Том глянуў у бок сваёй палаткi i ўбачыў мацi - ледзь рухаючыся ад стомы, яна распальвала невялiкае вогнiшча i ставiла на агонь кацялкi. Кола дзяцей падступiла блiжэй, i спакойныя, шырока расплюшчаныя дзiцячыя вочы сачылi за кожным рухам яе рук. Зусiм састарэлы згорблены дзядок выпаўз, як барсук, з адной палаткi i пайшоў да iх, на хаду прынюхваючыся да пахаў. Закiнуўшы рукi за спiну, ён стаў разам з дзецьмi назiраць, што робiць мацi. Руцi з Уiнфiлдам не адыходзiлi ад мацi, ваяўнiча пазiраючы на чужакоў.
Том рашуча сказаў:
- Персiкi трэба адразу абiраць, так? Як толькi паспеюць?
- Ну вядома.
- А што, калi ўсiм згаварыцца i заявiць: "Няхай гнiюць"? Тады яны, як мiленькiя, плату адразу павысяць!
Малады чалавек адарваў вочы ад клапанаў i з'едлiва глянуў на Тома.
- Нiчога не скажаш, прыдумаў! Сваiм розумам дайшоў?
- Я зусiм выматаўся, - адказаў Том. - Усю ноч за рулём сядзеў. Не хочацца ўцягвацца ў спрэчку. Так стамiўся, што ад любой дробязi магу ўскiпець. Ты лепш не задзiрайся. Адказвай, калi ў цябе пытаюцца.
Малады чалавек шырока ўсмiхнуўся:
- Ды я проста так. Ты толькi што прыехаў. А людзi тут ужо ўсё зразумелi. I тыя, у каго персiкавыя сады, таксама ўсё разумеюць. Вось паслухай: каб з'яднацца, важак патрэбен, без яго нiяк нельга - нехта ж павiнен гаварыць i тлумачыць. А варта яму толькi рот раскрыць, яго зараз жа хоп! - i за краты. А вынырне хто другi, яны i яго раз! - i за краты.
Том сказаў:
- Што ж, арыштанта, прынамсi, хоць кормяць.
- А дзяцей яго - не. Табе б так падабалася - ты сядзiш сабе ў турме, а дзецi твае з голаду памiраюць?
- Во-о як, - працягнуў Том. - Во-о як...
- I яшчэ адно. Пра чорныя спiсы ты чуў?
- I што гэта такое?
- А вось палезь у пастку - заiкнiся толькi наконт таго, каб усiм дзейнiчаць заадно, адразу пазнаеш. З цябе зробяць здымак i разашлюць ва ўсе канцы. Тады ўжо работы нiдзе не знойдзеш. А калi ў цябе яшчэ i дзецi ёсць...
Том зняў з галавы кепку i пачаў камечыць яе ў руках.
- Хм... значыць, што падвернецца, тое i бяры або здыхай з голаду. А пасмееш хоць пiкнуць - здохнеш як пiць даць.
Малады чалавек абвёў рукою шырокi круг, паказваючы на падраныя палаткi i пабiтыя ржой аўтамашыны.
Том зноў глянуў на мацi - цяпер яна абiрала бульбу. Дзецi падступiлi да яе яшчэ блiжэй. Ён сказаў:
- Не, я на такое не згодзен. Мы, каб на iх чэрцi, не авечкi. Вось вазьму i дух выб'ю з каго-небудзь.
- Можа, з палiсмена?
- Ды хоць з каго.
- Ты чокнуты, - сказаў малады чалавек. - З табой умомант расправяцца. Нi iмя ў цябе няма, нi маёмасцi нiякай. Знойдуць цябе ў канаве, калi ўжо кроў на твары запячэцца. А ў газеце надрукуюць толькi адзiн маленькi радочак - ведаеш якi? "Знойдзены труп бадзягi".
Том сказаў:
- Каля гэтага бадзягi яшчэ аднаго мерцвяка знойдуць.
- Ты чокнуты, - паўтарыў малады чалавек. - I што ты гэтым дакажаш?
- Ну, а ты што наважыў? - Том паглядзеў на вымазаны тавотам твар; вочы ў маладога чалавека быццам туманам завалакло.
- Нiчога. Вы адкуль?
- Мы? З-пад Салiса, Аклахома.
- Нядаўна прыехалi?
- Толькi сёння.
- I доўга тут думаеце заставацца?
- Хто ведае. Дзе знойдзем працу, так i асядзем. А што?
- А нiчога, - адказаў малады чалавек, i вочы ў яго зноў затуманiлiся.
- Пайду пасплю, - сказаў Том. - Заўтра зрання паедзем работу шукаць.
- Што ж, паспрабуйце.
Том павярнуўся i пакрочыў да сваёй палаткi.
Малады чалавек узяў бляшанку з наждачнай маззю для прыцiркi клапанаў i запусцiў у яе палец.
- Гэй! - раптам крыкнуў ён услед Тому. Той азiрнуўся.
- Што табе?
- Хачу нешта сказаць. - Малады чалавек паманiў Тома пальцам, вымазаным маззю. - Проста хачу табе нешта сказаць. Ты не лезь на ражон. Памятаеш таго ачмурэлага?
- З той вунь халупкi?
- Ага... прыдуркаваты такi... нiчога не цямiць.
- Ну i што?
- Калi сюды заявяцца палiсмены, а яны часцяком да нас наведваюцца, i ты такiм прыкiнься. Маўчы - нiчога не ведаеш, нiчога не разумееш. Палiсмены толькi такiх нас i церпяць. I рукам волi не давай - гэта проста самагубства. Зрабi выгляд, што ты ачмурэў ад страху.
- Дык што - няхай палiсмен што хоча, тое i робiць з табой, а ты маўчы?
- Ды не, што ты. Я зазiрну да цябе вечарком. Можа, i не след мне гэтага рабiць. Паўсюль шпiкi. Я iду на рызыку, у мяне ж малое дзiця. Але ўсё роўна зайду. А ты, калi ўбачыш палiсмена, прыкiнься дурнем, гэткiм Окi, зразумеў?
- Што ж, гэта можна, калi справу рабiць, - адказаў Том.
- Ты не хвалюйся. Мы без справы не сядзiм, толькi на вочы не лезем. Дзiцяцi многа не трэба - два-тры днi пагаладае, i канец. - Ён зноў узяўся за працу, змазаў гняздо клапана, узяў корбу, i рука яго шпарка захадзiла ўзад i ўперад. Пагляд у яго зрабiўся нейкi тупы, бяздумны.
Том няспешна пабрыў да сваёй палаткi.
- Ачмурэлы... - цiха прамовiў ён.
Бацька i дзядзька Джон падышлi да палаткi, несучы бярэмi сухога голля, скiнулi яго каля вогнiшча i прыселi на кукiшкi.
- Тут блiзка ўсё падабралi, - сказаў бацька. - Давялося далёка iсцi. - Ён зiрнуў на дзяцей, што абкружылi вогнiшча i лупiлi на яго вочы. - Божа лiтасцiвы! - усклiкнуў ён. - Адкуль вас столькi набегла? - I дзецi збянтэжана апусцiлi вочы долу.
- Пэўна, пачулi пах ежы, - сказала мацi. - Уiнфiлд, не круцiся пад нагамi. - Яна адштурхнула хлопчыка. - Думаю стушыць трохi мяса. Гарачага мы з самага ад'езду не елi. Бацька, схадзi ты ў краму, вазьмi каркавiны. Я патушу яе, пальчыкi аблiжаце. - Бацька падняўся з кукiшак i пайшоў.
Эл адкiнуў капот грузавiка i пачаў разглядаць запэцканы змазкай рухавiк. Пачуўшы за спiнай крокi Тома, падняў галаву.
- У цябе такi бесклапотны выгляд, як у птушкi, - сказаў Эл.
- Я проста скачу ад радасцi, як жаба ў вясновы дожджык, - адказаў Том.
- Глянь на матор, - Эл паказаў пальцам пад капот. - Здорава, га?
Том зазiрнуў усярэдзiну.
- Ага, як быццам нiчога.
- Нiчога? А па-мойму, цудоўна. Масла зусiм не прапускае. Усё добра прыцёрта. - Ён выкруцiў свечку i засунуў у адтулiну палец. - Нагар крыху ёсць, але сухая.
Том сказаў:
- Што ж, малайчына, правiльна выбраў. Ты гэта хочаш ад мяне пачуць?
- Я ўсю дарогу баяўся: вось зараз рассыплецца ўсё, а вiнаваты буду я.
- Не, ты правiльна выбраў. А зараз правер усё як след, бо заўтра зранку паедзем працу шукаць.
- Яна яшчэ як пакоцiць, - сказаў Эл. - Можаш не баяцца. - Ён выняў з кiшэнi ножык i пачаў ачышчаць электроды на свечцы.
Том завярнуў за палатку i ўбачыў Кейсi. Ён сядзеў на зямлi, засяроджана разглядаючы правую ступню босай нагi. Том цяжка апусцiўся на зямлю каля яго.
- Ну як, працуе?
- Што? - не зразумеў Кейсi.
- Нага твая.
- Ага... Гэта я проста так. Сяджу i думаю.
- Ты, пэўна, толькi ў такой зручнай позе i можаш думаць, - сказаў Том.
Кейсi паварушыў пальцамi нагi - вялiкi палец угору, суседнi ўнiз - i спакойна ўсмiхнуўся.
- Думаць заўсёды нялёгка, як нi выкручвайся - хоць крукам.
- Даўно ўжо не чуў я твайго голасу, - сказаў Том. - Усё думаеш, думаеш?
- Ага, думаю.
Том зняў з галавы сваю баваўняную кепку, цяпер ужо брудную, заношаную, са зламаным пасярэдзiне брылём, адагнуў адварот i выняў доўгую вузкую пракладку з газетнай паперы.
- Збеглася ад поту, цеснаватая стала, - сказаў ён i паглядзеў на голыя пальцы, якiмi не пераставаў варушыць Кейсi. - Можа, ты адарвешся на хвiлiнку ад сваiх думак i паслухаеш, што я скажу?
Кейсi павярнуў да яго галаву на доўгай, як сцябло, шыi.
- Я ўвесь час слухаю. Таму i задумваюся. Паслухаю, што людзi кажуць, i пачынаю разумець, што яны адчуваюць. Я iх увесь час чую, я адчуваю iх; людзi б'юць крыламi, як птушка, што заляцела на гарышча. Скончыцца тым, што паламаюць яны крылы аб пыльныя шыбiны, а на волю так i не вырвуцца.
Том доўга пазiраў на яго шырока расплюшчанымi вачамi, тады адвярнуўся i глянуў на шэрую палатку за дваццаць футаў ад iх. На яе адцяжках сушылiся памытыя штаны, кашулi i сукенкi. Том цiха сказаў:
- Пра гэта я i хацеў з табой пагаварыць. А ты, аказваецца, сам усё бачыш.
- Бачу, - пацвердзiў Кейсi. - Такiх, як мы, цэлая армiя, а аброцi на ёй няма. - Ён апусцiў галаву i паволi правёў па лбе i па валасах рукою. - Я ўсюды гэта бачыў. Усюды, дзе мы нi спынялiся. Людзi згаладалiся, мараць пра кавалак мяса, а як дарвуцца да яго, наесцiся не могуць. А калi ўжо дарэшты згаладаюцца, так згаладаюцца, што ўжо сiлы няма трываць, тады просяць мяне памалiцца. I, бывае, я малюся. - Ён сашчапiў рукi вакол паднятых каленяў i блiжэй падцягнуў ногi. - Раней я думаў, што малiтва памагае. Прачытаеш малiтву - i ўсе нягоды налiпнуць на яе, як мухi на паперу-лiпучку, а малiтва адляцiць i ўсё панясе з сабой. Але цяпер ужо не так.
Том сказаў:
- Малiтва мяса нiколi не давала. На гэта свiння патрэбна.
- Правiльна. I гасподзь усемагутны за працу таксама не плацiць. Усе гэтыя людзi хочуць жыць прыстойна, дзяцей хочуць выгадаваць добрымi людзьмi. А на старасцi год iм хочацца пасядзець на ганку i паглядзець, як сонца заходзiць. А маладым - патанцаваць, паспяваць i злюбiцца адно з адным. Усiм хочацца пад'есцi, калi-нiкалi выпiць i працаваць. Так, так - задаць такую работу мускулам, каб адчуць прыемную стому. Госпадзi! Нашто я ўсё гэта гавару?