Рейтинговые книги
Читем онлайн Бэзавы попел - Ала Сямёнава

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 28

Так, справы... Найпершая мо i найлепшая справа — грызціся за сваё права быць самім сабой, а гэта немагчыма, на жаль, інакш як праз эгаістычнае сцвярджэнне сябе, i гэта зноў жа, не здзіўляйся, найбольш магчыма якраз у мастацтве — гуманным паводле мэт i выніку i эгаістычным паводле спосабу здзяйснення. Гогалі і Чэхавы разумелі гэта, плоцячы за такое разуменне дарагуго цану. Чэхаў, праўда, востра адчуваў гэтую цану во ўсім іншым, “кукарэкнуў” у другім — узяў ды жаніўся. Ма Па [Марыя Паўлаўна — сястра Чэхава], здаецца, не магла яму дараваць. Як адданы i па-жаночы разумны чалавек, яна ведала, што дабром тут не скончыцца — не скончылася, вядома.

З усяго гэтага вынікае, што нам варта калі-нікалі задумвацца, як казаў Прокша, „ці варта было жаніцца”.

Як табе падабаюцца мае развагі?

Гэта яшчэ толькі развагі пра „справы”, а справы, чакай, будуць. Ну, па парадку. В. я, здаецца, пісаў пра некалькі вершаў, якія даслаў у „Лім” — там, здаецца, абяцалі даць. Мусіць, пра гэта ён i ўспомніў. Пачакайце „ЛіМа”. З ix ты, ведаеш, здаецца, адзін той, які я апошнім часам даслаў табе. Іншае — я ўспомніў вершы старыя (яны валяюцца дома недзе) i так-сяк ix узнавіў — не ўсе, імі я не задаволены, але проста хацелася абазвацца неяк, а тваю падборку (заўваж, тваю) я не хацеў разбураць: паглядзім, што зробіць з ёю Вялюгін.

Чакайце „ЛіМа”.

Рэцэнзіі мае ніяк не робяцца. Адбіў усялякую ахвоту К., а можа, раззлуюся i напішу. Цьфу! Перасілю цябе. У „ЛіМе” таксама абяцаў не­шта пра Р., бо прасілі. Таксама цяжка будзе пісаць. I прасілі яшчэ ў мяне ўспаміны, сюды даслалі — Броўчыха i сястра Еўдакіі Лось. Напісаць можна было б, але час... Усе мае (амаль усе — бо не паверш) кволыя літздольнасці i скупыя вольныя хвіліны забіраеш ты — i я рады гэтаму, нягледзячы на тое, што Адэсай ты шкрабанула-такі (не назнарок?) мне па сэрцы. Але я цярплю, хоць адразу ўспомнілася i як ты хацела мяне сплавіць „пейзанцы”.

I гэта я так гавару пра справы!

Ну добра, будзем пра справы.

Вялюгіну паспрабую напісаць — толькі куды, у рэдакцыю?

Хатняга адрасу я не помню. Прышлі.

Вадзіму (Вадзім Браніслававіч Спрынчан — паэт, на тую пару рэдактар аддзела паэзіі выдавецтва „Мастацкая Аппаратура”) пра мяне напамінай. <... >

Івашчанка твой ліст атрымаў — задаволены Калі дазволіш, папрыспешваю яго. Наогул яму памажы.

Вось, слухай: хачу я, калі выберуся адсюль, уцячы у Масковію. Бачу, што фальварка ў нас не агораецца, застаецца нам адной перапіскай жыць i паважацца на адлегласці. Жаніцца там не буду, але, як Крупенька [Яўген Крупенька — паэт], у прымы мо дзе прыстану. Як ты думаеш, ці возьмуць?

Во што такое старасць!

Што табе напісаць яшчэ? Адчуваю, што я нешта сёння „перастарэкаўся”, як кажа Брыль. A пісаць стаў, як У., — ці адчуваеш? Я ўсё ж, як ні кажы, „в затворах”, а ён, У., ля афіцыянтак у Саюзе крэкча i аблізваецца, як памаўзлівы кот, з Bs. праблемы адзюльтэра сучаснага па дзве гадзіны ў дзень на праходках ранішніх i вячэрніх вырашае, дык хіба яму „перастарэкацца” можна — скажы? Гэта мне ўжо хутчэй даравальна, хоць, праўда, недаравальна, як У., пісаць.

Лепш ужо зусім не пісаць, што я i раблю — не без поспеху.

Спытай у акына Шаха [Шахавец Уладзімір Міхайлавіч — празаік, на тую пару загадчык рэдакцыі перавыданняў у выдавецтве „Мастац­кая літаратура”], з чаго (ці з каго?) яны мяне збіраюцца маляваць (для кніжкі, калі тое будзе). А то я сапраўды ім здымак адсюль прышлю: валасы нам 2 см дазваляюць, кляйма на ілбе няма, ноздры не вырваныя, а гольф я ў каго-небудзь, хто на волю будзе ісці, на 5 хвілін, каб сфатаграфавацца, пазычу.

А ты здагадвайся, да чаго я ўсё гэта вяду i на што „намякоўваю”.

Бывай. Міхась. 12.VI.82”.

Рэцэнзіі Міхась Лявонцьевіч так i не напісаў. Не перасільваў сябе, не высільваўся. Ахоўваў усё ж перш-наперш „права быць самім сабой”. A чэхаўскае „кукарэканне” згадвалася нездарма, вядома. Былі, мабыць, асабістыя падставы меркаванні тыя мець. Але хто ж з вялікіх так ці інакш не „кукарэкнуў”? І ці быў выключэннем Міхась Стральцоў? Але зноў жа, згадаю яшчэ раз — жонка ці каханка талента — гэ­та таксама талент. Некалі не чуць, не бачыць, не ўмець слова вымавіць. Некалі — чуць тое, што не было прамоўлена, бачыць тое, чаго не было, мовіць словы, калі вусны сцятыя крыўдай i няўладзіцай. У Міхася Стральцова таксама была свая чалавечая гісторыя, свае, так бы мовіць, „вытворныя множнасці”, свая непаўторнасць выпадкаў i фактаў. І зямны шлях ужо перакінуўся на другую палавіну — для Стральцова да крыўднага малую палавіну... Хаця ён разумеў гэта i не меў ахвоты разумець. Ён быў паэтам... Ён марыў пра Вялікае Каханне i не страціў надзеі на яго.

Вось i вясна. Которая. Якая?

Катораяу лесу запытай.

Якаяшто за морамі блукае?

Лепш не пытай, а лепш душой адтай.

Міхась Стральцоў верыў i не верыў, мабыць, у гэтыя вёсны. Кожным выпадкам любіў i адчуваў існасць існавання. Верыў у вялікую сілу Быцця.

Ускраіна абвалаклася дымам.

Гараць, гараць бадылле i лісцё.

Пад гэтым небам, сінім i любімым,

Не верыцца чамусьці ў небыццё.

Але гэта было пазней — а туг пакуль быў камуфляваны іроніяй адчай: „кляйма на ілбе няма”, „ноздры не вырваныя”... Таму i мае лісты на тую пару важылі нашмат больш ix рэальнай чалавечай каштоўнасці. Ён прайшоў праз страшэннае прыніжэнне i, здаецца, захаваў відавочную ці пакрыёмую крыўду за яго. Але — ці вярнуўся б ён да ўнармаванага жыцця, каб не Мазыр? Не ведаю. І не кідаю камень абвінавачвання тым, хто спрыяў ягонай „ссылцы”. Быць з ім побач, калі ён раскалыхваўся адчайна на арэлях жыцця: узлёт — бездань, было, мабыць, вельмі няпроста. Хаця — я асабіста не змагла б даць такой рызыкі: здаецца, усё гэта было зроблена прымусова i не самым далікатным чынам. Маю на ўвазе выпраўленне ў Мазыр.

Так ці інакш i гэта адбылося. І Стральцоў лічыў дні ў сваёй высылцы.

„Паклічу мару...”

„Добры вечар, — кажу гэты раз i гляджу ў акно, за якім i сапраўды вечарэе, але на Захадзе ні барваў, ні бліскавак, хоць па-навальнічнаму пахмурна i ветравана [у лісце так]. Зеляніна нейкага вайскова-адчужанага, без тонаў, колеру, бо замгліла неба, a ці надоўга, не ведаю.

Учора атрымаў тваё пісьмо, адпісаў, нават заклеіў, i вось яно ляжыць на стале, як не маё ўжо, без маёй улады на яго, якраз такое, якім прачытаеш яго, якім яно табе падасца. А якім, не ведаю. Рэчы, мусіць, таксама ведаюць адчужэнне, як i праніклівасць, можа, сваю. Я, напрыклад, рэдка бываю ў згодзе з імі, i яны, мусіць, адчуваюць гэта, бо ніколі не затрымліваюцца ў мяне, як бы баяцца нейкай неўладкаванасці самога гаспадара — мо, найперш, душэўнай.

Дык вось, пісьмо табе ляжыць неадпраўленае i будзе ляжаць аж да панядзелка, прыйдзе разам з гэтым, а мо i не — на тое ёсць свае паштовыя дзівосы.

Значыцца, так. Надвор'е, мяркую, i ў вас сапсавалася, i ты, мусіць, так i не здзейсніла мой наказ павандраваць па крэсах нашага раёна з „французской книжкою в руках” а la belle Таццяна, намаркоціцца ля возера ў часы, калі там мала ўжо вульгарных купальшчыц i купальшчыкаў, але яшчэ i не затаіўся ў прыбрэжных хмызах сумназадумліва Пан, каб высочваць нетутэйшых наяд, — не пагражае табе, хіба сустрэча з маім імгненна-прывідным ценем над той вадой: ён нагадвае табе, можа, лермантаўскія радкі, якія згадваў я некалі над тым, з дазволу сказаць, возерам. Вось такія радкі:

Окончен труд дневных забот.

Я часто о тебе мечтаю.

Бродя вблизи пустынных вод,

Вечерним выстрелам внимаю.

И между тем, как чередой

Глушит волнами их седыми,

Я плачу, я томим тоской,

Я умереть желаю с ними.

Кажется, так. A ўспаміналіся мне там, можа, „иные берега, иные волны”. А цяпер я хачу бачыць цябе менавіта на нейкіх здратаваных берагах нейкага менскага возера, — i крый Божа, не ў Палангах i не ў Адэсах шумных! Крый Божа!

Ці не эгаізм гэта? I па праву якому, га?

Як бы там ні было, пасылаю табе трохі „божых слёзак”. А наогул жа, няхай анёлы з табой гуляюць, а ты, калі хочаш, узносся з імі на неба — ненадоўга, праўда, бо ў мяне забаляць вочы глядзець на анёльскае гэта відовішча.

Бывай. Пішы. Жыць асабліва не спяшайся. A маркоціцца — тым болей.

Міхась.

12.06.82”.

Ён умеў быць высакародна-шчодрым — Міхась Стральцоў. Мог высокай думкай сваёй узнесці на „небясі”, надаць шчымліва-чыстую кампанію, кінуць крылцы-пасачкі — не шкада. Хай, маўляў, пацешыцца: я толькі-толькі знялася з трохмесяцовай бюлетэневай котвіцы, ён гэта ведаў. I неяк знаходзіў — там! — i добрыя словы, i „божыя слёзкі”. Крыху сентыментальна? Магчыма. Але — ведаючы ягоны эгацэнтрызм, не як норму паводзін, а як засяроджанасць творцы i імкненне да абароны таго самага „права быць самім сабой”, тым больш духоўным дарункам мелася лічыць ягоны мякка-іранічны клопат. Л па-чалавечы — разумела, што яму лацвей ведаць, што i яшчэ нехта не гойсае па якіх прывабных i далёкіх мясцінах, a сціпла трымаецца блізкіх ваколіц. Яму i тыя ваколіцы былі краем абетаваным. Ці не таму ён так падрабязна ў згаданым ужо пісьме ў Каралішчавічы апісвае маршруты падарожжаў, што яму здаюцца такімі зваблівымі, i ці не таму сочыць сцежкі, па якіх ён нязмушана i звыкла столькі папахадзіў, а зараз тыя пуцявіны далёкія, нібыта якія шляхі на Марсы. Ці не таму, як цярплівы настаўнік, перапытваў: „Я табе паказваў хадзіць там i там — ці ходзіш?” (Ліст ад, 17.VI.82). Я бывала ў тых мясцінах, дарэчы, было халаднавата, то там амаль нікога не было — любата. Пра што i згадвала Міхасю, а тым часам вельмі ж асцерагала ад Масковіі. Перш-наперш — не ўяўляла яго сабе там. Што яму рабіць у тамтэйшых мясцінах? Беларускаму пісьменніку? Усё ж — свая зямля, то яна свая. Ці трэба яе самахоць кідаць? Ды i неяк больш сутыкалася ў жыцці з агрэсіўна актыўнымі сталічнымі дамамі. I ўвогуле маёй местачковай, схільнай да splendid isolation натуры, маскоўская мітусня была чужой, a камільфо, што неслі на сабе „особый отпечаток”, сустракаліся мне толькі зрэдзьчасу. Пра тое неяк i распявала я Міхасю Лявонцьевічу.

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 28
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Бэзавы попел - Ала Сямёнава бесплатно.
Похожие на Бэзавы попел - Ала Сямёнава книги

Оставить комментарий