але гэтыя думкі раптам набывалі шырыню і істотнасць, бо недзе і ў іх жыла гэта восеньская святочнасць: гэты шорпат лісцяў, радасць і сум, надзеі на справу і безнадзейнасць, яднанне з людзьмі і светам і адасобленасць ад усяго.
Сёння ездзіў у Астрашыцкі Гарадок. Калі ўбачыце там, што соўгаецца па вуліцах нейкі дзівак у расхлістаным плашчы, узіраецца ў твары людзей, быццам яны ў нечым яму знаёмыя, разглядае гэтыя прыземістыя і старыя, аселыя ў зямлю хаты, задумліва глядзіць на раку, сажалку і возера, прастойвае без выразнага сэнсу на могілках... — то гэта я.
Дзіўнае жаданне ўсё абысці, абгледзець і прыпомніць. А ўсё паўстае з трыццацігадовай даўнасці не надта і змененым: цэнтр стаіць у той жа каардынатнай сетцы: шавецкая майстэрня, сельмаг, школа, сталярная, бальніца. Але няма, няма знаёмых: яны сустракаюцца толькі на могілках, на надпісах: Лявіцкі, Якунін, Кручонак, Мураўскі, Пашыкі, Абмёткі, Бацяноўскія, Аносік... яшчэ, яшчэ.
Дзесьці раскручваюцца новыя і новыя плёнкі знятага памяццю дзяцінства. Вось было два масты і млын, тут кралі мы ў завознікаў сена, цікавалі, каб адрэзаць конскі волас на вуды. Клуб — на рамонце, стаяць толькі сцены. Тут — цэлая процьма розных успамінаў. Між іншым — Я. пускаў мяне ў кіно бясплатна, але ж я з некім спрабаваў праскочыць так, і быў злоўлены. На возеры пад ледзь чутнай імжакай гойдаліся памалу лодкі з рыбакамі. Возера стала малым, як і ўсё іншае ад часу дзяцінства: усё-ўсё тужліва зменшылася, але яго было так яшчэ многа. Як заўсёды, я пагубляў думкі.
Магілу Веры Фамінічны ўсё засыпаюць новым ламаччам і смеццем, а што рабіць — не ведаю.
На брацкай магіле пакрысе сціраюцца надпісы, некаторыя ўжо не чытальныя. Забыццё працуе, працуе; старэюць сосны на могільніку, магілам цесна, вольнага месца ўжо няма, а скрозь ляжаць маладыя-маладыя...
23.10.
Дзіцячы час. Наплывы таго, што, можа, і самому не номніцца.
Мы з Гешкам забрыдаем у крапіву, плачам.
Астравок-купіна на сажалцы. Ен рухаецца. На ім — «аерыны і чароціны. Да яго — блізка, і ён — наш. Пахаванне ката. Збіранне шаймораў (пабіліся з-за іх, і я плакаў).
Лугавіна каля рэчкі, па дарозе на Селішча. Месца для мяне (пяць-шэсць гадоў) ужо далёкае, а таму звабнае і загадкавае. На схіле лета палім кастры, нехта накладае вуголле ў бляшанку і раскручвае — здорава! А печаная бульба. Як меншаму мне дастаецца нямала крыўд, але яны ўспрымаюцца як нешта аб’ектыўна дадзенае — я з гэтым расту, і не можа быць іначай.
Я мог бы распісаць характары: былі пераросткі... На горках — акопы, ямы. Туды сцягваем міны, снарады, і мне даводзіцца скідваць іх у агонь. Страшна, але не гэта галоўнае. Пасля кожнага выбуху найперш гляджу, ці жывая ўнізе мая Муська. Але каровы мірна сабе пасуцца, пасуцца...
Бясконца далёкая і бязмежна блізкая далеч. Мы жывём у Будзёнаве. 3 Юркам Зезюлінскім ірвём памідорную расаду з клумбы — горка. Пасля нас лупцуюць — баліць. Мы чулі, што памідоры ядуць, але ж не ведалі, што ядуць не расаду.
29. 10.
Учора снег, і на траве ён ужо крыху затрымаўся. Панурае неба, кватэрны холад.
Ходзіш каля старых хат, паглядваеш — усё іншае. Другія і неба, і вада, і дрэвы. Вось тут жылі Саі. Для майго дзіцячага ўспрыняцця нешта недружалюбнае, але я з імі знаўся. Аднойчы гоняцца за мной мае заклятыя ворагі — Жэнька Назарэнка і яго хеўра. За што яны мяне ганялі, не ведаю. I вось я шмыгаю да Саяў і зашчыкваю дзверы на кручок. Дома толькі дзеці, збольшага — мае равеснікі. Прашу, але няўпэўнена: не адчыняйце. Адчыняюць, а нават і са зларадствам. I вось мяне выводзяць з хаты — тут біць нельга, строгае дыпламатычнае правіла. Вядуць. Праз вузкія праходы каля бальнічных плоцікаў. I вось тут, выбраўшы момант, я штурхаю Жэньку, трашчаць штакеціны. Але нядоўгая радасць — мяне зноў схапілі, а тут яшчэ строгі выкрык: мяне ўгледзела Шатэрнік, урачыха. Непрыемнасць — скажа маёй маці. Выводзяць на вуліцу. Тут ужо іду сам. Нешта накшталт джэнтльменскага пагаднення: мяне не будуць трымаць, а я не павінен бегчы. Каб не ўмешваліся дарослыя. I тут новая непрыемнасць. Падыходзіць Наталля Васільеўна Нальгачова.
— Варлен, ты што робіш?
Тут я павінен спыніцца, і мае канваіры спыняюцца таксама, што паробіш.
— Ды вось гуляем.
— Дык ты, калі ласка, хуценька схадзі да мамы ў школу і перадай ёй, што я...
Тут ужо зусім складана. У школу яны мяне; ясна, не адпусцяць, выслізну я з іхніх рук. Адмовіць Наталлі Васільеўне я таксама не магу: не ў характары нашых адносін і майго выхавання. Але ж выхаду няма.
— Н. В., я не магу зараз.
— А ты што — заняты?
— Я гуляю...
I дзеля чаго? Дзеля таго, каб яны адвялі мяне зараз у які кут ды пабілі да плачу (а мне яшчэ ўсяго шэсцьсем гадоў)?
Аднойчы, мы тады пераехалі ўжо на гэты самы бок Гарадка, дзе жывуць Назарэнка і яго сябры, яны мяне зноў падпільнавалі. А пільнавалі так: я хадзіў гуляць да сваіх ранейшых сяброў, а вяртацца мог праз адзін з трох мастоў. I выпільнавалі мяне, прычым не без подласці. Нехта з іхніх жа гаворыць: ідзём каля Данэйкаў, там ніхто цябе не зловіць. I вусцішна, і нехаць, але і выхаду няма, і хочацца верыць. I толькі я зайшоў у ваду (там можна было пераходзіць раку), як ужо і ў іхніх руках. Зноў вядуць, і чамусьці не б’юць. Мне ўжо гадоў з дзевяць (ну, восем). Праходзім каля дома Зезюлінскіх. Я — шусь у хату. Пра нешта са мной гавораць. А выйсці мне нельга.
Я цягну, цягну, пакуль Юркаў айчым не гаворыць мне:
— Табе дамоў пара.
А я муляюся.
«/
— Можа, ты баішся?
Зноў жа не. 1ду як на пакаранне. Але на вуліцы ніхто не чакае. Імчу да хаты. Збавенне.
25.11.
У адносна цёплы і не дажджлівы (нават пробліскі сонца) дзень — Прылукі. Хваляванне і стомлена-абыякавы стан перамяшаліся. Тое, што было незвычайным, штодзённым, стала нязвыклым, да няёмкасці. Чаго тыў гэтым аўтобусе, дзе ведаюць, што ты ужо не звязаны з ім, але і пазнаюць яшчэ адзін аднаго.
I вось як сон (усё знаёмае і пязвыклае): прылуцкая асфальтаванка, контуры саду, як востраў замшэлай пракавеччыны — прылуцкі Шанхай. Усюды — змены, якія значна паціснулі і архаізавалі маё мінулае. У былым будынку школы (колішняя карчма, а ў мае гады — цэнтр жыцця) — суммы спакой, бітыя вокны, пахілы (як збуцвелы крыж) калідор прыстройкі. А новая школа перайшла за горку, пад Атоліна. Старыя вербалозы — былі жэрдачкамі. Дарогу і мост перасунулі, дагніваюць старыя сваі — каля іх неяк брудна, неглыбока, пуста. А якое было зачараванне глядзець на рэчку, мост і берагі дваццаць сем гадоў назад. Танцы на мосце — не верыцца, але было. Шуравалі яльцы, верхаводкі, плоткі, каля рэчкі былі нейкія важныя асяродкі жыцця, прыгажосці, духоўнасці. Мутная, брудная вада змыла ўсё сонечнае, вабнае. Яго спакваля размывала яшчэ ў мой час — будаваўся РЦ, потым — вопытная станцыя, большала людзей; абсягі шырэлі, але гублялася маналітнасць, адчужэнне расло...
Машыны, легкавушкі. Дарога каля пашэрхлай (не замерзла, але і згусцела, зальдзілася) і сумнай старыцы. Скрозь нейкія агароджы, скрозь відавочныя перамогі прагрэсу (раней — жаданыя, важныя). Упіраюся ў драўляную агароджу-сцяну: раптам не стала дарогі — і ўсё. А да могілак пхнуўся па нейкім тунелі, прарытым у Барысёнкавай гары. Панавіслі карані падкапаных дрэў. Ах, якія ж чарадзейныя былі горкі. Дзесьці тут засталіся і такія кавалкі дзяцінства, што стогнеш. Паваляны, выкарчаваны сад, які мы садзілі з Шуркам -Бабуркам. Сумна гляджу на наваколле. Усё былое пракручваецца, чую шум, галасы, бачу блёсткі ўсяго даўняга-нядаўняга, што тут было. Паныла-адзінока. Многая захоплена новым часам, беззваротна адваявана ў нас.
Імчуся — ну, не бягом ;— а вокам да дзедавага помніка. Вунь ён — каменнае, абсечанае дрэва. Скрозь абступілі іншыя магілы. Ну, дзень добры, дзед. Знімаю шапку. Дзень добры, Павел Максімавіч. Яшчэ раз сустрэліся. Можа б, не так усё чулася востра, калі б ведаў, што і сам лягу на гэтых могілках. Прыходзілі б людзі, нехта мяне ўспамінаў бы, і я быў бы тут свой...
Тут іду, і розныя часы, і велізарны аб’ём жыцця адбіваецца ў драматычнай завершанасці і незваротнасці. Лена Красоўская, Міра Гробар, Соф’я Фролаўна Саковіч, Кашканы, брат Івана Сабалеўскага, бацькі Яні Сушчынскай. Новыя, аглушальна раптоўныя магілы: Ганчарык, Жудро, побач — Тарноўскі, Рудовіч.
I шкадуеш усіх іх больш, як сябе, і мутнеюць вочы, і напружаны пачуцці, і вяртаецца столькі ўспамінаў. Хто тут помніць цяпер маю аднакласніцу Лену Грыневіч? А гэту Міру з Атоліна (апрача сваіх)? Мельнічонкі, а сярод іх Коля... Чаму? Што за драмы? У каго спытаць?
Могілкі ўшчыльнілі часы і ўзросты. Ляжаць маладзёны побач са старымі — равеснікі не па нараджэнні, а па смерці. Яны ўжо не старэюць, але і застаюцца нашымі равеснікамі. I дзесяцігадовы Сярожа Нальгачоў рос і сталеў са мною, я адчуваю яго сённяшнім сваім равеснікам.
I вось у альховых жэрдках кавалак выкатанай з дзёрну зямлі. Калі я плакаў апошні раз, у якім дзяцінстве? Не помню. Каб плакаў — было б лягчэй. Плачу, плачу, гладжу гэтыя шэрыя жэрдкі. Дарагі таварыш Шурка Бабурка — тут ты, побач, і ў бясконцай далечы. Плачу ўсё-такі, але не лягчэе. Тут не раз бачыў яго каля магілы бацькі, і вось ужо лёг. За дзвесде метраў ад нашай школы, за некалькі метраў ад урокаў фізкультуры (школьная горка, лыжня), непадалёк ад многіх сцежак, дарог, на якіх вадзіла школьная пара...