5.Х.
Чытаю перапіску Шоу з Кемпбел. Як Шоу піша пра смерць і крэмацыю сваёй маці: драматург, а не сын. Як выказвае спачуванне, калі ў яе загінуў сын.
Перапіскі людзей, як і ўсё жыццё, цікавей і складаней за самыя выдатныя раманы.
17.Х.
Гутарка Бярозкіна з N.
3 жыцця робіце карціну (Урубеля). Гэта сама мова зарыфмавала: насенне-сумненне. «Як кветка з дрэнным пахам» — вам не падабаецца дзяўчына, пакіньце яе ў спакоі. Нашто вам капацца ў чужой душы;
Кожны наш капрыз, кожную... на п’едэстал. «Прыгожая, гарманічная, як статуя» — але статуя холад. Што вы нашы недахопы прыпісваеце боскаму свету? «Мароз-распуснік...» I — усе штампы грамадзянскай лірыкі. Усё трэба зрабіць да верша і пісаць потым у нейчай чалавечай норме...»
Мітусня з кааператывам. Мана Клаза. Нарэшце — развязка.
Запіс, пісьмо, нататка — усё патрабуе падрыхтоўкі і засяроджанасці.
2.XI.
Юбілеі, святы, урачыстасці... Ці грэюць яны хоць каго. Калі б грэлі!
А ўвогуле — у жыцці маім мала грамадскага сюжэту (ну, К., ну, пэўнае апірышча на праўду — але не было вялікай рызыкі). Чаму? Разлік? Асцярожнасць?..Вельмі страшнае: калі нашы пачуцці разыходзяцца з «лініяй», то не хочуць верыць нашым пачуццям, нават апаганьваюць іх.
Кітайскія балбатушкі: «разгромим решительно, окончательно, начисто и полностью».
Кіно наша слабое і нашмат слабей літаратуры. Столькі бачыў нашых хвалёных фільмаў, а ўсяго толькі і засталося — «Летят журавли», «Баллада о солдате». Можа, яшчэ што.
15. XI.
Дурнотны, цяжкі дзень. Доўгая, заядлая гаворка з Н. I. Шэўчыкам, які ўпарта даводзіць, што «Тартак» — жахлівая моўная з’ява. Прытым — праваты ў яго няма, здаецца, ні ў адным нюансе спрэчкі.
16. XI.
Дзень без справы. Субота, нудота. А на вуліцы — добра марозна, свежа. Калі не мне, то многім дае бадзёрасць і сілу гэта роўнае сонечнае свячэнне, ціхі настой марозу, цвёрды наст і гулкі лёд, рассыпаныя дымы і лёгкае, тугое паветра, адгалоскі свабоднага і чыстага, бесклапотнага жыцця — вераб’і і дзеці.
Ш. гэтымі днямі расказваў мне пра адзін свой сон напярэдадні арышту: прыляцела восем птушак — не птушак, птушыных шкілетаў. (8 гадоў.)
17. ХІ.
Сёння з мамай — у бабкі Пад’ельскай. Трапілі на гарэлку (сышліся бабульчыны дочкі). Адна — белатварая, рухавая, паўнаватая, мажная; мужа няма, сын памёр. Яе вострая і спрытная гамана. Мама злавіла кірунак яе клопатаў, і пілі за тое, каб «нікому бяды не прынесці, але і ад свайго шчасця не адмовіцца». Гаварылі пра п'яніц.
Маці В. таксама хітраватая, але ўжо зусім па-свойму. Манера — чарка пасля ўсіх.
Яшчэ жанчына — «мне водка на карысць, але па глыточак, дробненька; есці не магу, але п'ю».
Мама мусіла з імі піць разы чатыры, памалу змяншаючы дозу.
31.XI.
Пленум Саюза 30—31. Даклад Брыля, які надоўга запомніцца. Палёт касманаўта Берагавога Георгія Цімафеевіча. Куляшову і Танку — народнага паэта.
Л. Царанкоў. «Слова міма не ляціць» («Полымя», 10, 1968).
Мароз сем баб вёз, на восьмай сам ехаў.
На свой хвост не брашы.
Не з тваімі лыткамі ў крапіву лезці.
Неспадзеўкі дзіця ў дзеўкі.
Пагрэўся, як у крапіве.
Памяняў плеш на лысіну.
П’яны і слуп будзе цалавадь.
Сабакам ён быў заўсёды, але забрахаў толькі цяпер.
Сіраце і ў раю самотна.
Чакай зімою зязюлю.
Чужая жонка мёдам мазаная, а свая — смалой.
3 кнігі Дамашэвіча «Абуджэнне».
Занягнулася бросняю (дзірка ў бярозе); мінулае прасілася на язык; усе вы халасцякі каля чужой спадніцы; прасунешся па жыцці, прамінеш шмат добрага; дарогі назад жыццё яшчэ не прыдумала.
Янкоўскі. «Роднае слова».
Званіць языком; язык па-за вушшу ходзіць; ездзіць бачком: чортам падшыты; розум прыходзе на шкодзе; адносячы пірагі...
Раман Сабаленка.
Не адзержаліся там; мянушка прыкіпела; устабурчаны казырок; ашчаперыла; мацунак; паглядны хлопец; запраторылі; чырвоны, як альховы карэц; перадасенняя суцішнасць, ушыўся ў гурт, у вачах — слупы; гаварылі пошапкам; ніякай правінкі няма...
8.Х II.
У саюзе вечар Віткі, Загнетавай. Як Данута чытала, якое было сцішанае, ласкавае, шчырае пачуццё, як слухала, прымала зала. Потым яна сядзела, нешта перагаворвалася, некуды ўзіралася, а ўся сутнасць, увесь сэнс вечара былі, здаецца, у ёй.
21.XII.
Субота. Масква.
Пас. Дзяржынскае каля Люберцаў, дзе былі і хлеб-соль, і прывітанні, і плакат, і некалькі мілых, шчырых, прыгожых людзей.
Дзяўчынка, што давала хлеб-соль — прыгажуня, уся абаяльнасць, свежасць і прастата яе ўжо не згубяцца ў памяці. Захацела б — забрала б усяго адразу. Але і хлопец, што быў з ёю, — таксама рэдкі па роўнай і чыстай ветлівасці, нейкім унутраным высакародстве. Тры мінуты з ім былі вартыя доўгага знаёмства.
Касмічны карабель «Апалон-8» пераведзены на траекторыю месяца.
25.Х1І.
А. Вярцінскі. «Савецкая ўлада». Трыпціх:
...Вы знайце: могуць трапіць у Савет свае тыранчыкі, макіявельчыкі свае і талейранчыкі.
I будуць, як заўсёды, як калісь,— што ім Саветы! —
пра сілу сваю думаць, пра карысць, пра свае мэты.
Савецкая — ад слова Савет.
Ад слоў —
парада, парада, рада. «3 кожным раіцца як след!» — такі быў ленінскі запавет.
Ты помніш яго, Савецкая ўлада?
3 тымі, хто да сутнасці дабіраецца,
Асабліва трэба раіцца.
Вера Полторан. «Моя застольная» («Правда», 27 дек. 68 г.):
«Я смотрю на них всех — и народных певцов, и народных артистов, — и мне начинает казаться, будто здесь обнажился в разрезе лучший слой сегодняшней белорусской культуры: вот — исток, вот — вершина, и между ними — кровная связь.
Подает свой голос известная белорусская веселуха и печальница — дудка. И звук ее, и напев — как дыхание времени: в них собрано в одно великое средоточие то, что было, есть и будет, что жило и будет жить в памяти, в душе, жечь в крови людей, вскормленных родимой землей белорусской.
Касары кося-аць,
Венер павява-ае...
Шаўкова трава-а
На косу наляга-ае.
...И вот уже нет ни шумного зала, залитого ярким светом, ни высоких стен с зеркалами, — перед глазами мир, где текут такие реки, шепчутся с ветром могучие пущи, где люди сеют хлеб и песни и где черпает красоту и мудрость душа, взмывая в небо вдохновения...»
Дануце Б.-З. Пішу, бо не напісаць не магу. Хочацца неяк сказаць Вам, што даўно захоплены Вамі, Вашай шчырай і чыстай паэзіяй. Не адважваўся пераводзіць гэта захапленне ў словы, ды ўсяго, чым поўніцца душа, ні ў якія пісьмы не ўвесці.
Адзін за адным прапускаў повады, калі, здавалася, «можна» было напісаць.
Вашы вершы жылі і разгортваліся ў душы і давалі радасць. Нарэшце гэта перамагло няёмкасць і сорам. Яшчэ і старагрэчаскія словы: наверно, твое чувство дурно, если ты боишься сказать о нем.
Вечар, калі ўпершыню слухаў Вас (гаварыць пра гэты вечар не стану, бо ён — цэлая асобная кніга ў душы), Ваша чьістае святло і абаяльная жаноцкасць.
Люблю і шаную Вашы вершы. Сярод многіх кніг, у якіх загнездавалася надоўга і надзейна мая душа, Вашы кнігі мне па-асабліваму дарагія — сваёй крынічнасцю і няшумнай гаворкай-гаманою пра тое, без чаго душа не бывае душою.
Не стану гаварыць, якою душэўнай роднасцю шчымяць і трывожаць тыя вершы, дзе Вашы словы маюць як адзін адрас: «А ты ўсё думаеш, што я такая ж, што я вясновая твая дзяўчынка». Каб мог, я не дазволіў бы нашай натужнай крытыцы з яе сілагізмамі-пропісамі і блізка падыходзіць да такіх вершаў.
Калі шукаю ўзлёту і бадзёрасці, радасна бывае прачытаць Вашы вершы. Яны заўсёды даюць душы нейкі асаблівы стан мяккас-ці, даверу, прыязнасці, асвятляюць шчодрым, як дзяцінства, сонцам. Колькі разоў, дзякуючы Вам, пабыў я сёлета, пасля ўсялякай мітусні і тлуму, у роднай хаце, прычасціўся да блізкага і дарагога спеву і простага вясковага шчасця — з птушкамі, кветкамі, дрэвамі, матчынай ласкай і дзявочай усмешкай. Так лёгка і прыемна дыхаецца ў воблаку не засмечанай мітуснёй і банальнасцю Вашай душэўнасці.
Верыш у аўтара, як у чалавека, якому і па-за вершамі блізкае тваё чытацкае хваляванне.
Дзякуй Вам, што ўсё наша роднае ўзята Вамі ў душу і асвечана ёю. Ад Вашых вершаў неаднойчы поўнішся шчасцем, што ёсць яшчэ тут, каля нас, з намі і ў нас — буслянкі, росныя сцежкі, баравыя сасонкі, веснавая рунь, сцябліны на градах і чыстая беларускай мова, з якою вырастаюць і жывуць такія прыгожыя людзі.
Разумею, што любыя мае словы будуць далёкія ад чысціні і святасці Вашай паэзіі. Мне заўсёды чуцен Ваш голас, запаветна-блізкі, як пошум дрэўца, што колісь расло ля акна.
Каму дудка паслушна,
Ды іграе спеўна,
То й душа дабрадушна I шчырая, пэўна...
Каханне, лёс, родная зямля з яе мацярынскімі і доччынымі пачуццямі, пошук і адкрыццё душэўнай гармони — гэты Ваш свет шчодра дадае мне свайго багацця.
Дзякуй і дзякуй.
Хай чытачы ніколі не перагортваюць Вашы кнігі няуважліва і абыякава.
29. XII.
50-годдзе БССР і КПБ.
Учора сумеснае пасяджэнне Вярх. Савета і ЦК у Палацы спорту. Уступнае слова Машэрава — па-беларуску, а потым — усё па-руску. Шэлег сказаў па-беларуску адну фразу.