакорлiва iшоў за Томам, але тут ён раптам рэзка павярнуўся да Эла.

- Кiнь ты гэтыя штучкi! - сказаў ён. - I енчыш, i жалiшся, i стогнеш. Працаваць трэба. Глядзi, не такi ты ўжо вялiкi, магу i адлупцаваць.

Кроў кiнулася ў твар Элу. Ён увесь кiпеў ад злосцi.

Том падышоў да яго:

- Перастань, Эл. Хлеб i мяса. Трэба на iх зарабiць.

Яны абiралi з дрэў персiкi i кiдалi ў вёдры. Том вельмi спяшаўся - не хадзiў, а бегаў. Адно вядро да верху, яшчэ адно. З вядра ён высыпаў персiкi ў скрыню. Трэцяе вядро. Скрыня напоўнiлася да краёў.

- Пяцiцэнтавiк зарабiў, - сказаў Том весела, падняў на плечы скрыню i панёс на прыёмачны пункт. - Тут на пяць цэнтаў, - абвясцiў ён прыёмшчыку.

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 109
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек бесплатно.

Оставить комментарий