Сяргей Белаяр
Марныя спадзяванні
Лятаючая талерка завісла над мястэчкам. Крыху памаячыўшы ў гарачым ліпеньскім паветры, мякка спланіравала. Выпусціла магутныя апоры, прызямлілася. Сонечныя блікі весела зайгралі па паверхні касмічнага апарата, кідаючы на твары выпадковых прахожых дзіўныя цені. А гараджане спяшаліся, мітусіліся на аўтобусных прыпынках, лаяліся, і нікому не было справы да іншапланецян, нібыта кожны дзень у мястэчку садзіліся зоркалёты.
Стоячы ля вялікага люстэрка, высокашаноўны Алгрр паправіў парадны мундзір, падміргнуў сваёй выяве, настройваючыся на мажорны лад. Усміхнуўся. Нарэшце ў космасе знойдзена населеная планета. I дзе?.. У самай глухмені Сусвету, куды нават патрульныя караблі заходзяць вельмі рэдка... Гэта было сапраўднай удачай, шансам, які выпадае раз у некалькі мільёнаў гадоў. Россып узнагарод ажыўлена зазвінеў, нібыта пацвярджаючы думкі прышэльца.
Паляпаўшы сябе па кішэнях — ці не забыўся на ўрачысты даклад — высокашаноўны Алгрр рашуча накіраваўся да трапа, цягнучы па металічнай абіўцы падлогі доўгі зялёны хвост. Касмічны падарожнік прайшоў па ярка асветленым калідоры. Спыніўся ля задраенага люка. Набраў код доступу. Брама адчынілася.
Паціраючы рукі ад задавальнення, пасланнік зорак павольна спусціўся па трапе. Глыбока ўдыхнуў, падставіў твар сонечным промням. Новая планета яму падабалася. Яна нагадвала Алргг. Toe ж неба, тыя ж дрэвы, нават паветра здавалася родным.
Іншапланецяніна перапаўняла эйфарыя. Кантакт... Як доўга расы Універсума чакалі сустрэчы з братамі па розуму. Колькі патрачана сіл і сродкаў... 3 часу апошняга кантакту з разумным істотамі прайшло больш за мільён гадоў, і зорная садружнасць ужо паспела забыць усю радасць пазнання новага. Ім усім трэба было ўскалыхнуцца. I свежая планета падыходзіла для гэтага як мага лепш. Падумаць толькі — да саюза касмічных рас далучыцца новая жыццёвая форма са сваёй сістэмай каштоўнасцей, арыгінальным светаразуменнем і назапашанымі ведамі...
Высокашаноўны Алгрр ледзь стрымаўся ад таго, каб не пусціцца ў скокі. Аднак своечасова авалодаў сабой. Новая, няхай нават і разумная, раса яшчэ не падстава ўпадаць у дзяцінства. Што ні кажы, а санавітаму чыноўніку не да твару скакаць, нібы балерына. Вярхоўны кіраўнік садружнасці наўрад ці ўхваліць падобнае...
На вялікае здзіўленне іншапланецяніна яго ніхто не сустракаў. Не было ні духавога аркестра, ні дэлегацыі афіцыйных асоб, ні натоўпу цікаўных, якія б гронкамі ўвешвалі ліхтарныя слупы і платы. Нікога...
«Дзіўна, — падумаў высокашаноўны Алгрр, нервова тузаючы кончык хваста. — Аналітыкі ж казалі, што новая раса гатовая да кантакту...» Іншапланецянін здзіўлена агледзеўся. Нейкія каменныя скрыні (няўжо ў іх можна жыць?) навальваліся з усіх бакоў, прыціскаючы сіметрычнымі прамавугольнікамі. Нудна цягнуліся вуліцы. Зрэдку праносіліся транспартныя сродкі, аднак кіроўцаў-робатаў высокашаноўны Алгрр разгледзець не змог. Прама пасярод вялізнай плошчы высіўся бронзавы ідал.
Прышэлец нават адкрыў рот ад здзіўлення. Бронзавы ёлупень, пакрыты разводамі птушынага памёту, здаваўся недарэчным. Калос у адной руцэ трымаў змяты кавалак матэрыі, а другой паказваў некуды ўдалечыню. Высокашаноўны Алгрр міжволі паглядзеў у пазначаным кірунку, але нічога, акрамя чарговай каменнай скрыні з металічнымі крыжамі, якія блішчалі на сонцы, выявіць так і не змог.
Пасланнік паціснуў плячыма. Аб густах не спрачаюцца. Калі першабытнікам падабаецца жыць у скрынях і любавацца на кавалак засмечанага гіпсу, гэта іх права. А ў высокашаноўнага Алгрра ёсць справы больш важныя.
Іншапланецянін змахнуў з мундзіра нябачныя парушынкі, а затым накіраваўся да безгустоўнага будынка, ля якога мітусіліся двое тубыльцаў. ВІННА-ГАРЭЛАЧНАЯ КРАМА.
Высокашаноўны Алгрр зверыўся з кішэнным аналізатарам, але прыбор упарта маўчаў. Сэнс дзіўнага словазлучэння быў яму невядомы.
Высокашаноўны Алгрр, падышоўшы да першабытнікаў ушчыльную, сказаў:
— Добры дзень, спадарства. Рады вітаць вас ад імя зорнай сістэмы Арглл. Я прыйшоў з мірам.
Пачатак быў урачыстым і велічным. Высокашаноўны Алгрр нават пакрыўся потам.
Аднак словы іншапланецяніна прывялі да нечаканага выніку. Адзін з абарыгенаў, які задраў да неба шкляны прыбор і назіраў за зоркамі (высокашаноўны Алгрр быў здзіўлены — як можна глядзець на зоркі днём?), раптам папярхнуўся, закашляўся. 3 рота тубыльца палілася брыдкая вадкасць, якая гідка смярдзела.
— Чуеш, Калян. Здаецца, у мяне глюкі. Балбатлівая яшчарка... — вымавіў абарыген, утаропіўшыся на пасланца зорнай садружнасці, які звінеў россыпам узнагарод.
— Так. I, падобна на тое, што ў мяне таксама, — адазваўся суразмоўца.
Высокашаноўны Алгрр, памятаючы настаўленні псіхолагаў, усміхнуўся.
Дарма.
Тубыльцы, убачыўшы два шэрагі роўных вострых клыкоў, рэзка адскочылі.
— Маці мая жанчына... дапіліся. Калян, трэба завязваць, а то мне ўжо яшчаркі з медалямі бачацца.
Другі абарыген кіўнуў.
— Спадары, дазвольце мне ўнесці яснасць, — ціха, як таго патрабавалі правілы этыкету, прамовіў высокашаноўны Алгрр. — Я не зусім яшчарка, як вы сказалі. Я — прадстаўнік роду Агрлл, які бярэ свой пачатак у глыбіні стагоддзяў.
На гэты раз браты па розуму адрэагавалі менш эмацыйна. Падхапіўшы «тэлескопы» (яшчэ некалькі штук стаялі на зямлі), тубыльцы апасліва наблізіліся да пасланца. Ткнулі бруднымі пальцамі ў беласнежны мундзір. Высокашаноўны Алгрр не супраціўляўся, хоць мундзіра было шкада.
— Не, Калян, гэта не глюкі. Натуральная яшчарка, я табе кажу. Толькі ў шмотках і з бразготкамі.
— Угу, — няпэўна прамычаў другі. Закінуўшы галаву, утаропіўся ў неба. Глядзеў доўга, выдаючы незразумелыя для тонкага слыху высокашаноўнага Алгрра гукі. Нарэшце адарваўся ад «прыбора».
«Што ж, давядзецца пачаць наноў», — падумаў высокашаноўны Алгрр. Ад хвалявання кончык хваста дрыжаў.
— Вітаю вас, браты па розуму! Вы мяне разумееце?
— Чаго равеш, мутант недароблены? Мы не глухія. Што за базар?
Аналізатар не спраўляўся, і аб значэнні некаторых фраз даводзілася толькі здагадвацца.
— Я прыляцеў з далёкіх зорак, каб прынесці вам Веды, далучыць да сусветнай Гармоніі, — пафасна пачаў высокашаноўны Алгрр. — Браты, вам выпаў вялікі шанц далучыцца да вялізнай сям'і разумных рас, дакрануцца да таямніц Сусвету, адчуць сябе сапраўднымі сябрамі зорнай садружнасці.
— Во залівае, — кракнуў абарыген. Прыклаўшыся да «тэлескопа», доўга не адрываўся.
Калі працэдура «назірання» была скончаная, высокашаноўны Алгрр працягнуў знаёміць тубыльцаў з кароткай гісторыяй Універсума. Ён гаварыў і гаварыў, пераадольваючы хваляванне і гонар ад усведамлення таго, што яму выпаў вялікі гонар далучэння новай расы да таямніц Сусвету.
Абарыгены слухалі ўважліва, час ад часу прыкладваючыся да «тэлескопа». Потым здарылася зусім дзіўнае — тубыльцы дасталі нейкія палачкі, сунулі іх у рот. Задымілі, выпускаючы белыя воблачкі праз сіняватыя насы.
Уражаны ўбачаным, высокашаноўны Алгрр змоўк. I толькі праз некалькі імгненняў знайшоў сілы працягнуць, імкнучыся не выкарыстоўваць надта складаныя для ўспрымання тэрміны.
Абарыгены слухалі слаба, аддаючы перавагу назіранню за небам. Высокашаноўны Алгрр нават пазайздросціў такой апантанасці астраноміяй.
Тубыльцы пачалі ажыўлена размаўляць між сабой. Высокашаноўны Алгрр тактоўна адышоў убок, стараючыся не прыслухоўвацца да гутаркі. Ён і сам быўузрушаны не менш, калі яму адкрылі вочы на Сусвет, дазволілі ткнуць ключом у дзверы, якія хавалі таямніцы Універсума.
Да слыху пасланца ўсё ж даносіліся асобныя словы, кінутыя першабытнікамі.
— Чуеш, Калян, давай возьмем яшчэ па адной... колькі ў цябе? I ў мяне яшчэ 350... тваю маць, не хапае... А калі ў яшчаркі?..
Зямляне павярнуліся да высокашаноўнага Алгрра.
— Чуеш, зялёны. Даўгані пару тысяч. 3 заробка аддамо.
Прышэлец запытаў аналізатар. У мясцовых ваўжыванні былі прымітыўныя сродкі аплаты, нейкія металічныя кружочкі і папяровыя прамавугольнікі. Высокашаноўны Алгрр задаў прыбору каманду, і праз некалькі секунд у руцэ пасланніка з'явіліся новенькія купюры.
— Гэтага хопіць?
Тубыльцы ў захапленні заківалі. Адзін з іх нясмела наблізіўся да высокашаноўнага Алгрра, узяў працягнутыя паперкі, пасля чаго імгненна знік, нібы яго здзьмула мінтойскім ураганам. Матэрыялізаваўся гэтак жа хутка, несучы ў руках некалькі «тэлескопаў».
Зямляне адкаркавалі апаратуру. Зноў выцягнулі дзіўная палачкі. Рукі абарыгенаў дрыжалі ўсё больш. «Ад хвалявання», — вырашыў высокашаноўны Алгрр.
Яшчэ праз некалькі хвілін тубыльцы ўжо не спраўляліся з усхваляванасцю. Яны хісталіся, штурхалі нагамі «тэлескопы», хацелі пачаставаць пасланца палачкай, якую называлі «цыгарэта». Высокашаноўны Алгрр тактоўна адмовіўся.
— Дык якім будзе вердыкт? — у рэшце рэшт пацікавіўся іншапланеця-