Адным словам, мне прыемна мець «Мелодыю святла» з аўтарскім надпісам. Канечне, калі б я пісаў артыкул ці рэцэнзію, то нямала, мабыць, з Вамі і спрачаўся, але гэта — калі б артыкул. Да таго ненапісанага пакуль артыкула хачу толькі дадаць: любыя мае друкавана-недрукаваныя меркаванні — чыста чытацкае, і ёсць вялікая доля нахабнасці ў кожнага, хто сам не мае здольнасці да боцскае справы вершапісання, а свае празаічныя меркаванні гэтак упэўнена адрасуе паэту ці грамадскасці. Але будзем строгімі да паэтаў (ім болей дадзена) і даруем сёе-тое нам, чытачам і саматужным крытыкам, праўда?
23.10.
I пасланы мне гэты стогн з неба — яно такое чыстае, сонца добра сасвятлілася з жоўтым. Пэўна, зараз усюды свежа і хораша — зямля сухая, ціхая, дрэвы яшчэ з сякім-такім лістам. I калі выйсці ў поле — можна шырока развінуць думку, злучыцца з далеччу, паверыць у сябе і адчуць нешта творча-магчымае ў сваім душэўным бязладдзі.
Н. Асеев:
Уголь приближается к алмазу не одну,
а много сотен лет,
так народом медленно,
не сразу выдается на-гора поэт.
Марцін Коўзкі: — Не крыўдна, калі абганяюць, крыўдна, калі абыходзяць.
Рыгор Бохан: Зубы ў крытыкаў прарэзваюцца марудна, куды лягчэй вырастаюць крылы ў Пегасаў.
«Благородство окрыляет, подлость ползет и жалит».
21.11.
Сустрэча з Шуркам Бабуркам. Якая далеч ужо да школы і школьнага...
Вечар Алеся Разанава ў Палацы мастацтваў. Алег Лойка і я — у ролі крытыкаў. Апалагетычная аўдыторыя. Як звычайна, ніхто не слухае апанента. «Мяне, напрыклад, вучылі, што ў вершы не ўсё можна зразумець адразу, што трэба разумець умоўнасць, што годзе мерыць паэзію Твардоўскім («мерылі Куляшова, мерыце Разанава»)». Замест масй спрэчкі з Лойкам (так меркавалася) мы, як атрымалася, з’ядналіся, аўдыторыя (тон задавалі маладыя мастакі) — супраць нас.
Адзін хлопец, студэнт з філфака:
«Я — максімаліст. На свеце 20 мільёнаў людзей памірае з голаду, ідуць знішчальныя войны, а гэта — сытая паэзія». Дасталося ж яму!
Між іншым, устае Ала Сямёнава і ўключаецца ў палеміку: «Я проста чытачка і выпадкова сюды трапіла»...
А ў «проста чытачкі» на падыходзе кніжка, рэдактарская пасада...
На наступны дзень, 12 лістапада, лекцыя ў спартыўнай школе «Понимайте стихи, как они понимать вас умеют...». Поспех, наваг нейкі вынік.
Размовы з Р. С. Бярозкіным у Бараўлянах пра кнігі, якія не вытрымалі выпрабаванне вайной; пра кнігу Яскевіча, нямецкіх паэтаў, рознае блізкае і далёкае.
Адзін за другім лісты ад Маі Львовіч, просьба выслаць рэкамендацыю («пазваніце Брылю...»).
Штосьці важнае чамусьці не ўпісваецца ў блакнот, як быццам назаўсёды запомніцца.
Пры ўсіх збродных думках, што нараджаюцца і ў мяне, — абсалютная немагчымасць блуду: страты маральныя, духоўныя былі б надзвычайныя.
Мама, як заўсёды, аддадзена людзям... бясконцасць не ўзмоцненых воляй думак і намераў.
Цікавае кастрычніцкае віншаванне з Адэсы — з боскім бласлаўленнем.
I ўсё ж, як сочыш за сабою, не ўдаецца быць вышэй амбіцый і дробнага. Клышка мне гаварыў у Ленінцы: «...падумаеш, калі некага не ўспомніў. Ну і што?» Я спрачаўся: гэта (калі б успомніў) і гуманна, і... г. д., але ж пры гэтым не трэба губляць прынцыповасць, шчырасць.
12.12.
У суботу хадзіў па лесе на «Усходзе» і думаў ліст Бураўкіну — аб драматызме крытыкі, аб крыўдзе паэтаў, аб годнасці, абавязку, сумленні... Пасля перадумаў: крыўдзіцца трэба не за сябе, а за другіх. А ўсё ж, мусіць, трэба. Так, трэба.
К-й. Знянацку адгукнуўшыся, Вы зноў зніклі ў нейкіх снягах мінулага, а жыццё пабегла і паімчалася скрозь сцяну будзённага і бяссоння. Апошняе, што я ад Вас чуў, было трывожна-няладным. Часам жыццё ўпарта не хоча, каб светлыя людзі былі абсалютна шчаслівымі. Вы застал іся ў мяне ў сэрцы і ў памяці як чалавек светлы, цудоўны і дастойны жыццёвай удачы і шчасця.
Свежа і рэзка мятуць завірухі, набягае цыклонамі бяссонне... А свет не тускнее — яшчэ больш рэзка і балюча адгукаецца душа на ўсё прыгожае і добрае і не хоча задавальняцца малым...
1978
13.1.
Год спеху. Хутчэй, хутчэй! Адно на другое. Усё яшчэ трымае артыкул «Паэзія і вершы ў рыфму», а шчыльная праграма ўсяго іншага ўжо не дае дыхнуць. Ліст у «Лит. обозрение», ліст ад Л. Б., ліст Шушкевіча, ліст Маі Львовіч..
4—10.2.
У суботу, чацвёртага, я лістаў Куляшова, на стале - свежы «Голас Радзімы» з маім матэрыялам, размовай з А. А. Званок. Адказваю на жартаўліва-бадзёрай ноце. Мікола Гіль пытаецца: «Ведаеш ужо ці не?» Я яшчэ цягну сваё, а ён: «Значыць, не ведаеш. Памёр Куляшоў...»
Усё астатняе адпадае з гэтых дзён.
Твардоўскі Ісакоўскаму. У паэта няма ўзросту, сапраўдны паэт — равеснік усім пакаленням — і свайму ўласнаму і сваіх унукаў.
28.8.
Вызначыць шлях да шырокіх абагульненняў.
Ганьса Грзалова: Шальда, самабытны і празарлівы крытык, пісаў, што ў пераломныя перыяды літаратурнага развіцця, у перыяды самавызначэння напрамкаў і стыляў, крытык набывае рашаючую ролю.
С. I. Бэлза: «Бялінскі аднойчы сказаў, што крытыка — навука, народжаная мастацтвам. На сучасным этане набывае права на жыццё і адваротная формула: крытыка — мастацтва, народжанае навукай».
Ноч распачыиае восеньскую дажджлівасць. (Пройдзе!) Сёння я не хачу паміраць. Не страх смерці, і не адказнасць за сям’ю — палохае (і патрабуе дзеяння) бяздоннасць неажыццёўленага. Сёння мне патрэбна яшчэ некалькі дзесяткаў год, каб стала вялікай крона.
Сёння я хачу яшчэ раз адолець хваробу, стомленасць, бяссілле, бясталеннасць.
Пімен Панчанка. «Прарастаю ў новы дзень»:
...Я аддам усё, што маю,
Буду голы, як Адам,
Толькі слёзы прыхав,аю,
Толькі гора не аддам.
Што яшчэ мяне сустрэне? —
Я пытаюся радзей.
...Зноў варушацца карэнні —
Прарастаю ў новы дзень.
Людзі — дрэвы... Пра гэта напісадь. артыкул, успомніўшы «Сасну і бярозу» Куляшова, міфалогію, кнігу Жака Трэвера «Дрэвы», многіх нашых паэтаў і гэта: «Мне кажется, деревьям, а не нам дано величье»... У паэ.тэе; «Мяне маці ў бары нарадзіла, як сасонку — тата — дасадзіла» (Бічэль), пасля Янішчыц і іншых.
19.11.
Без запісной проста не жылося — незваротна сплывалі дні, вятры, галоўнае ж — сонечныя ўзлёты душы.
У жніўні згубіў -запісную з двума аркушамі (пра духоўнасць і пра Вярцінскага), з накідамі іншага, з памяццю пра «Лісты з блакнота».
Рэдагаванне кнігі «Беларуская савецкая лірыка». Вымятанне ўсяго, што мела адзнакі майго слоўнага стылю.
Налісанне тэмы. 3 наскоку нічога не напішаш, але што паробіш. Збыць, каб вярнуцца ў лепшае.
Ліст з вершамі ад Папова, іярэя (цікава!).
21.10.
Пачаліся новыя набегі дажджу і цыклонаў. А да гэтага: увесь верасень халады і дажджы, з аўральнай уборкай, з выездамі акадэмічных груп. (Мы — Тычына, Кабаковіч, Савік, Чыгрын, Жук, як звычайна, у Дрычыне.) Потым два тыдні яснай, светлай, грыбной восені.
I вось — зноў пацямнела і паліло.
Смерць Гены (Генадзя Анатольевіча) Кажушкова. Таксама паслалі на ўборку. Ніхто пазней не згадзіўся падмяніць. Перакулілася машына, загінулі яшчэ шафёрІ маленькая дзяўчынка. Ен заўсёды быў сугучны ў нечым Ігару Хадановічу — безабаронная адкрытасць душы, прага жыццёвага, інтэнсіўнасць аддачы. Душэўная таленавітасць...
Лісты — Марыі Ігнатаўне Хадановіч, Жэні Янішчыц (ёй і Жуку прысуджаны прэміі Камсамола Беларусі).
Артыкул Міколы Мятліцкага «Пад нарачанскімі соснам!» («ЛіМ», 20.Х.78) — можна смела ўключаць у любую чытанку.
А. Кушнер. «Воспоминание о любви».
Нельзя оглядываться мне.
Не потому, что тень утрачу дорогую,
А потому, что, прячась в стороне,
Она приблизится — и снова затоскую (...)
Лётаюць — густа і рэдка — сняжынкі. На зямлю ім пакуль што не легчы, але восень ужо ў новай пары.
24.10.
Чаму так хочацца патрабаваць удзячнасці? Нават ад самых блізкіх (дзяцей, жонкі)? Колькі ж людзей жыве, не вымагаючы нічога.
I снілася мне ноччу талькаўская Кепціха (нават імя І па бацьку яе не ведаю, не помню) з трыма дзецьмі-сіротамі. I плакаў я ў сне, і стаяла перад вачыма яе гаротная хата. Трэба напісаць Колю Трызне і папрасіць, каб пра яе — ці жыве? — мне расказаў.
Ліст Марыі Якаўлеўне Ярашэвіч, сястры Еўдакіі Лось:
«Вось пішу, а ў душы адгукаецца адно, другое, трэцяе.
Е. Я. была чалавекам рэдкай інтэнсіўнасці жыцця. Адных гэта вабіла, другіх бянтэжыла ці нават адштурхоўвала. Але пасля трагічнага ліпеня імя яе стала зорным, адхінулася ўсё штодзённае і ў пранізлівым святле ўбачылася велічная постаць вялікай працаўніцы, жыццялюбкі, таленавітай паэтэсы, незвычайнага чалавека. Яна накінула аб сабе вялікую, светлую, балючую і доўгую памяць...
Дар душэўна істотнага і шчодрага слова».
З.11.
Сонца ў тумане, цеплыня, добрая восень для непаспешных спраў. Вярнуліся на зямлю пасля 140 сутак палёту касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Аляксандр Івачэнкаў.
...Па ўсіх, хто рана адышоў, — усё больш самотна. I Лена Грыневіч, і Ігар Хадановіч, і Іван Сяргееў, і Алесь Міклуш, і Сымон Блатун, і Сербантовіч, Нядзведскі, Кажушкоў, Адам Кляніцкі, Самусевіч... Яшчэ, яшчэ — трывожаць адтуль, з незваротнасці.